Дзесяць беларускіх мастакоў, якіх павінен ведаць кожны

Беларускае мастацтва надзвычай шматграннае! У ім спалучаецца і неверагодная любоў да радзімы, дзякуючы якой мы можам пабачыць цудоўныя беларускія краявіды і культавыя месцы розных часоў, вынаходніцтвы і эксперыменты, дзякуючы якім наша краіна вядомая ва ўсім свеце... Такіх прыкладаў безліч.


«Народная Воля» прапаноўвае пераказ лекцыі мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, які выбраў дзесяць славутых мастакоў, якіх павінен ведаць кожны беларус.


Іван Хруцкі

236.jpg

Іван Хруцкі вядомы перадусім як аўтар нацюрмортаў, якія зрабіліся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. Між тым пэндзлю Хруцкага належаць некалькі партрэтаў, без якіх цяжка ўявіць працы ХІХ стагоддзя па гісторыі нашага краю. Творчасць жывапісца Хруцкага цяпер добра вядома ледзь не кожнаму беларусу, бо ягоныя выбітныя нацюрморты ўпрыгожваюць нават нашы грашовыя знакі. Але даробак гэтага творцы ў галіне партрэта дасёння застаецца ў ценю. А дарма!

Ян Хруцкі нарадзіўся ў 1810 годзе ў мястэчку Ула на Віцебшчыне. Ягоным бацькам быў Тамаш Хруцкі, уніяцкі святар у вёсцы Усая. Атрымаўшы адукацыю ў Полацкай езуіцкай акадэміі, малады Хруцкі ў 1827 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе стаў вучыцца ў тамтэйшай Акадэміі мастацтваў. У 1836 годзе Хруцкі быў узнагароджаны галоўным срэбраным медалём Акадэміі за свае нацюрморты. Тамсама мастак пісаў шмат партрэтаў, адзін з якіх — «Пажылая жанчына, якая вяжа шкарпэткі», прынёс яму залаты медаль Акадэміі. А ў 1839 годзе яму быў прысвоены тытул акадэміка. У 29 гадоў!!!

Пасля смерці свайго бацькі-святара ў 1840 годзе, Хруцкі назаўсёды пакінуў Санкт-Пецярбург і вярнуўся на радзіму, ва ўласны маёнтак Захарнічы пад Полацкам. Тое, што мастак меў дачыненне да духавенства, знайшло адлюстраванне ў многіх яго творах. Гэта партрэты апошняга ўніяцкага мітрапаліта Ігнація-Ясафата Булгака, уніяцкіх (а пасля праваслаўных) біскупаў Васіля Лужынскага, Іосіфа Сямашкі, Антонія Зубка ды многіх іншых святароў. З 1846 па 1854 год ён часта працаваў у Вільні. Такія творы, як партрэт гісторыка Балінскага, пісьменнікаў Маліноўскага, Янкоўскага ды іншых прадстаўнікоў тутэйшай інтэлігенцыі, вылучылі Хруцкага ў лік лепшых партрэтыстаў эпохі. Тамсама Хруцкі напісаў ажно 32 партрэты святароў! Таксама ён прысвяціў сталічнай Вільні некалькі пейзажаў, якія пры ягоным жыцці сталі класічнымі і тыражаваліся ў выглядзе каляровых літаграфій. І пра гэта мы мусім памятаць таксама!

Да самай сваёй смерці ў 1885 годзе Іван Хруцкі не пакідаў сваіх Захарнічаў, дзе сярод іншага ён напісаў дзясяткі святых абразоў, праваслаўных і каталіцкіх. Менавіта там, дарэчы, быў напісаны славуты абраз Святога Казіміра, што зберагаецца цяпер у зборы літоўскага Нацыянальнага мастацкага музея імя Чурлёніса ў Каўнасе. Святарскі ж род Хруцкіх, цяпер ужо праваслаўны, працягваў быць адным з самых шматлікіх на Полаччыне і Віцебшчыне, пакуль у 1920-я гады духоўныя дынастыі не абарвала савецкая ўлада.

