Непрыступныя крэпасці, умацаваныя замкі, абаронныя храмы — частыя войны на тэрыторыі нашай краіны некалі вызначылі яе архітэктурнае аблічча. Яны ж прывялі да знікнення яркіх прыкладаў абарончага дойлідства, пакінуўшы ад некаторых з іх толькі замчышчы ды руіны.
Нягледзячы на свой нярэдка жаласны стан, разваліны беларускіх замкаў выглядаюць велічна, таямніча і маляўніча і, безумоўна, будуць цікавыя аматарам даўніны. Planetabelarus.by адабрала дзесяць разбураных беларускіх замкаў, наведванне якіх можа стаць добрай нагодай для падарожжа.
Гэты замак пачаў сваё існаванне з другой паловы XIII стагоддзя. Размяшчаўся ён на дзядзінцы, які быў аддзелены ад старажытнага горада запоўненым вадой ровам і абарончым валам. Самым высокім збудаваннем замка была круглая каменная вежа вышынёй некалькі ярусаў. У першай палове XIX стагоддзя вежу разабралі. Пазнейшыя раскопкі былі багатыя на каштоўныя знаходкі, якія даюць уяўленне аб старажытным Тураве: археолагі знайшлі некалькі дзясяткаў драўляных пабудоў, каменныя падмуркі, сляды паганскага капішча, руіны храма, магчыма, пацярпелага ад землятрусу 1230 года.
Сёння археалагічны комплекс з дзіўнымі знаходкамі ў Тураве адкрыты для наведвання. Паездку на гарадзішча турысты часта сумяшчаюць з экскурсіяй па старажытным горадзе і яго наваколлях, авеяных мноствам міфаў і легенд.
Пабудаваны на мяжы XIII-XIV стагоддзяў, замак у Крэве стаў адным з першых абарончых збудаванняў Вялікага княства Літоўскага. Замк хоць і ляжыць у руінах, але не страціў сваёй гістарычнай каштоўнасці: у падзямеллях замка быў задушаны вялікі князь Кейстут; у яго сценах агаворваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385 г.; замак абкладвалі, захоплівалі і разбуралі. Сёння ад яго засталіся толькі маляўнічыя руіны, вывучэнне і кансервацыя якіх тым не менш не змаглі перашкодзіць «энтузіястам» разбіраць гістарычныя камяні.
Крэўскі замак прызнаны каштоўным турыстычным аб’ектам. Акрамя дакладных гістарычных фактаў, турыстам тут распавядаюць аб падземным тунэлі, які нібы вядзе да самой Вільні, або жудасную гісторыю пра маладую дзяўчыну, жыўцом замураванай у сцяне замка.
На сённяшні дзень разбураны Наваградскі замак лічыцца адным з найбольш наведвальных. Ён упісаны ў многія экскурсійныя маршруты, а на Замкавай гары праходзяць анімацыйныя праграмы, якія дэманструюць, напрыклад, каранацыю Міндоўга або навучаюць старажытным танцам.
Будаваўся Наваградскі замак на працягу XIV–XVI стагоддзяў на Замкавай гары, акружанай ровам. Каменны, абароннага тыпу, ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях і шмат разоў вытрымліваў варожыя набегі. У Навагрудак з’язджаліся ўплывовыя дзяржаўныя дзеячы, паслы, каралі. У сценах замка шматкроць прымаліся немалаважныя рашэнні.
Геранёнскі замак. Н. Орда, 1877
На карце Вялікага княства Літоўскага Геранёнскі замак з’явіўся на рубяжы XV-XVI стагоддзяў. Яго заснавальнік Альбрэхт Гаштольд пры будаўніцтве кіраваўся найноўшымі інжынернымі тэхналогіямі, прытрымліваўся прынцыпаў мясцовай і еўрапейскай архітэктурнай традыцыі. Складзены з каменя і цэглы, замак з чатырма вежамі і двухпавярховым каменным палацам усярэдзіне быў акружаны высокім абарончым валам і шырокім ровам з перакідным мастом. Укапаныя ў вал двухпавярховыя вежы адначасова служылі пазіцыямі для абстрэлу, складамі для зброі і сховішчам пры моцным агні.
Такім чынам, жылы каменны палац са спальнямі і пакоямі для прыёму гасцей апынуўся за падвойнай лініяй абароны. Набліжанасць да сталічнай Вільні выключыла частыя напады на Геранёнскі замак. Затое ягоная пляцоўка неаднаразова служыла для абмеркавання палітычных пытанняў. У Геранёнах святкавалі вяселле адзінага сына Альбрэхта — Станіслава Гаштольда — і Барбары Радзівіл. Тут маладая прыгажуня аўдавела і тут жа пазнаёмілася з Жыгімонтам ІІ Аўгустам. Прыехаўшы ў Геранёны з кароткім візітам, каб вырашыць пытанне аб спадчыне, вялікі князь, зачараваны прыгажосцю маладой удавы, застаецца ў замку на некалькі тыдняў. Іх трагічнае каханне пасля стане, мабыць, самым кранальным раманам у беларускай гісторыі.
