24 лютага 1935 года нарадзіўся сусветна вядомы беларускі паэт, намінант на Нобелеўскую прэмію Рыгор Барадулін. Якім чалавекам быў вядомы ва ўсім свеце паэт і якім паэтам ён застаўся для сваёй краіны — у матэрыяле «Новага Часу».
Дзед паэта Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом — пра тое таленавіты нашчадак апошняга ўзгадвае ў «Паэме жытняй скібы»:
Мой дзед,
рыжанін Галвіньш,
Механік па млынах,
На грошы быў
ня галы
I выпіць —
не манах.
Яго прываражылі
Азёры
ці ільны?
Зрабіўся старажылам
Ушацкай стараны.
Маці ж, паводле вызначэння самога Барадуліна, была беларускай, «з карэнных крывічанак». Яшчэ адна цікавостка што да крыві: ва ўспамінах паэт адзначаў, што крыўдаваў на сяброў за плёткі пра яго яўрэйскае паходжанне.
Па яго дзённікавых запісах таго часу бачна, што і ён, і яго аднакласнікі любілі «пагуляць», час ад часу прапускаючы заняткі. Акрамя таго, Барадуліну падабалася задзіраць настаўнікаў і аднакласнікаў, і за словам у кішэню ён не лез. Вось, напрыклад, некалькі радкоў з эпіграмы на аднакласніцу Зелянкову:
Психически больная
И сплетница же рьяная,
Уж ей мать откладывает
Так званое приданое.
На вид она недурна:
Нормальны глазы, брови, нос,
Но ломается так бурно,
Не одолеет даже пёс...
Калі клас пасвячалі ў піянеры, будучы паэт уцёк з гэтай урачыстасці, якая яму сышла з рук — роўна да таго часу, пакуль не давялося ісці ў камсамольцы.
У школе меў праблемы з мовамі, але толькі беларуская выходзіла на «выдатна» — можна меркаваць, што мова не ў апошнюю ролю адыграла ў паступленні на філфак БДУ і ва ўсім далейшым жыцці паэта.
Ён вельмі любіў маці Акуліну Андрэеўну, якую за яе мову называў «стыхійна вялікім філолагам» і побач з якой — на старых вушацкіх могілках — хацеў быць пахаваным. Маці ж ён прысвяціў шмат вершаў, паэму «Куліна», у яе гонар назваў кнігу — «Евангелле ад мамы».
Але гэтая вялікая любоў абмінула іншых жанчын у жыцці творцы — напрыклад, яго дачку і ўнучку. Як успамінала яго жонка Валянціна Барадуліна, паэт хацеў сына. Калі нарадзілася дачка Ілона, першым немаўля і маці наведаў Васіль Быкаў, а засмучаны бацька прыехаў у раддом толькі праз тры дні.
«У выхаванні дачкі, а пасля і ўнучкі Дамінікі, Грыша ніякага ўдзелу не браў, — успамінала Валянціна Барадуліна ў гутарцы з Сяргеем Шапранам. — Запомнілася толькі, што быў на Камароўцы разам з Ілонай, калі ёй было гады два-тры, дый толькі таму, што я ў гэты час у бальніцы ляжала. А на Камароўцы тады прадавалі малдаўскае віно ў бочках, таму Грыша і хадзіў».
І зусім ужо дзіўна ставіўся класік да сваіх калег-жанчын. У дзённікавых запісах Рыгора Барадуліна можна сустрэць цікавыя разважанні пра вартасць паэтак і пісьменніц, якіх прымаюць у Саюз пісьменнікаў:
«Заўважыў усю небяспеку прыёму ў Саюз пісьменнікаў шмат жанчын. Пакуль маладыя — каб што. А пад старасць — гэта нейкая страшэнная жамяра, агрэсіўная, смешная. Вясковыя жанчыны старыя прыгожыя, бо яны натуральныя, старэюць па законах прыроды. У іх, калі Бог дае дажыць, усе чатыры паравіны года вабныя. А ў так званых паэтэс і празаічак усё выламанае, манернае, хадульнае, страсць іхняя нейкая сінтэтычна-клоўнская».
З усё тых жа ўспамінаў Сяргею Шапрану:
«Я павінна прызнацца, што не думала, што Рыгор — такі глыбокі чалавек і паэт. Мне здавалася, што ён найперш лірычны дый толькі, а калі прачытала ягоныя «Ксты», зразумела, што памылялася. Гэта было для мяне тым больш дзіўна, што Рыгор у апошнія гады не чытаў філасофскія кнігі. Значыцца, я проста недаацэньвала яго...».
Але не атрымаў яе праз адсутнасць добрых перакладаў. Аўтэнтычную мову вершаў творцы немагчыма перадаць праз пераклад. Як і ў выпадку з іншым класікам Алесем Разанавым, вершы Рыгора Барадуліна застаюцца ў прамым сэнсе слова беларускім нацыянальным здабыткам.
***
Усё — пачатак тла, і лоўля дзьмушак,
I млоснасць духу — ўсё лухта лухты.
Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,
І мы — як з дрэва існасці лісты.
Ёсць марны дол — карэе ў ім карэнне,
Ёсць неба мары — ў ім шумяць вярхі.
І кожны долю сам сваю сустрэне,
I знойдуць самі кожнага грахі.
Мукá пакут прасеецца праз сітца
Ад халадоў знямоглай глухаты.
І ў вырай будзе зноў душа прасіцца.
Усё — лухта лухты. І ўсё з лухты.
28 жніўня 2004 г. беларускі паэт разам з архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам пабываў на асабістай аўдыенцыі ў пантыфіка.
Акрамя таго, Рыгор Барадулін быў выбітным перакладчыкам. Менавіта ён пераклаў на беларускую мову помнік старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў» і знакамітыя «Рубаі» Амара Хаяма. Ён жа перакладаў для нас Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Фрэдэрыка Гарсія Лорку, Сяргея Ясеніна, Габрыэлу Містраль, Пабла Неруду, Адама Міцкевіча і іншых. Вершы самога Барадуліна перакладзеныя на 38 моў свету.
З 1990-га па 1999-ы быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1992 г. Рыгор Барадулін атрымаў званне Народнага паэта — і стаў апошнім на сённяшні дзень Народным паэтам у гісторыі Беларусі. З 1995-га па 1997-ы Барадулін быў адным з кіраўнікоў беларускага Фонда Сораса. Чалец Сойма БНФ, на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. актыўна падтрымліваў Зянона Пазняка, пасля адышоў ад палітыкі.
***
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.
***
Чалавек не ўзнікае так —
Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Чытайце яшчэ: «Яны прыйшлі ў жыццё, каб цемра знікла»: прыгадваем, як Рыгор Барадулін развейваў змрок сваім гумарам