На ягоную біяграфію прыпалі ўсе драматычныя падзеі ХІХ стагоддзя: войны, паўстанні і ліквідацыя святой Уніі — што перапляліся з ягоным асабістым лёсам. Іван Хруцкі быў пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах. Некралога не было. Дом згарэў. На жаль, ужо ў наш час некалі дыхтоўнае старасвецкае надмагілле было пашкоджана і разрабавана. Ад сядзібы ў Захарнічах няма і знаку... Але назаўжды засталіся светлая памяць і сотні палотнаў мастака. Засталіся ў вечнасці... Самы вялікі, дыхтоўны збор твораў мастака, перадусім ягоных жывых нацюрмортаў, так, менавіта жывых, з трапяткім бляскам свечак, струменямі тытунёвага дыму, матылямі і птушкамі, напоўненых святлом і паветрам... А таксама ягоныя творы зберагаюцца ў музеях Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.

Напалеон Орда

237.jpg

Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды, які даў сыну імя французскага імператара.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі лінгвіст. Напалеон Орда першым пачаў перакладаць паэзію аўтараў-суайчыннікаў. На французскую. У Парыжы. На эміграцыі. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным нястомным папулярызатарам. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў. Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі музыколаг ці кампазітар. Піяніст і кампазітар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Разам з сябрам, Фрэдэрыкам Шапэнам, ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Еўропе. Музычныя творы самога Орды, асабліва паланэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Слава, грошы і спакойнае жыццё ў вясёлай французскай сталіцы былі гарантаваныя. Орда ствараў рамансы і песні, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў». Орда стаў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе і была высока ацэнена Станіславам Манюшкам, які лічыў Орду сваім настаўнікам.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны гісторык. Бо перадусім Напалеон Орда быў правадыром паўстанцаў-патрыётаў. Яшчэ падчас сваёй вучобы ў Свіслацкай гімназіі ён далучыўся да тайнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім універсітэце прыцягваўся да палітычнага дазнання. Універсітэт здольны студэнт не скончыў: у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства. Пасля арышту і 15-месячнага турэмнага зняволення вяртаецца ў родныя Варацэвічы, але застаецца пад наглядам паліцыі і самастойна завяршае сваю адукацыю.

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў ён камандаваў партызанскім атрадам. Ён становіцца, урэшце, стралком чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Польшчы і нават вызначаецца ў бітве пад Коцкем і атрымлівае вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі. Пасля задушэння паўстання эміграваў у Францыю.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі архітэктар ці рэстаўратар. Бо Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, нястомна рабіў архітэктурныя шкіцы найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясцін, знітаваных з жыццём выбітных асоб, славутых помнікаў старасветчыны. У Парыжы Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Альбомы ягоных літаграфій змяшчаюць больш за 200 твораў, прысвечаных славутым мясцінам Беларусі. Некаторыя з іх можна ўбачыць у нашым календары. Малюнкі вызначаюцца дакументальнасцю, праз што маюць вялізарную каштоўнасць для даследчыкаў архітэктуры. Бо многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках.

Толькі ў 1856 годзе, пасля амністыі, кампазітар і мастак жыў у родных Варацэвічах. Але напярэдадні паўстання Каліноўскага раптам заняўся маляваннем. У 1862–1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Гродне, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы разгар чарговага паўстання, да канца 1864 года, ён метадычна аб’язджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеянняў і... малюе краявіды. Вось такі сабе знайшоў занятак у 57 (!) гадоў ветэран-патрыёт: пачаў маляваць памятныя мясціны і шэдэўры беларускага дойлідства. У выніку з’яўляюцца тысячы графічных твораў.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі мастак. Бо падчас сваіх вандровак Напалеон Орда зрабіў незлічоныя замалёўкі і эцюды краявідаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін. Для сваёй творчасці Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў!