Дарэчы, цяпер вёска Геранёны ў Іўеўскім раёне, дзе ляжаць руіны аднаго з самых тэхнічна дасканалых беларускіх замкаў, да гэтага часу носіць герб з выявай сэрца з усаджаным здрадніцкім мячом — як напамін пра гісторыю гэтага кахання.
Замак на востраве каля заходняга берага возера Іказнь на Браслаўшчыне ў пачатку XVI стагоддзя ўзвёў дзяржаўны дзеяч, пісар і асабісты канцлер князёўны Алены Ян Сапега, якому належалі навакольныя землі.
Ад берага востраў быў аддзелены невялікім пралівам, праз які можна было ўзвесці грунтоўны мост. Пабудаваны з цэглы, каменя і дрэва, замак з дзвюма вежамі меў прамавугольную аснову памерам 20×18 метраў і стаяў на штучна створаным узгорку.
Іказненскі замак. Малюнак Лізаветы Хількевіч
Замак быў разбураны падчас Паўночнай вайны ў пачатку XVIII стагоддзі і на працягу двух стагоддзяў разбіраўся на будаўнічы матэрыял. Цяпер ад былога палаца засталіся сляды падмурка ды засыпаныя — у мэтах бяспекі — скляпы і падзямеллі. Дабрацца да яго можна толькі на лодцы, бо маста, як і замка, даўно няма. Даследнікі ўпэўненыя, што калі мост аднавіць, прывесці ў парадак і зрабіць кансервацыю падмуркаў сцен і вежаў будынка, гэтае ўнікальнае месца можа быць цікавым для турыстаў. Тым больш што замкі на натуральным востраве ўзводзіліся нячаста.
Смаляны. Замак «Белы Ковель». Рэканструкцыя на 1638 г. Паўла Татарнікава.
У пачатку ХVII стагоддзя князь Сямён Сангушка-Ковельскі абраў для сваёй рэзідэнцыі правы бераг ракі Дзернаўкі на ўскраіне Смалянаў, якія ўваходзілі ў яго ўладанні, і недалёка ад Оршы і Віцебска, дзе ён займаў дзяржаўныя пасады. Будаўніцтва рэзідэнцыі даверылі галандскаму архітэктару, які, прытрымліваючыся архітэктурных канонаў эпохі Рэнесансу, узвёў у балоцістай нізіне вялікіх памераў палац. Сцены замка памерамі 100 на 200 метраў былі выкладзены з каменя і цэглы, а затым старанна пафарбаваныя ў белы колер. Адзіны на беларускіх землях белы замак назвалі «Белым Ковелем», увекавечыўшы тым самым найменне заснаванага Сангушкамі горада на Валыні.
Упрыгожаны фрэскамі раскошны палац заслужана граў ролю культурнага цэнтра Усходняй Беларусі, прымаў знакамітых вандроўнікаў па шляху з Заходняй Еўропы ў Маскву. Значным у лёсе замка стала XIX стагоддзе: у яго пачатку «Белы Ковель» разбіралі на цэглу, а ў другой палове правялі кансервацыю адзінай ацалелай вежы. Руіны Смалянскага замка — фрагменты падмурка і пяціярусная вежа — узвышаюцца над зямлёй як сімвал былой велічы і нават у такім статусе здольныя прыцягнуць турыстаў і фатографаў.
Будаўніцтва Быхаўскага замка ў якасці сваёй загараднай рэзідэнцыі пачынаў у XVII стагоддзі Ян Караль Хадкевіч. Наступны ўладальнік — багаты і ўплывовы Леў Сапега — перабудаваў і значна ўмацаваў палацава-замкавы комплекс. Абароненаму глыбокім ровам і валамі з бастыёнамі гораду-крэпасці ўдавалася стрымліваць шматмесячныя аблогі непрыяцеля і не здаваць пазіцыі ў самыя неспакойныя для Рэчы Паспалітай часы. У замку на беразе Дняпра ўвесь час знаходзіўся воінскі гарнізон, а для ўзмоцненай абароны ў Быхаў выклікалі прафесійных салдат з Венгрыі і Германіі. Абсталяванне замка дазваляла поўнасцю забяспечваць сваіх абаронцаў зброяй.
Калі Быхаў увайшоў у склад Расійскай імперыі, Быхаўскі замак страціў сваё стратэгічнае значэнне і пачаў трухлець. Да нашых дзён ён дайшоў у статусе разбуранага помніка архітэктуры.
