10 дрэваў Беларусі, на якія варта паглядзець

Нашы продкі з вялікай павагай ставіліся да дуба, бо лічылі яго дрэвам, па якім чалавек падымаецца на неба да сваякоў. Памеры і вышыня некаторых дубоў сапраўды давалі веру ў тое, што гэта магчыма. Праз гэта, дарэчы, і з’явіўся выраз «даць дуба» — адправіцца да памерлых сваякоў. «Сойка» прапануе сваю дубовую мапу Беларусі. Хаця сякі-такі каштан і тут знайшоў сабе месца.


s30_1600x500.jpg

Цар-дуб «Пажэжынскі»

Берасцейская вобласць, Маларыцкі раён, 3 км на ўсход ад вёскі Старое Раматава

Цар-дубам называюць найстарэйшы дуб у пэўнай мясцовасці, то бок у кожным абласным рэгіёне Беларусі ёсць свой цар сярод векавых дрэваў. «Пажэжынскі» ж усім царам дасць фору: доўгі час лічылася, што дубу больш за 800 гадоў, пра гэта сведчыць і прымацаваная побач таблічка. Але гэта аказалася «фінтом рыбака», які разведзенымі ў бакі рукамі паказвае памер свайго ўлову: інструментальныя вымярэнні ўзросту ў 2017 годзе выявілі, што дубу «ўсяго» 380 гадоў. Пры гэтым за ім захаваўся статус найстарэйшага дрэва краіны*. «Пажэжынскі» ўваходзіць у эколага-турыстычны маршрут, які складаецца з 11 кропак агляду (журботны лес, луг, дуброва, дрыгва і г.д.).

*У спіс не ўключаныя дрэвы з тэрыторый Нацыянальных паркаў і запаведнікаў. У Белавежскай пушчы дакладна вядомы дуб узростам 400 гадоў і хвоя — 380 гадоў.

Дуб-дзядуля

Менская вобласць, Лагойскі раён, Янушкавіцкі сельсавет, вёска Карпілаўка

«...нa caмым вepce гэтaй гapы poc тaкi дyб, штo aж дзiвiўcя нapoд: вeлiч, тaўшчыня, a cyкi тaк paзpacлicя, штo, здaвaлacя, cвeт бы пaд cябe xaцeў пaдгapнyць. 3 дaвён-дaўнa ўce звaлi ягo: дyб-дзядyля».

У Карпілаўцы знаходзіцца, магчыма, самае літаратурнае дрэва Беларусі: дуб стаў героем апавядання Ядвігіна Ш. — пісьменнік пераехаў на сядзібу з сям’ёй у 1897 годзе. У суседніх Акопах Янка Купала ўпершыню прачытаў сваю «Паўлінку». З часоў Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы засталася высаджаная ім алея высачэзных ліп, парослыя мохам камяні ды той самы дуб-дзядуля. Да яго абавязкова трэба дакрануцца і загадаць жаданне.

starinniy-dub-karpilovka.jpg
Photo: poshyk.info

Лістоўніца еўрапейская

Берасцейская вобласць, Баранавіцкі раён, Маўчадскае лясніцтва

Ёсць як мінімум дзве прычыны завітаць у Маўчадскае лясніцтва. Па-першае, там знойдзеце самае высокае дрэва Беларусі вышынёй 50 метраў (уявіце сабе 17-павярховы будынак!). Па-другое, без візы перанясецеся туды, дзе яна патрэбна: лістоўніца еўрапейская ў межах натуральнага арэалу займае галоўным чынам горныя рэгіёны ў Альпах і Карпатах. Як бачыце, прыжылася яна і ў Беларусі. Гэтым фактам могуць ганарыцца і нашы нашчадкі: дрэвы вылучаюцца даўгавечнасцю, дажываюць да 500 і больш гадоў.

Сахонаўскі дуб

Віцебская вобласць, Верхнядзвінскі раён, 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Вышнарова

Жыць самі па сабе могуць не толькі людзі ці жывёлы, але і дрэвы. Асаблівасць гэтага дуба ў тым, што ён расце ў ганарлівай адзіноце. У настолькі ганарлівай, што да яго нават не вядзе дарога: каб убачыць дрэва ў цёплы час, трэба прайсці каля 1,5 км па ўзараным полі. Хутчэй за ўсё, дуб так жыў заўсёды: уражлівы размах кроны і адносна невялікая вышыня дазваляюць меркаваць, што на працягу свайго жыцця ён рос на адкрытай мясцовасці, не адчуваючы канкурэнцыі з боку іншых дрэваў. А назву атрымаў ад найбліжэйшай вёскі Сахонава, якая ўжо нават не існуе.