У 1873 годзе Напалеон Орда распачаў не менш манументальную справу — выдаваць уласным коштам Album Widokow Historycznych. Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфій у васьмі серыях (з іх — каля 150 па беларускіх землях), гравіраваных на камені Алаізам Місеровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Творцаў такога маштабу ў жанры архітэктурнага краявіду не было больш у свеце! Напалеон Орда зрабіў тысячы малюнкаў і падчас сваіх новых вандраванняў. Орда наведаў таксама Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію і нават краіны Магрыба. Ён нястомна працаваў, абіраючы для адлюстравання краявіды, што былі напоўненыя недасяжнай веліччу прыроды, якая несла ў сабе гэтулькі неспасціжнага: горы, неабсяжныя даліны, паўразбураныя замкі, гожыя пастаралі.

Мы ўсе мусілі б ведаць пра яго ўсё. Цяжка сёння паверыць, што ў ХХ стагоддзі пра яго амаль не пісалі ў Беларусі. I ў XXI стагоддзі мы пачалі ўсведамляць маштаб асобы нашага суайчынніка з гучным імем — Напалеон Орда. Калі-небудзь мы будзем ведаць яго ўсе. Кожны.

Станiслаў Жукоўскi

238.jpg

Жывапісец Станiслаў Жукоўскi нарадзiўся ў фальварку Ендрыхоўцы ў Ваўкавыскім раёне, на Гродзеншчыне, прынамсi гэтак пiшуць ягоныя бiёграфы. А ягонае дзяцiнства прайшло ў вёсцы Стараволя, што каля Пружан. Спачатку вучыўся ў класічнай гімназіі ў Варшаве, а затым ён пераехаў да сваякоў у Беласток, дзе скончыў рэальную вучэльню. У 1892 годзе Жукоўскi ўпершыню трапляе ў Расію, дзе да 1901 года займаецца ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры і дойлiдства. Ледзьве пачаўшы прафесійную навуку, Станiслаў Жукоўскi бярэ ўдзел у 1895 годзе ў выставе перасоўнiкаў. У тым самым годзе ён атрымаў прэмiю за свой пейзаж «Травень» на конкурсе Таварыства гожых мастацтваў. А ўжо ў наступным годзе атрымлівае яшчэ дзве прэмii за работы «Красавiцкi вечар» i «Восеньскай ноччу». Вось гэты поспех сведчыў пра большае. Слава імклiва ўзносiла яго на сваiх лёгкiх крылах ад самага пачатку мастакоўскага шляху...

Творчасць маладога мастака ўжо ў 1890-я гады пачынае набываць шырокае прызнанне. Ён у 1896 годзе атрымаў свой першы сярэбраны медаль за ўнёсак у жывапіс. Менавіта ў тым годзе ён піша яшчэ адно палатно «Уваход на могілкі», якое мае варыянт назвы — «Манастырскі мур».

У 1898 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымлівае за пейзаж «Веснавая ноч» вялiкi сярэбраны медаль. Тое палатно, проста з выставы, набыў слынны калекцыянер мільянер Мамантаў. За iм услед некалькi пейзажаў Жукоўскага купляе для сваёй галерэi Траццякоў... Будучы адным з самых уплывовых пейзажыстаў пачатку ХХ стагоддзя, Жукоўскі шмат падарожнічаў па Еўропе і Расійскай імперыі, дзе захоўваў прыгажосць мясцовых ландшафтаў. Аднак кожны год жывапісец нязменна адпраўляўся на пленэры па сваіх родных мясцінах. Жукоўскі аддаваў перавагу пісьму з натуры, працуючы вельмі хутка, імпэтна! Адносiны Жукоўскага з Мастацкай акадэмiяй таксама склалiся. Ягоны пейзаж, напiсаны ў родных мясцiнах, — «Нёман» быў дыпламаваны на акадэмiчнай выставе, а затым i набыты ў Акадэмiю. Ён па-ранейшаму рэгулярна наведваў бацькоўскi край, дзе i пiсаў свае славутыя пейзажы: «Восеньскі вечар», «Ветрана», «Плацiна», «Ельнiк» i шмат-шмат нёманскiх краявiдаў...

У 1907 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае званне акадэмiка. Крыху пазней, у 1910 годзе, Жукоўскаму была ўручана ганаровая прэмiя за славутае палатно «Плацiна», якое шматкроць экспанавалася. З таго ж перыяду ягонае палатно «Парк агаляецца» з шалёна-белымi сценамi нейкай сядзiбы, бадзёры прахалодны паўнацюрморт-паўiнтэр’ер «На верандзе» з залатымi хрызантэмамi на белым стале, «Вёска на беразе возера» са шчыльнай свiнцоваю вадою і бездакорна чыстым паветрам... Прыходзiла і еўрапейская слава. Ён экспанаваўся ў розных еўрапейскiх салонах. Праўда, там больш дзiвiлiся ягоным раннiм рэчам, напрыклад «Восеньскай ночы». За палатно «Веснавы вечар», напiсанае ў 1909 годзе, ён у 1912-м атрымоўвае залаты медаль у Мюнхене. Але, перадусім, абсалютную славу яму прынеслі карціны з выявамі інтэр’ераў! У гэтым жанры ён зрабiў тое, што ў свой час для Расіi зрабiў Іван Хруцкi — запачаткаваўшы жанр нацюрморта. А Жукоўскі — цэлы новы жанр — інтэр’ера! Дзясяткамі палотнаў атмасферных сядзібных інтэр’ераў Жукоўскi фактычна сцвердзiў гэты мастацкі жанр як цалкам паўнавартасны, праз якi можна выявiць гэтаксама столькi пачуццяў, колькi iх ёсць у мастака. Бадай, на iм гэты жанр i скончыўся.

Пасля ўсталявання бальшавiцка-польскага мiру Жукоўскi вяртаецца на радзiму. Назаўсёды. Тут, дома, мроi адступаюць. Бацькоўскiя маёнткi парабаваныя. Доўгiя спробы неяк адрадзiць гаспадарку плёну не далi. Ён прадае землi і пераязджае ў Варшаву. Доўгi час ён жыве на вулiцы Кошыкавай. Тут быў плён у мастацтве, да якога ён iзноў вяртаецца пасля доўгага перапынку. Шматлiкiя iнтэр’еры i краявiды Палесся і Панямоння прынеслi яму славу i ў Варшаве.

Пасля разгрому Варшаўскага паўстання ён трапіў у канцлагер у Прушкаве, дзе ў кастрычніку 1944 года, ва ўзросце 71 года, памёр. Пахаваны ў агульнай магіле, разам з іншымі ахвярамі фашызму. А тысячы ягоных твораў у музеях Польшчы, Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны засталіся нам як люстры вечнасці, поўныя хараства...

Вітальд Бялыніцкі-Біруля

239.jpg

Варта згадаць і аднаго з самых значных мастакоў у гісторыі нашай краіны, акадэмiка жывапiсу, народнага мастака Беларусі, ганаровага акадэмiка Акадэміі навук i правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР — Вітальда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулю. Паводле збегу абставiн найбуйнейшым беларускiм пейзажыстам стаў чалавек, якi не вучыўся ў Беларусi i не жыў тут большую частку жыцця, чалавек, якi пачаў жыццё ў шляхецкiм гняздзе, а скончыў з савецкiм Ордэнам Працоўнага чырвонага сцяга, чалавек, якi быў найперш ушанаваны ў Мюнхене, Парыжы, Барселоне, а ў апошнюю чаргу — на радзіме, у Беларусі...

Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля паходзiў са старога каталіцкага шляхецкага роду. Таму паводле традыцыi бацькі хацелi бачыць Вiтальда афіцэрам і аддалі яго юнаком у Кiеўскi кадэцкi корпус. Там ён займаўся ў славутай малявальнай школе Мурашкi ўсе гады навучання ў корпусе. Пасля Кiева ён паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапiсу, пластыкi i дойлiдства. Кожныя канікулы Бялынiцкi-Бiруля праводзiў у бацькоўскiм маёнтку. Тут ён напрацаваў шматлiкiя эцюды, шкiцы. Тут ён гартаваўся як самастойны мастак.

