Беларускія гістарычныя мясціны, якія трапілі ў кіно

07.08.2026 Кіно

Старажытныя замкі, палацы і сядзібы Беларусі не раз ператвараліся ў натуральныя дэкарацыі для гістарычных драмаў, дэтэктываў і нават містычных трылераў.

Успомнім некалькі знакавых беларускіх лакацый, якія атрымалі другое жыццё на экране.

Жалудоцкі палац і «Масакра»

Містычны фільм Андрэя Кудзіненкі «Масакра» стаў адной з самых арыгінальных беларускіх кінастужак пачатку XXI стагоддзя.

02-afiša.jpg
Афіша фільма

Дзеянне адбываецца ў пасляпаўстанцкай Беларусі XIX стагоддзя. Фільм пераносіць гледача ў 60-я гады XIX стагоддзя на Беларусі (у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі), дзе жорстка задушана нацыянальнае паўстанне. Усталёўваецца атмасфера страху і смутку, радавыя маёнткі пераходзяць да новых уладальнікаў.

Мастак і авантурыст з Санкт-Пецярбурга Мікалай Казанцаў з мэтай зарабіць грошай на адукацыю ў Італіі прыязджае пад выглядам навукоўца ў таемны маёнтак старажытнага графскага роду Пазуркевічаў каталагізаваць рэдкую бібліятэку. Граф Уладзімір рыхтуецца да шлюбу. У маёнтку збіраюцца госці, прычым у кожнага ёсць свае прэтэнзіі да гаспадара. Пры гэтым Ганна, нявеста графа Уладзіміра Пазуркевіча, апынаецца каханкай Казанцава.

Галоўнай лакацыяй для здымак стаў палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх у мястэчку Жалудок на Шчучыншчыне. Большасць сцэн здымалася менавіта там.

04-palac.jpgПалац у Жалудку, дзе здымалі “Масакру”. Фота з Вікіпедыі

Палац быў збудаваны ў 1908 годзе паводле праекта архітэктара Уладзіслава Марконі і нагадвае французскія рэзідэнцыі эпохі Барока. У кадры ён выглядае як ідэальнае месца для гісторыі пра шляхецкія таямніцы, праклёны і ваўкалакаў.

05-palac.JPGПалац у Жалудку, дзе здымалі “Масакру”. Фота: be.wikipedia.org

Палац — помнік архітэктуры неабарока. У цэнтры будынка размяшчаецца парадная заля, вестыбюль з сходамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні. Арыгінальнае вырашэнне мела водазабеспячэнне палаца. Вада да яго паступала з крыніцаў у вёсцы Кукіняў (прыкладна за 2 км ад палаца) самацёкам. Вада дадаткова фільтравалася і падавалася ў рэзервуар на трэцім паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Паводле аповедаў старажылаў, сістэма падачы вады была настолькі эканамічнай, што для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было двух балонаў са сціснутым паветрам.

Сёння гэты палац — адзін з самых кінематаграфічных помнікаў Беларусі, хоць многія гледачы дагэтуль не ведаюць яго сапраўднай назвы.

Нясвіжскі палац і паляванне на скарбы Радзівілаў

Адна з найвядомейшых беларускіх рэзідэнцый — Нясвіжскі палац — неаднаразова з’яўлялася ў кіно. Менавіта тут адбываецца дзеянне фільма Сяргея Талыбава «Сляды апосталаў», сюжэт якога будуецца вакол легенды пра дванаццаць залатых статуй апосталаў, нібыта схаваных Радзівіламі ў падзямеллях палаца.

08-afiša.jpg

Афіша фільма “Сьляды апосталаў”

Паводле сюжэту, студэнтка факультэта права Аляўціна адпраўляецца на летнюю практыку да бабулі ў Нясвіж. Па дарозе дзяўчына знаёміцца з дзіўным мужчынам Рыгорам, які расказвае ёй легенду пра скарбы Радзівілаў — дванаццаць залатых статуй святых апосталаў, схаваных у сутарэннях Нясвіжскага замка... Берлін перыяду Трэцяга райху, Нясвіж 1942 года і сучаснасць служаць гістарычным фонам, на якім разгортваюцца падзеі пошуку сямейнай рэліквіі роду Радзівілаў — залатых статуй дванаццаці святых апосталаў.


