«Яны прыйшлі ў жыццё, каб цемра знікла»: прыгадваем, як Рыгор Барадулін развейваў змрок сваім гумарам

24.02.2023 Асоба

Прайшоў год з таго моманту, як 24 лютага стала сумна вядомай датай. Аднак нават у такой цемры ёсць месца для светалай памяці: роўна 88 гадоў таму нарадзіўся Рыгор Барадулін, які ратаваў навакольных сваім гумарам нават у самы змрочны час. Сучаснікі прыгадвалі, што з прыходам Дзядзькі Рыгора ў любую кампанію пачыналі сыпацца вершаваныя жарцікі, эпіграмы ды анекдоты. Юрась Гарэлка, эксперт «Будзьмы!» па іскрамётнаму гумару, падрыхтаваў падборку досціпаў народнага паэта. Хто ведае, раптам гэта якраз тое, што і нам дапаможа не звар’яцець у сённяшніх варунках.


Фота 01.jpg
Вушаччына — калыска ўнікальнага гумару. Крыніца: zviazda.by

Перад усім варта адзначыць, што Рыгор Іванавіч вырас на непаўторным вушацкім фальклоры. Багаты, смешны, часта ненарматыўны, ён значна паспрыяў развіццю пачуцця гумару. Сістэматызаваўшы найбольш трапныя досціпы, Барадулін напісаў кнігу «Здубавецьця» — так мясцовыя адным словам называюць «усё абы-як сабранае, выдуманае ё невыдуманае, нішто й нешта, прастакаватае й хітраватае, вясёлае й сумнаватае». Электронную версію гэтай бомбы лёгка знайсці ў інтэрнэце, таму пяройдзем да жарцікаў, звязаных непасрэдна з паэтам.

Каго Барадулін сапраўды не любіў, дык гэта ідэальных камуністаў. Піянерскай долі ён пазбегнуў даволі арыгінальным, але эфектыўным чынам: проста ўцёк, калі школьнікаў заганялі ў райкам. Класы былі вялікія, таму не спахапіліся. Потым аднак давялося стаць камсамольцам, бо без гэтага немагчыма было паступіць у вышэйшую навучальную установу.

Аднойчы Барадулін і Караткевіч вярталіся з горада ў Дом творчасці, які быў у вёсцы Каралішчавічы (пад Мінскам). На той час там знаходзіліся «ідэалагічна правільныя» пісьменнікі: Куляшоў, Лужанін ды іншыя («уся, так сказаць, кампанія»). Спачатку ехалі на таксі, аднак потым пераселі на... трактар. Рыгор Іванавіч не тлумачыць, чаму так здарылася — ці то грошай на ўсю дарогу не хапіла, ці то стан дарогі не дазваляў (а можа, проста хацелася апошнія пяць кіламетраў праехаць з шыкам). А 2-й гадзіне ночы іх незвычайны транспартны сродак з шалёным грукатам прыязджае на месца. Каб яшчэ больш пазлаваць слаўную кампанію, якая і так ужо, напэўна, прачнулася і кляла хуліганаў, Барадулін крычыць трактарысту: «Даю яшчэ дзве чацвяртушкі, а ты робіш два кругі вакол Дома творчасці!» Той пагадзіўся, але тут запярэчыў Караткевіч: «Нас выганяць!» Так бы і было, напэўна, бо на іх ужо касавурыліся. Шчасліваму кіроўцу ўсё ж аддалі «ганарар» і выйшлі. Цікава было б дазнацца, што сказалі ім зраніцы пабуджаныя пісьменнікі.

Не сказаць, што ў Каралішчавічах Барадалін і Караткевіч зусім нікога не любілі: жылі там прынамсі два сабакі, Джэры і Дазор, да якіх творцы ставіліся з асаблівай цеплынёй. І нават вершы ім пісалі. Напрыклад, парадыруючы бравурную і бязглуздую савецкую паэзію, Дзядзька Рыгор дэкламаваў:

Гэй да сонца, гэй да зор!
З намі Джэры і Дазор.

Альбо так:

Сук Дазор и сучка Джэры
Жралі сок і суп з фужэра.

Жарты жартамі, а аднойчы сабакі сапраўды выручылі: у Каралішчавічы прыехаў аператар Анатоль Заблоцкі, якому Караткевіч аддаў рукапіс твора, каб той аднёс перадрукаваць. Залішнім было б казаць, што пасля гэтага селі за стол. Выйшаўшы раніцай на вуліцу, Барадулін заўважыў, што Дазор разграбае снег. Ёсць ідэі, што там было? Усё верна, рукапіс са знаёмым почыркам. Высветлілася, што Заблоцкі не разлічыў сілы і паваліўся ў сумёт. Добра хоць, што сам неяк падняўся, бо тады і пільны сабака наўрад ці дапамог бы. А Дзядзька Рыгор потым пасмейваўся, што Дазору варта помнік паставіць «за тое, што выратаваў такі раман!» Шкада, што не ўдакладніў, які канкрэтна. Раптам тыя самыя «Каласы»?

Фота 02.jpg
«Мы з Валодзем былі як неразлітая бутэлька». Крыніца: museum.by

Пэўна, вы ўжо адзначылі, што многія смешныя гісторыі адбываліся з Барадуліным і Караткевічам на падпітку. Такі выпадак, калі з песні слоў не выкінеш — Рыгор Іванавіч потым жартаваў, што ў маладосці не задзіраў нос, бо той быў у чарцы. А Уладзіміру Сямёнавічу любіў дэкламаваць такія радкі:

Скажите, славный витязь,
Когда вы отрезвитесь?

На гэта адказ быў адзіны: «Ніколі». Барадулін лічыў, што ўсе выпрабаванні, якія выпалі на долю сябра, не далі яго душы расслабіцца, «паколькі з атлусцелай душою «Каласы пад сярпом тваім» не напішаш — можна толькі «Людзі на балоце» напісаць ці «Глыбокую плынь».

Па Шамякіну Дзядзька Рыгор прайшоўся не раз. Аднойчы, напрыклад, напісаў такую жартоўную эпіграму:

Пакуль Шамякін мыкаў-пыкаў,
Заваяваў Еўропу Быкаў.

Генеральным «спонсарам» сяброўскіх пагулянак звычайна быў Андрэй Макаёнак, якога паэт ахарактарызаваў як адкрытага, шчодрага, таленавітага чалавека. Праўда, былі і нюансы — аднойчы Барадулін і Караткевіч пазычылі ў яго грошы, але ж для поўнага шчасця іх не хапіла. Тады зноў прыйшлі да драматурга, які нечакана адмовіў: «Позна. Не пайду я ў ашчадную касу грошы з кніжкі здымаць». Пакрыўдзіўшыся, Уладзімір Сямёнавіч прапанаваў што-небудзь напісаць з гэтай нагоды. І Барадулін напісаў:

І паваліцца славы казённы тын,
І развеецца пыл грашавітай раскошы.
Макаёнак запомніцца толькі тым,
Што ў яго пазычаў Караткевіч грошы.

Фота 03.jpg
Магчыма, на гэтым фотаздымку Андрэй Макаёнак смуткуе, што не пазычыў грошы сябрам і стаў аб’ектам эпіграмы. Крыніца: nlb.by

Даставалася на арэхі і іншым сябрам Саюза пісьменнікаў. Калісьці Дзядзька Рыгор прыдумаў песню, якую немагчыма цалкам прывесці праз не зусім нарматыўны змест. Аднак варта ўзгадаць хаця б іранічныя радкі пра Петруся Броўку:

Кожны дзень мы п’ем літроўку
За здароўе Пеці Броўкі.
За здароўе Броўкі Пеці
Мы прап’ём усё на свеце.
За здароўе Петруся
Вып’ю літр і вытруся.

Ці жартавалі з самога Барадуліна? Вядома, і не раз. Аднойчы Рыгор патэлефанаваў у Хельсінкі Высілю Быкаву, які падчас кароткаў размовы раптам выпаліў: «Чытаў у «Белорусской деловой», як вы з Караткевічам куплялі навагоднія елкі. А яшчэ чытаў, як ты ў інтэрв’ю раіш, як трэба пахмяляцца. Дасюль памятаеш! Ужо друкуешся ў раздзеле «Кулінарыя». Расцеш!»

Фота 04.jpg
Вось так, імаверна, усміхаўся Васіль Быкаў, пажартаваўшы з Барадуліна

Янка Сіпакоў сведчыў, што паэт меў звычку спазняцца. Кожны раз, чакаючы яго, навакольныя ўжо пачыналі злавацца, аднак Дзядзька Рыгор меў незвычайную здольнасць: патэлефанаваць адкуль заўгодна і куды заўгодна. І гэта ў той час, калі мабільнікаў яшчэ не было.

— Я ўжо еду! — казаў Барадулін.
— А адкуль ты звоніш?
— З тралейбуса!

Ганад Чарказян расказваў, што не раз чуў ад паэта: «Я пазваню табе з трамвая!» Гэтая фраза стала прымаўкай у пісьменніцкім асяроддзі. Сяргей Законнікаў неяк выдаў:

Быў дамабільнікавы час...
Рыгор сустрэцца забывае.
Тэлефануем, а ў адказ:
«Я еду... Вам званю з трамвая!»

Цяпер жа што — трамвай, аўто!
Званкі ня дзівяць нават з лесу.
Але ня ўсім вядома, хто
Стаў бацькам гэтага прагрэсу.

Фота 05.jpg
 Знакамітая «дуліна», якую Дзядзька Рыгор мог паказваць тым, хто дакараў яго за пастаянныя спазненні. Крыніца: knihi.com

А аднойчы на сустрэчы на трактарным заводзе Барадуліна хацелі паставіць у няёмкае становішча такім пытаннем: «Вы паездзілі па свеце, дык дзе б хацелі пражыць рэшту год: дома ці ў капіталізме, які гіне?» На гэта паэт дасціпна адказаў: «Дома. Але каб дома было, як у праклятым капіталізме».

Уладзімір Караткевіч, як вядома, прысвяціў Дзядзьку Рыгору сваю «Ладдзю роспачы». Цікава, як там характаразуецца галоўны герой Гервасій Выліваха: «Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін — самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, піток, бабздыр несамавіты». Аднойчы Сяргей Шапран спытаў у Барадуліна:

— А чаму Караткевіч ахвяраваў Вам менавіта «Ладдзю Роспачы»?
— Ну, справа ў тым, што мы з ім весела жылі. Так што, усё магло быць...
— Усё-ткі: магло быць ці было?
— Думаю, што было (усміхаецца).

З гэтай усмешкай мы і запомнім народнага паэта. З днём народзінаў, Дзядзька Рыгор.

Юрась Гарэлка, budzma.org