Неўзабаве прыйшоў вялікі поспех — 1-я прэмiя Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў за працу «Вясна iдзе», напісаную, заўважце, яшчэ ў 1899-м! За гэтай прэміяй узнагароды сыпалiся адна за адной. За карціну «Час цiшы» Бялыніцкі-Біруля атрымаў у 1909 годзе залаты медаль на мiжнароднай выставе ў Мюнхене. А за наступную, «Зiмовы сон», дастаў бронзавы медаль на мiжнароднай выставе ў Барселоне.

Менавіта пра гэтае палатно, што вядома нам таксама пад назваю «Блакітная капліца», мы гаворым сёння. Мабыць, няма мастакоў, роўных Бялыніцкаму-Бірулю па ўменні адчуць і перадаць прыгажосць гэтых пераменлівых станаў прыроды. Ён любіў неаднаразова вяртацца да ўпадабанага ім матыву. Напрыклад, да гэтага сюжэту — драўляная святыня на пагорку, у зімовых шатах, што вядомы нам яшчэ пад адною назваю — «Зімовы пейзаж». Мяккі пухнаты снег зацерушыў зямлю, тонкія, далікатныя, быццам дрыготкія ад холаду бярозкі, зялёныя елі ў глыбіні, раз’езджаная цёмная дарога, якая вядзе да патанулай у снягах вёсачкі, хмурнае бяссонечнае неба — усё напісана шырока, вольна, з вялікай любоўю да гэтай сціплай, але таямнічай прыроды. Былi i французскiя прэмii, экспанаваннi ў Швецыi, Галандыi. Надыходзiла еўрапейская слава... У 1912 годзе, у самым росквiце уласных жаданняў i прызнання ў мастацкiм свеце, пасля медаля з Барселоны, Бялынiцкi-Бiруля пiша сваю першую славутую «Блакiтную каплiцу».

...На заснежаным пагорку сярод кволых стромкiх дрэўцаў — бажнiца. Ля купала сплывае маладзiк. Па-над кромкаю снежных гурбаў праз хвiлiну заяснее свiтанак. Сон за дзесяць хвiлiн да абуджэння... Каплiца сцішаная, цёплая, людская, у крышталёвым марозным блакiце: у прадчуванні жыватворнага свята пасля начнога чуйнавання, светлых слёз радасцi, падзякі за новы дзень і новы год, што неўзабаве надыдзе.

У Бялыніцкага-Бірулі няма карцін «шумных», бурных, напружаных па ўнутраным дзеянні. Кожная з іх — гэта па-новаму пачутая цішыня, па-новаму падгледжаная, часам няўлоўная для абыякавага вока, зменлівая прыгажосць прыроды. Таму адзін і той жа матыў можа быць успрыняты як зусім іншая карціна.

Творчасць Бялыніцкага-Бірулі склалася рана і мала змянялася на працягу ўсяго яго доўгага творчага жыцця. Ягоныя палотны цяпер зберагаюцца ў дзясятках калекцый розных краін, а ў Магілёве створаны ягоны персанальны вялікі музей. Сотні ягоных пейзажаў сталі класікай беларускай спадчыны, ад яго сёння вядуць радавод нацыянальнага беларускага пейзажу. І сталі часткай еўрапейскай культурнай спадчыны, часткай вечнасці...

Яўген Жак

240.jpg

Яўген Жак (часам пішуць Зак) нарадзіўся ў мястэчку Магільна над Нёманам, што на Вуздзеншчыне. Плаўны выгін хуткаплыннага Нёмана тут шырока агінае край мястэчка, збягае паўз паплавы да высокіх стромых пагоркаў старажытнага замчышча. За царом тут былі народнае вучылішча, яўрэйская школа, царква, каталіцкая капліца і сінагога. Тут скрыжаваліся шляхі з Узды да Нясвіжа, адсюль плытагоны хадзілі аж у Прусію.

Тут у 1884-м і нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і будучы мастак, якому было наканавана ўславіць сваё роднае мястэчка, што дзякуючы яму патрапіла ў французскія і польскія, амерыканскія і савецкія кнігі пра мастацтва...