Нясвіжскі замак

Нясвіжскі замак, закладзены ў XVI стагоддзі як рэзідэнцыя Радзівілаў, сёння ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і застаецца адным з самых пазнавальных сімвалаў беларускай гісторыі. Палац быў закладзены князем Мікалаем Кшыштафам Радзівілам Сіроткам у 1583 г. на паўднёвым захадзе ад Нясвіжа, на месцы драўлянага замка. На пачатку ў будаўніцтве ўдзельнічаў вядомы італьянскі архітэктар Дж. Бернардоні. Нясвіжскі палац ёсць родапачынальнікам новага тыпу бастыённых умацаванняў у Беларусі — так званай новаітальянскай сістэмы. На момант пабудовы замак лічыўся адным з наймагутнейшых збудаванняў падобнага кшталту. Замак меў важнае ваеннае значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў, быў месцам сканцэнтравання аддзелаў прыватнага войска Радзівілаў.

Вонкава палац выглядаў заўсёды вельмі рамантычна: манументальнае збудаванне з гарманічнымі вежамі рознай велічыні, узнятае над вадой, патанае ў зеляніне дрэў.


Нясвіжскі замак

Сярэднявечны феадальны замак пасля некалькіх перабудоў ператварыўся ў палацава-замкавы ансамбль з вялікім адкрытым дваром, акружаным манументальнымі будынкамі. У ім пераплялося мноства розных стыляў, што сведчыць аб выкарыстанні мастацкіх дасягненняў розных гістарычных эпох. Убраны ладнымі вежамі і вежкамі, комплекс набыў рамантычную прывабнасць, а вада ў сажалках і яркая зеляніна парку завяршылі фармаванне палацава-паркавага комплексу — аднаго з найлепшых ва Усходняй Еўропе.

Мірскі замак: Пан Тадэвуш і нямецкая фартэцыя

Часам беларускія помнікі выконваюць на экране зусім нечаканыя ролі. Так адбылося з Мірскім замкам, які ў ваенным фільме «Снайпер: зброя адплаты» «сыграў» нямецкі замак. Ягоныя муры і вежы дапамаглі стварыць патрэбную еўрапейскую атмасферу часоў Другой сусветнай вайны.

snaipier-afisza.jpg
Афіша фільма «Снайпер: зброя адплаты» 

Здымкі фільма праходзілі летам 2008 года: Сталінград быў узноўлены пад Мінскам, а ролю нямецкага замка выканаў Мірскі замак.

Сюжэт пераносіць нас у Сталінград 1942 года. З боку савецкіх войскаў дзейнічае група з дзевяці снайпераў на чале з камандзірам — старшым лейтэнантам Яшыным. З боку немцаў ім таксама супрацьстаіць снайпер — капітан Карл Кляйст.

snaipier.jpgКадр з фільма «Снайпер: зброя адплаты» 

Пасля заканчэння вайны Яшын становіцца камендантам невялікага нямецкага мястэчка, якое знаходзіцца побач з сярэднявечным замкам, ролю якога і грае Мірскі замак. У замку выяўляюцца таемныя нямецкія рысункі ракет «Фаў-2». У пошуках ракетнай зброі Нямеччыны ў мястэчка прыязджае інжынер Міхайлоўскі. Аднак у замку знаходзіцца група з дзесяці нямецкіх снайпераў пад кіраўніцтвам Карла Кляйста, якія павінны падрыхтаваць ракету да запуску, а замак замініраваць і падарваць.

Яшын выклікае траіх салдатаў са сваёй снайперскай групы, і разам яны штурмуюць замак. У ходзе сутычкі гінуць усе ўдзельнікі каманд Яшына і Кляйста. Яшын і Кляйст ладзяць імправізаваную дуэль, у якой перамагае Яшын.

Стужка, прысвечаная Другой сусветнай вайне, здымалася ўжо фактычна ў наш час, але кінематаграфічная гісторыя Мірскага замка пачалася яшчэ ў 1928 годзе. Менавіта тады ён упершыню стаў месцам здымак мастацкага фільма — нямой экранізацыі паэмы «Пан Тадэвуш», якую паставіў рэжысёр Рычард Ардынскі.

17-vokladka.jpgВокладка DVD-дыска «Пан Тадэвуш» польскай Нацыянальнай фільматэкі. Фота: empik.com

На той час замак яшчэ не быў адноўлены і заставаўся ў даволі занядбаным стане, хоць рэстаўрацыйныя работы, распачатыя ў 1922 годзе, ужо вяліся. Такая атмасфера нават дадала аўтэнтычнасці гістарычнай стужцы. На жаль, поўная трохгадзінная версія фільма не дайшла да нашых дзён. Падчас Другой сусветнай вайны копіі кінастужкі былі вывезены, а значная частка матэрыялаў была страчана. Толькі ў пачатку XXI стагоддзя даследнікам удалося адшукаць і аднавіць асобныя эпізоды гэтай знакавай карціны, дзякуючы чаму сёння можна ўбачыць хаця б частку аднаго з першых фільмаў, у якіх ёсць Мірскі замак.

18-frahment.jpg
Кадр з фільма «Пан Тадэвуш». Фота: culture.pl

Але і без кінематаграфіі Мірскі замак ёсць адным з найвядомейшых турыстычных аб’ектаў у Беларусі. Пабудаваны на мяжы XV і XVI стагоддзяў, ён мае ўніверсальную архітэктуру: можа выглядаць і як сярэднявечная рэзідэнцыя Вялікага Княства Літоўскага, і як замак дзе-небудзь у Цэнтральнай Еўропе.

19-mir.jpg
 Мірскі замак. Фота: poshyk.info

Пабудаваны магнатам Юрыем Ільінічам, замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 года ён належаў князям Радзівілам, у XIX стагоддзі — Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.

Мірскі замак быў першакласным абарончым збудаваннем свайго часу, дзе былі прымененыя амаль усе вядомыя элементы сярэднявечнай фартыфікацыі і мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства.

Цягам свайго існавання комплекс зведаў не адно аднаўленне і перабудову, аднак гэтыя працэсы не ўнеслі значных змен у ягоныя аб’ёмна-планавую і кампазіцыйную сістэмы. Мірскі замак захаваў першапачатковыя стылістычныя элементы часоў готыкі і Рэнесансу, набыўшы пры гэтым новыя напластаванні, характэрныя стылістыцы барока і рамантызму. Усе элементы замка складаюць суцэльную архітэктурную кампазіцыю, што стварае завершаны вобраз збудавання, якое не мела сабе падобных на землях Балтыі, Польшчы і Расіі.

Брэсцкая крэпасць як кінапляцоўка

Першым мастацкім фільмам, чыёй здымачнай групе дазволілі працаваць у сценах Брэсцкай фартэцыі, была стужка «Брэсцкая крэпасць» (2010) рэжысёра Аляксандра Кота. Праца над ёй заняла амаль два гады, а асноўная частка здымак прайшла непасрэдна на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса.

22-bierascie_film.jpgКадр з фільма «Брэсцкая крэпасць». Фота: pikabu.ru

Адмыслова для карціны былі ўзведзены копіі будынкаў, якія існавалі тут да вайны, а таксама дакладна ўзноўленая Холмская брама — адзін з найбольш пазнавальных сімвалаў цытадэлі.

23-brama_film.jpg
Адноўленая для фільма Холмская брама. Фота: pikabu.ru

Стваральнікі імкнуліся максімальна дакладна перадаць падзеі чэрвеня 1941 года, сцэнар прайшоў кансультацыі з супрацоўнікамі мемарыялу і ветэранскімі арганізацыямі.

Падчас падрыхтоўкі пляцовак для здымак адбыліся і нечаканыя знаходкі. Падчас земляных работ былі выяўлены пахаванні савецкіх ваяроў, якіх пазней перапахавалі на мемарыяльных могілках.

Сёння ў музеі мемарыяльнага комплексу можна ўбачыць асобную экспазіцыю, прысвечаную гісторыі стварэння фільма.

А сама Брэсцкая крэпасць — адна з найбуйнейшых фартыфікацыйных сістэм Усходняй Еўропы XIX стагоддзя, пабудаваная Расійскай імперыяй у 1833–1842 гадах на месцы старажытнага Берасця. Для яе ўзвядзення быў знесены стары горад, а жыхароў перасялілі на новае месца.

25-brama.JPGХолмcкая брама фартэцыі ў наш час. Фота: wikipedia.org

Комплекс узведзены на выспах, утвораных рэкамі Заходні Буг і Мухавец. Яго ядром была Цытадэль, акружаная трыма галоўнымі ўмацаваннямі — Кобрынскім, Тэрэспальскім і Валынскім. Пазней вакол фартэцыі стварылі кальцо фартоў, дзякуючы чаму агульная працягласць абарончай лініі дасягнула каля 30 кіламетраў.

Падчас Першай сусветнай вайны расійскія войскі пакінулі фартэцыю ў 1915 годзе. Пасля вайны яна перайшла пад кантроль Польшчы, а ў 1939 годзе — Савецкага Саюза.

