Выстава фатаграфій «Тры страфы з лета»

14.03.2017 08:00 - 17:00 Прастора "Кніжная шафа" (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка) Уваход вольны

Кніжна-выставачная прастора «Кніжная Шафа» прапануе абагнаць час і атрымаць асалоду ад атмасферы цяпла на выставе фотаздымкаў Міхаіла Лешчанка «Тры страфы з лета». Экспазіцыю мінчане могуць убачыць з 22 сакавіка па 20 красавіка па адрасе праспект Дзяржынскага, 9.

Лейтматыў выставы — лета: яго атмасфера, асаблівая гісторыя, напісаная ў гэты перыяд цяпла і максімальнага росквіту ўсяго навокал. «Тры страфы з лета» — гэта своеасаблівы метафарычны глыток дзьмухаўцовага віна, які звязвае гэтую серыю хутчэй з літаратурай, чым з сучаснай канцэптуальнай фатаграфіяй.

Сюжэты і вобразы работ таленавіты беларускі фатограф Міхаіл Лешчанка знайшоў у падарожжах па Беларусі і паўднёвай Еўропе. «Аднак канкрэтныя месцы дзеяння не асабліва важныя, — распавядае Міхаіл. — Лета — гэта з’ява, калі ў любым месцы можа быць добра і цікава. Для гэтага трэба толькі часцей паддавацца інтуіцыі, здзяйсняць уцёкі са звыклага асяроддзя і сустракацца з рознымі людзьмі».

Працы знятыя фатографам на чорна-белую плёнку і надрукаваныя традыцыйным ручным спосабам у тэхніцы жэлаціна-срэбнага друку.

«Лета напоўнена гукамі, святлом і мімалётнымі ўражаннямі. І трэба быць часткова паэтам, каб нічога не ўпусціць. Пачуць усплёск вялікай рыбы, якая падыходзіць ноччу блізка да берага возера, або шум гранатаў, якія трэскаюцца ад спёкі на вуліцы паўднёвага горада. Разгледзець тонкае вячэрняе святло, якое пранікае паўсюль і, здаецца, ніколі не знікне. І здолець спыніцца, калі дзень дорыць табе яшчэ адзін чароўны момант. А потым добра б захаваць усё гэта да наступнага лета. Да наступнага маленькага жыцця пасярод вялікага», — разважае аўтар.

Адкрыццё выставы адбудзецца 22 сакавіка ў 19.00, уваход вольны.

Час працы выставы: пн.-пт. 12.00 19.00, сб. 12.00 18.00, нядз. выхадны.

Міхаіл Лешчанка. Мінск. Некаторыя выставы:

2005 — удзел у міжнародных фотавыставах «Berlin-Minsk: alternative ansichten». «KvU», Берлін, Германія, «Падземка». Мінск;

2008 — удзел у 2nd International Fashion Photo Exhibition, Вільнюс, Літва;

2010 — «Поўдзень». Калінінградская мастацкая галерэя, Калінінград, Расія;

2011 — «Поўдзень», Fotoloft Gallery, Масква. Расія;

2013 — Удзел у праекце BY NOW, International Festival of Photography, Лодзь, Польшча; Кастрычнік 2013 — BY NOW, “ЦЭХ”, Мінск, Беларусь;

2014 — BY NOW Project, IFA gallery, Берлін, Германія;

2015 — Удзел у выставе “Un Homme; chapitre III”, Galerie Hors-Champs, Парыж, Францыя.

Чакаем вас па адрасе: праспект Дзяржынскага, 9, «Кніжная Шафа» (уваход са двара).

Тэлефон: +375 17 234-48-64, + 375 29 645-20-55

e-mail: shafaminsk@gmail.com

Кантактная асоба: Анастасія Дудкова, +375 29 637-09-53.


Вам можа быць цікава

Выстава «Сэрца старога горада» ў Віцебску

18.06.2025 16:00 - 07.07.2025 18:00 Ратуша (вул. Леніна, 36)

Выстава «Народны касцюм. Мінская вобласць» у Мінску

02.07.2025 17:30 - 07.09.2025 20:00 мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4)

Купалле ў Швейцарыі

05.07.2025 (16:00 - 22:00) возера Türlersee (Швейцарыя)

Свята «З народзінамі, Марк!» у Віцебску

07.07.2025 (17:00 - 19:00) дом-музей Марка Шагала (вул. Пакроўская, 11)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