У чацвер, 21 жніўня, у Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава Марыі Гвардзейцавай «Bitter Herbs» («Горкія зёлкі»).
Праект прысвечаны тэмам страты, памяці, прымірэння і дыялогу паміж чалавечым і прыродным.
Ён даследуе складанасць працы з памяццю пра Халакост у Беларусі і краінах Балтыі — тэрыторыях, дзе знаходзілася «мяжа аселасці» і дзе падчас Другой сусветнай вайны былі знішчаны сотні тысяч яўрэяў.
Асновай даследавання стала праца з «атласам» дзікіх зёлак, сабраных на дванаццаці буйных месцах пахаванняў у Беларусі, Латвіі і Літве. Гэтыя расліны, узятыя з зямлі, якая стала сведкай трагедыі, сімвалізуюць асабістыя і калектыўныя спосабы запамінання.
Атлас ператвараецца ў мастацкія творы, што аб’ядноўваюць дакументальнасць і метафарычнасць.
Экспазіцыя ўключае відэаінсталяцыю знятую дронамі, 8 шаўкаграфічных панэляў, калажы і фатаграфіі.
Працуе выстава да 6 верасня.
Уваход вольны.