Найбольш вядомай старонкай гісторыі Брэсцкай фартэцыі стала яе абарона пасля нямецкага нападу на СССР 22 чэрвеня 1941 года.

У 1965 годзе фартэцыі было прысвоена званне «Крэпасць-герой», а ў 1971 годзе адкрыўся мемарыяльны комплекс, які дзейнічае і сёння. На ягонай тэрыторыі захаваліся руіны кашараў, некалькі гістарычных брамаў, манументальныя помнікі і Музей абароны Брэсцкай крэпасці.

Варта памятаць, што гісторыя Брэсцкай фартэцыі не абмяжоўваецца падзеямі 1941 года. Яна ёсць каштоўным помнікам ваенна-інжынернага мастацтва XIX стагоддзя і важным сведчаннем таго, як змяняліся еўрапейскія фартыфікацыі на працягу амаль ста гадоў.

Палац Чапскіх як рэзідэнцыя Вільгельма Кубэ

Не толькі ўладанні Радзівілаў здымаліся ў кіно. Адным з беларускіх палацаў, які трапіў на вялікі экран, стаў палац Чапскіх у Прылуках пад Мінскам. Ён паслужыў дэкарацыяй для фільма «Паляванне на гаўляйтара», знятага сумесна кінастудыяй «Беларусьфільм» і кампаніяй «Star Media».

27-palavannie.jpg
 Кадр з фільма «Паляванне на гаўляйтара»

Стужка прысвечана адной з галоўных таямніц Другой сусветнай у Беларусі — ліквідацыі генеральнага камісара Генеральнай акругі Беларусь Вільгельма Кубэ. Хоць аўтары дапусцілі нямала мастацкіх адступленняў, змянілі імёны часткі герояў і дадалі выдуманыя сюжэтныя лініі, у адным яны імкнуліся быць максімальна дакладнымі — у выбары месцаў для здымак.

Падчас нямецкай акупацыі Кубэ сапраўды выкарыстоўваў палац Чапскіх як сваю рэзідэнцыю. Таму кадры, знятыя ў Прылуках, фактычна ўзнаўляюць праўдзівае гістарычнае месца, дзе адбываліся падзеі ваеннага часу.

Фільм «Паляванне на гаўляйтара» расказвае пра дзейнасць савецкіх падпольшчыкаў у акупаваным Мінску, якія рыхтуюць складаную аперацыю па ліквідацыі генеральнага камісара Вільгельма Кубэ. Па выніку Кубэ быў падарваны мінай у сваёй мінскай рэзідэнцыі, закладзенай Аленай Мазанік, якая працавала ў яго пакаёўкай.

Палац Чапскіх у Прылуках — адзін з найцікавейшых сядзібна-паркавых ансамбляў Беларусі, размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад Мінска. Ягоная гісторыя ахоплівае некалькі стагоддзяў, а сучасны выгляд сфармаваўся ў XIX стагоддзі.

29-pryluki.JPG Палац Чапскіх у наш час. Фота: vedaj.by

Будынак спалучае рысы неаготыкі і класіцызму: кампактны двухпавярховы аб’ём, чатыры кутнія вежы з зубчастымі завяршэннямі, эркер з боку парку і дэкаратыўныя элементы, якія надаюць яму выгляд сярэднявечнага замка. Вакол палаца быў закладзены пейзажны парк з алеямі, сажалкамі і гаспадарчымі пабудовамі.

32-park.jpgВыгляд на парк праз браму. Фота: wikipedia.org

Гісторыя маёнтка пачынаецца яшчэ ў XVII стагоддзі, калі на гэтым месцы існаваў праваслаўны мужчынскі манастыр. Пазней Прылукамі валодалі Агінскія, Іваноўскія, Оштарпы і Горваты. Менавіта Антон Горват у першай палове XIX стагоддзя ўзвёў мураваны палац, які пасля быў перабудаваны. У 1872 годзе маёнтак набыў граф Эмерык Чапскі, пры ім сядзіба стала адной з найвядомейшых у ваколіцах Мінска.

Сёння ў будынку размяшчаецца навуковая ўстанова — Інстытут аховы раслін, таму інтэр’еры закрытыя для свабоднага наведвання. Аднак палац і парк можна агледзець звонку і палюбавацца аднымі з найбольш добра захаваных узораў сядзібнай архітэктуры Міншчыны.

Ю. К., Budzma.org