У чаканні зімовых святаў самы час падрыхтаваць сваё сэрца да цудаў. Мы ведаем найлепшы спосаб гэта зрабіць — не чакаць цудаў, а здзяйсняць іх самім. Дапамога людзям, якія найбольш маюць у ёй патрэбу, чым не сапраўдны цуд? Мы сабралі некалькі ідэй, каб вам было прасцей натхніцца на цуды і падарыць адчуванне свята сабе і іншым.
Вось што можна зрабіць проста цяпер.
1. Дапамагчы адсвяткаваць каляды — акцыя «Падорым дзецям цуд!»
«Давайце разам падорым дзецям, чые сем’і трапілі ў цяжкія абставіны, маленькі цуд і вялікую веру ў беларускую салідарнасць!» — заклікае фонд BYSOL.
Многім беларускім дзецям зараз не хапае найважнейшага: мамы ці таты побач, бо яны знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных матываў. Замест звыклых радасцяў дзяцінства — яны вымушаныя жыць у расстанні, з шматлікімі цяжкасцямі, але мы можам зрабіць так, каб святло ўлюбёных святаў дасягнула і да іх.
Кожнае ваша ахвяраванне — гэта не проста падарунак, гэта знак таго, што свет не забыўся пра іх і пра іх сем’і. Разам мы можам стварыць свята, напоўненае цёплынёй і падтрымкай, дзе, хай на імгненне, дзеці адчуюць прысутнасць бацькоў.
Звярнуцца па дапамогу могуць члены сем’яў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці да 16 гадоў уключна і нехта з бацькоў (ці абодва) знаходзяцца (больш за 3 месяцы), альбо знаходзіліся раней у зняволенні (таксама больш за 3 месяцы). Калі вы сваяк палітвязня, ці вызвалены палітвязень, для атрымання дапамогі запоўніце заяўку па 20 снежня 2024 уключна. На падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана 100 еўра.
2. Падтрымаць калядны збор для дзяцей беларускіх добраахвотнікаў у Вільні
Ідзе збор на калядныя падарункі для беларускіх дзяцей, чые таты — беларускія ветэраны — змагаліся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Гэтыя дзеці жывуць у Літве, не могуць вярнуцца да сябе дадому і часта пазбаўлены радасцяў, якія іншыя дзеці ўспрымаюць як само сабой зразумелае.
Агулам у Літве жыве 11 дзяцей беларускіх ветэранаў. Іх імёны не называюцца ў мэтах бяспекі. Узрост дзяцей — ад 5 да 17 гадоў.
У мінулым годзе віншаваў гэтых дзяцей беларускі добраахвотнік Аляксандр Царук (пазыўны «Сашко») і Любоў Рабцэвіч (жонка «Куся»). На жаль, увесну гэтага года Аляксандра не стала з-за хваробы. Але ягоная дачка Вольга вырашыла працягнуць справу бацькі.
Арганізатары просяць зрабіць унёсак на рахунак дабрачыннай арганізацыі SASHKO, каб мы змаглі здзейсніць мары гэтых дзяцей і зрабіць іх свята святлейшым і цяплейшым.
Paysera:
Savanorių organizacija SASHKO
IBAN: LT083500010016504536 (Paysera LT, UAB)
SWIFT/BIC: EVIULT2VXX
3. Выратаваць выданне «Новы Час». Рэдакцыя тэрмінова патрэбная падтрымка
Пасля падзеяў жніўня 2020 года цягам года «Новы Час» заставаўся ледзь не адзіным сродкам сувязі палітвязняў са знешнім светам. Да спынення выпуску друкаванай газеты артыкулы пранікалі за краты і былі магутнай падтрымкай для палітзняволеных.
Але праз рэзкае скарачэнне фінансавай падтрымкі існаванне выдання апынулася пад рэальнай пагрозай. «Новы Час» вельмі хоча працаваць для вас далей, таму звяртаецца па тэрміновую падтрымку.
