9 лістапада 2025 году на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Познані адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады, піша bellit.info.

Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў». Прэмія ўручаецца з 2016 году.
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. У гэтым сезоне намінанты і журы маглі зашыфраваць сябе, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
У літаратурнае журы Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду «Кніжны вырай» Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна.
Сярод публічных сябраў мастацкага журы — мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе.
Раней быў абвешчаны кароткі спіс прэміі, азнаёміцца з якім можна па спасылцы.
Дата: 9 лістапада, нядзеля, 16.30
Месца: UAM (al. Niepodległośći, 4, Wydział Neofilologji), пляцоўка В
Уваход вольны