У сераду, 24 верасня, у Варшаве ў межах фэста Fringe адкрываецца выстава беларускіх і польскіх мастакоў «Un-packing: Лакуны памяці».
Выстава «Un-packing: Лакуны памяці» — гэта візуальна-канцэптуальны працяг спектакля Катажыны Кальват, прысвечаны складанай ідэнтычнасці Падляшша. Рэгіён памежжа, адзначаны этнічнымі і рэлігійнымі напружаннямі, гістарычнай амнезіяй і незагоенымі ранамі, становіцца прасторай мастацкага даследавання і дыялогу.
Экспазіцыя пераносіць гледача паміж мінулым і сучаснасцю: гісторыі пасляваеннага гвалту супраць беларускага насельніцтва сустракаюцца з разважаннямі пра сучасныя міграцыйныя крызісы, палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і калектыўны досвед выгнання.
Мастакі з Польшчы і Беларусі «распакоўваюць» траўмы, перасяленні, уразлівасць — як асабістую, так і калектыўную.
Праект крытыкуе сістэмнае маўчанне, якое стварае «шэрыя зоны» памяці, і прапануе мову сучаснага мастацтва як інструмент для пераасэнсавання мінулага і яго ўплыву на сённяшні дзень.
Удзел бяруць Аляксандр Адамаў, Рафал Буйновскі, Аляксандра Чарняўская, Уладзімір Грамовіч, Таша Кацуба, Аляксей Лунёў, Кірыл Машэка, Марта Ойжыньска, Леся Пчолка, Агнешка Польска, Сяргей Шабохін, Яна Шостак, Янек Сімон, Антаніна Слабодчыкава.
Куратарка — Вольга Мжэльская.
Працуе выстава да 26 кастрычніка.