Казлоўскі дуб (Дуб Якуб)

Менская вобласць, Нясвіжскі раён, паша каля вёскі Казлы

У старой беларускай замове гаворыцца: «На моры-акіяне, на востраве Буяне стаяў дуб Якуб на дванаццаць какатоў, на дванаццаць парасткаў». Насамрэч дрэва з такой назвай знаходзіцца на нясвіжскай зямлі і мае статус чэмпіёна — гэта дуб з самым вялікім у краіне камлём, перыметр якого складае 810 см. Калі лічба не ўразіла, арганізуйце экскурсійную групу ў складзе пяці дарослых і аднаго дзіцяці — і накіруйцеся да Якуба. Менавіта столькі чалавек спатрэбіцца, каб яго абхапіць.

Васьмітычынкавы каштан

Гарадзенская вобласць, Карэліцкі раён, вёска Райца

Гэта гісторыя з тых часоў, калі беларусам таксама складана было выязджаць за мяжу — не праз візу, а праз грошы, якімі мала хто валодаў. Але ў княгіні Стэлы Раецкай яны былі: некалькі стагоддзяў таму яна прывезла з парыжскай выставы ў радавы маёнтак не кветачку пунсовую, але васьмітычынкавы каштан. І доўгі час гэта было адзінае такое дрэва ў Беларусі — не так даўно яго ўдалося размножыць. У Райцы таксама можна пабачыць рэдкую белую таполю, якая не дае пуху.

Дуб зімовы «Сенькаўшчынскі»

Гарадзенская вобласць, Слонімскі раён, 2 км на поўдзень ад вёскі Едначы, Сенькаўшчынскае лясніцтва

Дуб зімовы — не таму, што нарадзіўся ўзімку. Хаця хто зараз што дакажа, бо з’явілася дрэва на мяжы 18-га і 19-га стагоддзяў. Зімовы, у першую чаргу, таму, што адносіцца да феналагічнай формы з познімі тэрмінамі вясновага распускання лісця. Калі па-прастому, лістота на такіх дрэвах засыхае на галінах, застаецца на ўвесь зімовы перыяд і скідаецца ўжо вясной, калі пачынаюць з’яўляцца новыя пупышкі. Таму сенькаўшчынскі волат амаль круглы год сустракае гасцей ва ўбранні лістоты.

Дуб Дэвайціс (Dewajtis)

Берасцейская вобласць, Кобрынскі раён, вёска Грушава

На тэрыторыі старажытнага сядзібнага парку ў вёсцы Грушава расце дуб-волат з загадкавай назвай Дэвайціс (Dewajtis). Слова мае літоўскае паходжанне і ў народнай паэзіі часта азначае старэйшага бога: у легендах ён з’яўляецца ў выяве старога ці жабрачкі, якія вандруюць дзеля выпрабавання набожных людзей. Дуб расце на тэрыторыі невялікага пейзажнага парку, які, як мяркуецца, быў закладзены тут разам з сядзібай у 1825 годзе.

Хвоя «Пяціствольная»

Гомельская вобласць, Ельскі раён, 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Вішанькі, Качышчанскае лясніцтва

У адрозненне ад некаторых герояў гэтага гайду, хвоя звычайная нідзе не хаваецца, яе лёгка прыкмеціць: яна расце збоку ад аўтадарогі мясцовага значэння Ельск — Качышчы. Прычым не заўважыць яе немагчыма: пяць ствалоў у форме ліры — такі цуд трэба яшчэ пашукаць. Цікава, што аўтар гэтага твора — не сама прырода як такая, а насякомыя (парасткаўюны), вусені якіх сілкуюцца расліннымі тканкамі ўнутры пупышак, атожылкаў або галін галоўным чынам хвоі. Адсюль скрыўленне ствалоў, шматвяршынне і іншыя пашкоджанні. У нашым выпадку дзеянне шкоднікаў прывяло да так званай «дэкаратыўнай выродлівасці», у выніку якой самая звычайная, шырока распаўсюджаная хвоя, якая не пераступіла нават векавой мяжы, заняла ганаровае месца сярод помнікаў прыроды.

Векавы дуб «Брыцалавіцкі»

Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, 3 км на паўночны захад ад вёскі Ражнетава, Брыцалавіцкае лясніцтва

Сустракайце, яшчэ адзін цар-дуб, на гэты раз з Магілёўшчыны. «Брыцалавіцкі» — гэта топ у розных намінацыях: уваходзіць у дзясятку найстарэйшых дрэваў краіны, у пяцёрку самых высокіх і ў тройку самых магутных па абхопе (сярод тых, што растуць у лесе). Самае цікавае, што лес хавае гэтага волата памерам з 15-павярховы дом (!) сярод маладога насаджэння, таму без правадніка давядзецца патраціць час і намаганні на пошукі цар-дуба.

Мясцовыя кажуць, што падчас Другой сусветнай вайны партызаны выкарыстоўвалі дрэва як назіральную вышку, пра што доўгі час сведчылі прыбітыя да ствала драўляныя планкі (імправізаваныя «прыступкі»). Дарэчы, дубу 250 гадоў: калі яго добра папытаць, можа, і пра Напалеона нешта распавядзе.