...Пасля пачатковай Магільнянскай школы Яўген Жак працягваў вучобу ў школе, а затым — у павятовай гімназіі ў Нясвіжы. Гэтыя гады школьніцтва моцна паўплывалі на яго, пра што ён пазней згадваў. Пэўна, у час вучобы ў Нясвіжы ён шчыра захапіўся мастацтвам, што не дзіва, бо гэты горад ва ўсе часы паважаўся за адзін з культурнейшых у нашым краі. У тагачасным Нясвіжы былі не толькі старадаўнія храмы, поўныя абразоў і роспісаў, не толькі палац Радзівілаў з вялікай бібліятэкай і мастацкімі зборамі, але сярод тутэйшай публікі было нямала калекцыянераў, бібліяфілаў і аматараў прыгожых мастацтваў. Ён правёў колькі гадоў у Варшаве, адкуль выехаў у Парыж, дзе вывучыўся ў акадэмічнай Школе прыгожых мастацтваў і ў Акадэміі Каларосі. У 1903 годзе ён адправіўся ў Італію, а затым у Мюнхен, дзе вучыўся цягам шасці гадоў. А ў 1904 годзе Жак вярнуўся ў Парыж настала і спрычыніўся да дынамічнага мастацкага жыцця горада, дэбютаваўшы ў восеньскім мастацкім салоне. Затым Яўген Жак удзельнічаў са сваімі творамі ў Салоне незалежных, у салонах, арганізаваных Нацыянальным таварыствам вытанчаных мастацтваў. Яго таксама часта пачалі выстаўляць у розных галерэях Парыжа і Кёльна, Нью-Ёрка і Лондана. Хоць Яўген Жак шмат гадоў пражыў за мяжой, ён прыняў актыўны ўдзел у айчынным мастацкім жыцці, выстаўляючыся ў Вільні і Варшаве, наязджаючы ў Нясвіж і роднае Магільна над Нёманам. Праўдападобна, уражанні з роднага краю леглі ў ягоную карціну «Рыбак», дзе ў смарагдавых чаратах, над чыстымі водамі вудзіць персанаж ці то з беларускіх казак, ці то з італьянскіх фрэсак... Яўген Жак, урэшце, уступіў у Таварыства польскіх мастакоў у Парыжы, дзякуючы чаму навязаў сяброўства са знанымі на эміграцыі творцамі. З Парыжа ён часта выязджаў у Брэтань, чые чыстыя, рыхтык прамытыя, заўжды сачыстыя краявіды, пэўна, нагадвалі яму родную Беларусь. Падчас свайго знаходжання там Жак стварыў шэраг малюнкаў брэтонскіх сялян, якія займаюцца сваімі паўсядзённымі справамі.

Пазней ён захапіўся мастацтвам італьянскага рэнесансу, яго захапленне было відавочным з 1910 года, калі Жак стварыў цэлую галерэю вобразаў сялян, рыбакоў і пастухоў, гарманічна ўбудаваных у пейзажныя фоны, тло часта скалістага берага мора з дамінуючым у кампазіцыях аскабалкам старога замка. У Жака былі дзве крыніцы натхнення — Італія і Беларусь, што добра відаць на такіх ягоных палотнах, як «Ідылія», «На моры», «Ідылічны пейзаж з авечкамі», «Рыбак», сюжэты і колеры якіх маглі быць убачаныя як над Нёманам, гэтак і дзесьці ў Таскане...

...Але Першая сусветная вайна заспела яго на Поўдні, у Ніцы, дзе ён змушана жыў у 1914–1916 гадах. А ў 1916 годзе ён пасяліўся ў сваёй жонкі, Ядвігі Кон, у яе роднай Чэнстахове, у Польшчы, дзе і прабыў да канца вайны, зрэдзьчасу наведваючы родныя мясціны... Тамсама ён прасякнуўся духам пабожнасці, што вызначала тады сам лад жыцця ў Чэнстахове...

Але гэтыя гады не прайшлі для Яўгена Жака марна. Менавіта ў гэты час ён інтэнсіўна працуе, працярэбліваючы ўласную сцяжыну ў пышнай квецені тагачаснага еўрапейскага мастацтва... Жак у сваёй творчасці аддаў належнае і неакласіцызму, і ар-дэко, і, урэшце, экспрэсіянізму, праз які ў канчатковым выніку прыйшоў да ўласнага кшталту.

