16 верасня 2021 года ў 18.00 у галерэі «Палац мастацтва», Зале #2 у рамках фестывалю мастацтва «Art-Minsk-2021» адкрыецца выстава Фатаграфii «ТыЯ» Марыны Бацюковай, прымеркаваная да 60-годдзя мастачкі.
Тое, як мы глядзім на фотаздымак, пачуцці, якія пры гэтым узнікаюць — гэта, у сваю чаргу, нашае ўласнае адлюстраванне. Фатаграфія, як люстэрка і люстэрка, як фатаграфія — галоўны сэнс выставы «ТыЯ».
Выстава «ТыЯ» Марыны Бацюковай будзе адкрыта ў Палацы мастацтва з 16 па 29 верасня.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак — выхадны дзень.
З уласцівай далікатнасцю і цікаўнасцю да чалавека, яго ўнутранага свету, Марына Бацюкова стварае партрэты сучаснікаў на працягу ўсёй творчасці. Кожная серыя — гэта максімальна скацэнтраваны позірк, спасціжэнне праз уласнае запавольванне і настройванне на эмацыйную хвалю чалавека побач, які пражывае свае пачуцці. У кожным партрэце мы бачым не толькі асобу, але і фатографа.
Юбілейная экспазіцыя аб’яднала тры серыі партрэтаў: «Сам-насам» 2010, «Рэха цішыні. Хочаш нас пачуць — глядзі» 2010, «Рызомы» 2018.
Серыя «Сам-насам» пераносіць у галерэю сакральную прастору храма. Партрэты, зробленыя падчас богаслужэння, перадаюць духоўны свет прыхаджан, іх настрой і даюць магчымасць гледачу не толькі назіраць за вобразамі, але і прыслухацца да ўласнай душы.
«Рэха цішыні. Хочаш нас пачуць — глядзі» — праект пра радасць, неабсяжнасць творчасці і абмежаванасць вонкавага асяроддзя дзяцей з парушэннямі слыху. Як нам пачуць іх унутраны маўклівы дыялог са светам і самім стаць пачутымі імі?
Праект-даследаванне «Рызомы», які грунтуецца на азначэнні ідэнтычнасці і ўяўленні беларусаў пра саміх сябе, самы маштабны і аддалены па часе ад папярэдніх. Для аўтаркі ўжо недастаткова аднаго толькі партрэта, яна ўступае ў адкрытую дыскусію са сваімі героямі і гледачамі.
Марына Бацюкова
— фатограф, куратарка, намесніца старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў.Сябра Беларускага саюза мастакоў.
Нарадзілася, жыве і працуе ў г. Мінску.
Кар’еру фатографа пачала ў Творчых майстэрнях Беларускай акадэміі мастацтваў. Вучылася ў Маскоўскай школе фатаграфіі і мультымедыя імя А. Родчанкі.
Спецыялізуецца ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы фотадаследаванняў — штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, узаемаадносіны чалавека з наваколлем, сацыяльныя ролі і паводзіны ў грамадстве.
Фатаграфіі экспанаваліся на персанальных і калектыўных выставах у Беларусі, Славакіі, Германіі, Літве, Эстоніі, Украіне, Азербайджане, Расіі, Грузіі, Арменіі.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49^; 375 (29) 264 68 48 (МТС).