4. Падтрымаць беларускую навуковую прэмію «Бізон Хігса 2024»
Рэдакцыя зіна Pamyłkа хоча сфармаваць супольнасць навукоўцаў і выклікаць павагу да беларускай навукі з боку грамадства наўпрост. Для гэтага і засноўваецца прэмія «Бізон Хігса».
На прэмію могуць прэтэндаваць беларусы, якія працуюць у навуковай галіне і нечага дасягнулі ці ўдзельнічаюць у чымсьці, на твой погляд, важным. Любы беларус можа заявіць навукоўца!
Прызавы фонд фармуецца цалкам з унёскаў беларускіх грамадзян, якія падтрымліваюць навуку.
У вызначаны графікам час з’явіцца спіс намінантаў, можна будзе прагаласаваць за свайго намінанта.
Падтрымаць прэмію можна тут.
5. Набыць твор мастацтва і дапамагчы дзецям
З 5 па 25 снежня 2024 года Беларуская культурная ПРАСТОРА запускае асаблівы аўкцыён пад назвай «Свята будзе!».
На аўкцыёне прадстаўлены працы беларускіх мастакоў, а ўсе выручаныя сродкі з продажу карцін пойдуць на арганізацыю Новага года, салодкага стала і набыццё падарункаў для беларускіх дзетак, чые сем’і пацярпелі ад рэпрэсій і апынуліся ў вымушанай эміграцыі.
Сярод аўтараў прац мастакі Павел Лабурдаў, Надзея Саяпіна, Цемра, Яраслаў Кірвель, Лявон Вольскі, Юры Стыльскі, Дар’я Калечыц, Эльга Папова.
Каб прыняць удзел, трэба зайсці на сайт, выбраць карціну і зрабіць стаўку пад абраным лотам, запоўніўшы простую форму.
6. Падтрымаць выданне кнігі «Хлопец Томас»
Першая кніга пра хлопчыка Томчыка з’явілася на беларускай і англійскай мовах у выдавецтве «Гутэнберг» у 2023 годзе.
Цяпер Сяргей Календа разам з сынам Томасам напісалі працяг з 12
гісторый, што будуць цікавыя кнігалюбам ад 0+ да бясконцасці. Гэта выданне будзе таксама на дзвюх мовах (беларускай і англійскай.
Новая кніжка Сяргея Календы пра штодзённае жыццё малога Томчыка і яго сям’і ў духу Мантэсоры: перадусім павага адно да аднаго і ўвага да патрэб і стану дзіцяці. Томчык забаўляецца, выбірае цацкі, плача ад стомы, гуляе ў хованкі і шукае мора — у кожны момант свайго жыцця ён сустракае спрыянне і падтрымку з боку дарослых.
7. Падтрымаць новую серыю дзіцячых кніг з матыватарамі — «Чытаю сабе сам»
У серыі «Чытаю сабе сам» будуць кніжкі трох узроўняў складанасці: чытаем па словах, па сказах, па абзацах.
Каб дапамагчы адважнаму чытачу, выкарыстоўваецца адмысловы шрыфт, распрацаваны для дыслексікаў: літары ў ім лягчэй распазнаюцца і не разбягаюцца. У першых кніжках праставілі націск у словах і расфарбавалі склады. За займальным сюжэтам маленькі чытач і не заўважыць, як перагорне апошнюю старонку. А там яго ці яе чакаюць Дыплом і налепкі: прачытаць цэлую кнігу самастойна — гэта не жарты!
А для бацькоў у падарунак ад выдавецтва — эфектыўная бостанская методыка прывучэння да чытання з табліцай для ўліку часу.
Першыя тры кніжкі выйдуць у канцы студзеня. Выдавецтва плануе зрабіць вялікі наклад (каля 1000 асобнікаў кожнай кнігі) — і ўтрымаць невысокую цану, бо кніжак дзецям на этапе «расчытвання» патрэбна шмат: «нават калі ў вас няма малых дзяцей, ваша падтрымка стане інвестыцыяй, што дапаможа сем’ям гадаваць беларусаў».