Ён амаль не маляваў з натуры. Бадай што ўсё, зробленае ім, ён вынаходзіў у лабірынтах памяці і ўяўлення... Пасля пераезду ў Варшаву ў 1921 годзе быў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў RYTM. Новыя гарызонты творчай вобразнасці раскрыліся ў творчасці Жака, як тыповага прадстаўніка згуртавання, ягонай праграмы і творчых памкненняў.

Яўген Жак хоць і паходзіў з Беларусі, гэтая важная акалічнасць адбілася на ягонай творчасці ўскосна, не гэтак відавочна, як, напрыклад, у Шагала. Бо сама творчасць Жака была досыць эклектычнаю, часцяком стылізаванаю, адарванаю ад паўсядзённай рэчаіснасці.

Тым часам у выніку Рыжскага дагавора ягонае роднае Магільна засталося на іншым, савецкім беразе Нёмана... У тыя гады ён зразумеў, што радзіма ягоная ўжо недасяжная. Менавіта тады ён піша сваіх «Манахінь» — некалькі невялікіх партрэтных выяваў каталіцкіх законніц. Руплівасць, з якой распрацоўваў Жак гэты вобраз і іншыя партрэты манашак, дазваляе прыпусціць, што ён спрабаваў зрабіць гэты вобраз аўтабіяграфічным, распавесці ўласную прыпавесць свайго вандроўнага жыцця і стасункаў з Богам... Партрэты былі адной з галоўных тэм у творчасці Жака. Ён выяўляў іх зазвычай у абстрактнай цеснай прасторы, на аморфным фоне. Для Жака гэта было разважаннем аб самой прыродзе і прызначэнні чалавечага існавання.

Пошукі прывялі яго да стварэння вялікай музычнай нізкі Dans Le Cabaret — «Жанчына з мандалінай», «Музыка», «Танцорка і гітарыст», выявы танцуючых п’яных, Арлекіны і гэты вось П’еро. Персанажы Жака гэтага перыяду нібы застылыя ў тэатральных позах з падоўжанымі прапорцыямі, змешчаныя мастаком у цесныя, замкнёныя прасторы, з глухімі мурамі. Зрэдзьчасу мы бачым у творах Яўгена Жака змрочны гумар ці сарказм, што падкрэсліваецца гратэскнымі вобразамі з выцягнутымі нечалавечымі прапорцыямі і эмоцыямі. Свой індывідуальны стыль ён выпрацаваў толькі пад канец жыцця. Жак стварыў тады незвычайны свет апранутых у дзіўныя строі танцораў, якія лунатычна скачуць, пэўных асаблівай пекнасці кабет, юнакоў і дзяцей, якія грацыёзна рухаюцца. Яму не чужая была сезанаўская традыцыя, што выявілася ў спробах пабудовы трывалай сінтэтычнай карціны з геаметрызаванымі фігурамі, перадусім у пейзажна-архітэктурных яе частках. Гэты геаметрызм згладжваўся ваганнямі формы і прыглушанасцю пераліўчатых, плоска нанесеных каляровых плямаў. Ягоныя палотны вылучалі выключна культура выканання і вытанчанасць і тэхнічнае майстэрства...

Праз Берлін і Бон ён вяртаецца ў 1923 годзе ў Парыж... А ў 1926-м Яўген Жак раптоўна памёр. Яго сэрца спынілася... Сэрца, што хацела ўвабраць сваёй любоўю ўсе берагі Еўропы, ад Нёмана да Сены. Пасля ягонай смерці ў гонар Жака адбыліся выставы ў Варшаве, Дзюсельдорфе, Нью-Ёрку, Бафала, Лондане і ва ўсіх асноўных галерэях Парыжа. А сёння большасць ягоных твораў зберагаецца ў Польшчы, што на кароткі час стала яму другой радзімаю. У Беларусі ж мы маем пакуль толькі два ягоныя малюнкі, у калекцыі «Белгазпрамбанка»...

(Працяг будзе).