Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы навучальны год. Запрашаюць беларускіх дзетак з усіх краінаў свету

Самая вялікая і ўнікальная беларуская адукацыйная пляцоўка — Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) — прапануе навучанне дзецям з любой краіны свету і запрашае далучыцца да анлайн і афлайн заняткаў у новым навучальным годзе 2025 — 2026 г. У школе арганізуюцца дадатковыя заняткі да адукацыі краіны пражывання па беларускім кампаненце прадметаў: мова і літаратура, гісторыя, мастацтва Беларусі і інш.

Bielaruskaja škola ŭ Varšavie
Фота: belshkola.org

БШВ пачала сваю дзейнасць з верасня 2022 года як афлайн- і анлайн адукацыйная прастора. Яе вучнямі становяцца дзеці, якія атрымліваюць веды па асноўных прадметах ва ўстановах краіны пражывання, а па прадметах беларускага кампанента (роднай мове і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі і інш.), якіх няма ў праграмах замежных школ, на занятках у БШВ. А гэта азначае, што тут вучні не маюць праграмнага адставання з аднагодкамі на радзіме. Па прапанове бацькоў дзяцей можна таксама вывучаць матэматыкі, біялогіі, геаграфіі, ангельскай мове і інш. 

На афлайн-занятках (у суботу да 5 гадзін на тыдзень), а яны праводзяцца ў Беластоцкай, Варшаўскай, Гданьскай і Кракаўскай філіях, можна наведваць мастацкія гурткі, навучацца беларускім танцам і гульням, ладзіць батлейкавыя спектаклі, удзельнічаць у народных святах. Для працы з дзецьмі мэрыі гарадоў прадстаўляюць бязвыплатныя школьныя памяшканні. Выпускаецца школьны часопіс «Буслянка».

Анлайн-заняткі ў 1-10 класах праводзяцца два разы на тыдзень. Расклад у паралельных класах прадугледжвае наяўнасць варыянтаў выбару згодна з часавым поясам пражывання навучэнца. Кожны клас мае свой чат, прыдатны не толькі для дадатковай сувязі з вучнямі, але і бацькамі.

За тры гады існавання школы ў ёй навучаліся дзеці з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Албаніі, Англіі, Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, Германіі, Грузіі, ЗША, Інданезіі (востраў Балі), Ірана, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Малдовы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Японіі.

Каб вучыцца ў школе, трэба запоўніць кароткую анкету