8. Дапамагчы педагогу рэабілітавацца пасля калоніі
Каманда BYSOL збірае грошы для жанчыны, якая працавала педагогам у адной з навучальных устаноў. У 2020 годзе яе звольнілі за выхад на мірныя акцыі пратэсту. Жанчына прайшла праз суткі, СІЗА і суды. Атрымала тэрмін. Нядаўна выйшла з калоніі і цяпер просіць дапамогі. Жанчына па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі.
У заяўніцы з’явіліся праблемы са здароўем. Патрэбна аперацыя. Калі своечасова не вырашыць праблему, то сітуацыя ўскладніцца. Просім вас дапамагчы жанчыне.
Сума збору складае 2000 еўра — столькі каштуюць усе неабходныя медыцынскія працэдуры для заяўніцы.
Зрабіць ахвяраванне на рэабілітацыю.
9. Жонцы палітзняволенага патрэбна дапамога, каб вярнуць сыну зрок
«Добры дзень. Я — жонка палітвязня, які зараз адбывае тэрмін у калоніі. Пакуль мой муж у закладніках рэжыму, я баюся публічна называць сябе. Але вымушана, хоць і ананімна, звярнуцца па дапамогу да вас, бо без дапамогі людзей сама не дам рады», — піша жанчына.
Пра хваробу сына стала вядома незадоўга да затрымання мужа. Альтэрнуючая эзатрапія — зрок у дзіцяці проста раптоўна і маментальна сеў на абодвух вачах. У 2022 годзе муж быў арыштаваны, пазней асуджаны па палітычным артыкуле і на шмат гадоў адпраўлены ў калонію.
«Апынуўшыся з дзецьмі на руках, я збірала сваё жыццё нанова. Тыя пытанні, якія раней вырашаў муж, зараз ляглі на мае плечы. Я стала для нашых дзяцей і мамай, і татам. Але і на гэтым няшчасці не скончыліся: адправіўшы майго мужа ў турму, сілавікі прыняліся за мяне — пагражалі арыштам, шантажавалі дзецьмі. Не перадаць, як мне было страшна. Сабраўшы апошнія сілы і грошы, каб выратаваць сябе і дзяцей, я з’ехала ў Літву ў пошуку бяспекі. Пасля стрэсу і пераезду сітуацыя са здароўем сына ў геаметрычнай прагрэсіі пачала пагаршацца. У яго вельмі вялікая прыхільнасць да таты, расстанне і ад’езд пагоршылі яшчэ больш рэшткі зроку», — распавядае жанчына.
Аднавіць зрок сыну зараз можна толькі з дапамогай аперацыі. Прашу неабыякавых людзей дапамагчы мне выратаваць зрок майго сына, каб ён меў мажлівасць сваімі вачамі ўбачыць свайго тату, калі той выйдзе на волю.
10. Дапамагчы настаўніку і ягонай сям’і ў новай краіне
Гэты збор, як і два папярэдніх, таксама ананімны па зразумелых прычынах.
У траўні 2024 у хату настаўніка ўварваўся ГУБАЗіК, яму выставілі абвінавачанне за абразу прадстаўніка ўлады. Следчы адпусціў пад падпіску аб нявыездзе. Са школы звольнілі. «Наша сям’я выбрала шлях эвакуацыі з Беларусі, не чакаючы прысудаў. Зараз мы засталіся без маёмасці і крыніц даходу. Нам неабходныя сродкі для арэнды жылля, пакупкі прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці, для збору старэйшага дзіця ў школу і набыцця цёплых рэчаў. Мы будзем удзячныя за любы ваш удзел, які дапаможа перажыць нашай сям’і гэты няпросты час».
Р.С., Budzma.org