Высокаўскі замак. Н. Орда, 1876
У XVII стагоддзі віцебскі ваявода ўзвёў умацаваны замак у горадзе Высокае, у мінулым — Высока-Літоўску. Размешчаны на высокім беразе ракі Пульвы, замак з усіх бакоў быў акружаны вадой. Патрапіць туды было магчыма, праехаўшы па пад’ёмным мосце, перакінутым праз шырокую сажалку. Тры брамы замка знаходзіліся ў вежы, убудаванай у тоўшчу землянога вала. Гэтыя валы, дарэчы, захаваліся да нашага часу, як і руіны брамы.
Каля развалін старога замка раскінуўся парк з рэдкімі відамі дрэў — да гэтага часу тут растуць чорная і аўстрыйская хвоі, лістоўніца еўрапейская і даўрская, бук еўрапейскі і шуміць каштанавы гай. У свой час ландшафтны парк з вадаёмам, каналам, невысокай тэрасай і вялікім фруктовым садам упрыгожваў тэрыторыю вакол новага палаца, пабудаванага Пелагеяй Патоцкай, і лічыўся адным з самых маляўнічых на тэрыторыі краіны. Палацава-паркавы ансамбль часткова захаваўся і ў звязку з руінамі замка служыць галоўнай славутасцю Высокага.
Першы замак у Ружанах, адначасова непрыступную крэпасць і свецкі палац, у пачатку XVII стагоддзя ўзводзіць Леў Сапега. Вядомы палітычны дзеяч выкарыстаў ружанскую рэзідэнцыю для абмеркавання палітычных пытанняў, не раз арганізоўваючы ў ім прыёмы паслоў і каралёў. Праз стагоддзе Аляксандр Сапега зноўку адбудоўвае разрабаваны і паўразбураны падчас Паўночнай вайны замак. Архітэктар Ян Бекер надае яму элегантны выгляд, выкарыстоўваючы ў будаўніцтве прынцыпы барока і класіцызму. Звонку палац акружалі сады, паркі і аранжарэі. Па прыгажосці і раскошы Ружанскі палац сталі параўноўваць з французскім Версалем.
Прычынамі разбурэння цудоўнага палаца сталі войны і... прачкі. У час Першай сусветнай вайны ў замку працавала суконная фабрыка. Па віне работніц на працоўным месцы здарыўся наймацнейшы пажар, які прывёў да абвалу сцен. Пасля Другой сусветнай да каменных руін часта прыходзілі мясцовыя жыхары — зараз камяні палаца варта шукаць у навакольных гаспадарчых пабудовах.
Да нядаўняга часу руіны Ружанскага замка былі самымі маштабнымі і маляўнічымі, як бы дзіўна гэта ні гучала ў адносінах да развалін. Восем гадоў таму ў старажытных уладаннях Сапегаў пачаліся рэстаўрацыйныя работы, падчас якіх удалося аднавіць браму і бакавыя флігелі. Астатнія захаваныя часткі замка пакуль застаюцца ў ранейшым стане. Кожны год ля сцен палаца праходзіць свята «Ружанская брама».
Каменны замак Сапег у Гальшанах, пабудаваны пад уплывам галандска-фламандскай архітэктуры ў першай палове XVII стагоддзя, быў цудоўна абсталяваны ўнутры і надзейна абаронены звонку. Падлогі былі пакрытыя керамічнымі ўзорыстымі плітамі, печы выкладзены кафляй, столь і каміны ўпрыгожаны ляпнінай. На сценах віселі незлічоныя карціны; бібліятэка мела вялікі збор кніг; не менш разнастайнай была і калекцыя зброі. У Гальшанскім замку працавалі сістэма ацяплення, каналізацыя і вадаправод.
Гальшанскі замак. Рэканструкцыя Дзмітрыя Бубноўскага
Частая змена гаспадароў, на жаль, прывяла да струхлення велічнага замка. Апошні яго гаспадар узрываў вежы і сцены, а цэглу прадаваў на будаўніцтва карчмы. З таго часу разбураны Гальшанскі замак стаў адным з самых таямнічых мясцін Беларусі. У яго наваколлях здараюцца невытлумачальныя і загадкавыя здарэнні, а па руінах блукаюць прывіды Чорнага манаха і Белай дамы, і, каб пра іх не забыліся, зрэдку і неахвотна паказваюцца людзям у месяцовую ноч.
Гальшанскі замак застаецца ў цэнтры ўвагі турыстаў круглы год. Туды едуць — хто ў складзе арганізаванай групы, хто ў індывідуальным парадку, паклаўшыся на веды экскурсавода або перагартаўшы томік Караткевіча, — каб асабіста пераканацца ў існаванні таямніцы. Дадатковай нагодай для паездкі ў Гальшаны служыць фестываль сярэднявечнай культуры, які штогод праходзіць ля сцен разбуранага замка.
Аўтар: Яна Шыдлоўская, фота: Сяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц.