«За хараство» — менавіта з такой фармулёўкай гэты касцёл у 1865 годзе быў сканфіскаваны расійскімі ўладамі. Пра які менавіта касцёл ідзе размова і на якія яшчэ архітэктурныя цуды абавязкова варта звярнуць увагу, вандруючы па Верхнядзвінскім раёне, распавядаем у артыкуле. Запрашаем у віртуальную вандроўку.
Фота: planetabelarus.by
1. Верхнядзвінск. Касцёл Нараджэння Панны Марыі
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў стылі класіцызм у 1809 годзе, быў адноўлены ў 1867 годзе. Першы вядомы храм з’явіўся тут у 1734 годзе і быў драўляным. Побач з касцёлам у 1860 годзе былі ўзведзены плябанія, флігель, капліца, стайня ды свіран. У 1899 годзе плябань згарэла, новая, якую мы можам пабачыць і сёння ў Верхнядзвінску, была закладзена на пачатку ХХ стагоддзя. За савецкім часам будынак храма выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам.
Фота: planetabelarus.by
2. Верхнядзвінск. Царква Святога Мікалая
Царква Cв. Мікалая ў Верхнядзвінску была пабудаваная ў 1819 годзе ў стылі класіцызм. Знешне даволі сціплая, моцна адрозніваецца ад цэркваў, якія будаваліся на паўстагоддзя пазней, пасля Студзеньскага паўстання, так званых «мураўёвак». Унутры царквы варта звярнуць увагу на абраз «Маці Божая Вастрабрамская» ХІХ стагоддзя, абразы XVIII стагоддзя «Евангелісты Матфей і Лука» і «Раство Маці Божай».
Фота: planetabelarus.by
3. Асвея. Крушні палаца Гільзанаў
У Асвеі варта пабачыць крушні калісьці велічнага сядзібна-паркавага комплексу роду Гільзенаў. Палац быў пабудаваны ў 1782 годзе ў стылі класіцызм, калі маёнтак Асвея належаў мінскаму ваяводу Яну Аўгусту Гільзену. Сёння ад сядзібнага комплексу, зруйнаванага ў 1914 годзе, засталіся толькі крушні: сцены колішняй Блакітнай залі, здзічэлы парк. Але нягледзячы на гэта былы палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца вельмі каларытным месцам для ўсіх падарожнікаў. Настойліва раім і пашпацыраваць па колішнім прысядзібным парку, тут захавалася вялікая колькасць экзатычных і мясцовых дрэваў ды хмызоў. Парк, закладзены ў другой палове XVIII стагоддзя, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: @tomkad
Фота: @tomkad
4. Асвея. Будынак шпіталя пры колішнім кляштары Сёстраў Міласэрнасці
Будынак шпіталя — усё, што засталося ў Асвеі ад калісьці велічнага кляштарнага комплексу Сёстраў Міласэрнасці і барочнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, будаўніцтва якога фундаваў Ян Аўгуст Гільзен у 1782 годзе па праекце архітэктара Антонія Парака. У 1836 годзе, пасля паразы паўстання 1830–1831 гадоў, кляштар у Асвеі быў скасаваны. Да нашых дзён захаваўся толькі будынак шпіталя, узведзены ў 1759 годзе. Ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Фота: fotobel.by
Фота: wikimedia.com
5. Асвея. Царква Святога Георгія
Ёсць у Асвеі і праваслаўны храм Святога Георгія, узведзены ў стылі народнага дойлідства з дрэва. Вядома, што царква была першапачаткова пабудавана ў колішняй Дрысе (сёння Верхнядзвінску) у другой палове ХІХ стагоддзя, і да канца ХХ стагоддзя размяшчалася на мясцовых могілках. Але ў 1990-я гады была разабрана і перавезена ў цэнтр Асвеі.
Храм з’яўляецца самым паўночным культавым будынкам у Беларусі. Магчыма, такі статус наклаў адбітак і на знешні выгляд храма: будынак мае нязвыкла высокі двухскатны дах, што з’яўляецца неабходнай умовай для таго, каб снег своечасова абсыпаўся з даху і залішне не абцяжарваў яго.
Фота: @tomkad
6. Сар’я. Колішні касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, сёння царква Успення Святой Багародзіцы
Храм у вёсцы Сар’я ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік сакральнай архітэктуры рэспубліканскага ўзроўню. Будынак Сар’янскага храма — адзін з самых выразных прыкладаў неаготыкі ў краіне. Месцічы з захапленнем ды гонарам называюць яго «каменны крышталь» ці «каменныя карункі».
Фота: planetabelarus.by
Касцёл быў узведзены ў 1850 годзе Ігнатам Дамінікам Лапацінскім, тагачасным гаспадаром Сар’і, у памяць пра ягоную каханую жонку Марылю, якая заўчасна пайшла з жыцця. Аўтар праекта — прускі архітэктар Густаў Шахт. Касцёл мусіў увасабляць сваёй формай вытанчаную прыгажосць маладой жонкі Лапацінскага Марылі ды глыбіню ягоных пачуццяў. У другой палове ХІХ стагодззя была модная неаготыка, таму выбар стылю не стаўся праблемным пытаннем.
У 1865 годзе, пасля Студзеньскага паўстання, касцёл быў сканфіскаваны расійскімі ўладамі з фармулёўкай «за хараство».
Фота: planetabelarus.by
У 1935 годзе храм быў зачынены, пасля Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўваўся як сховішча, пасля як забаўляльная ўстанова. У канцы 1980-х гадоў касцёл быў часткова рэканструяваны, але не адноўлены да канца. У 1989 годзе храм быў вернуты каталікам, але ў 1990 годзе расійская праваслаўная царква зноў запрэтэндавала на будынак, тады касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі быў канчаткова перайменаваны на Успення Святой Багародзіцы ды зноў перайшоў ва ўласнасць праваслаўных.
7. Росіца. Касцёл Святой Тройцы
Асноўным архітэктурным цудам колішняй вёскі Расіца, сёння Росіца, з’яўляецца касцёл Святой Тройцы. Вядома, што першы касцёл тут быў узведзены ў 1778 годзе па фундацыі тагачаснага гаспадара паселішча Мікалая Лапацінскага. Той касцёл, на жаль, не захаваўся да нашых дзён. Але на ягоным месцы ў 1906 годзе пачалося ўзвядзенне новага цаглянага рыма-каталіцкага храма ў неараманскім стылі, асвечанага ў 1911 годзе таксама, як і ягоны папярэднік, у гонар Святой Тройцы. Кіраваў будаўніцтвам тагачасны гаспадар Расіцы Станіслаў Лапацінскі.
Фота: planetabelarus.by
Дзве высокія вежы касцёла былі знішчаны ў 1930-я гады савецкай уладай, бо недалёка была мяжа з Польшчай і вышыня гэтых вежаў уладам падавалася небяспечнай з-за надуманай пагрозы патрапляння ў іх артылерыйскага вагню з боку суседняй дзяржавы. Так касцёл страціў свой першапачатковы выгляд.
Фота: planetabelarus.by
Рэлігійнае жыццё Расіцы пачало аднаўляцца на пачатку Другой сусветнай вайны, калі сюды вярнуліся айцы-марыяне Антон Ляшчэвіч і Юры Кашыра, але ненадоўга, бо ўжо ў 1943 годзе нямецкія ўлады скарысталі будынак касцёла як вязніцу для палонных. Неўзабаве ксяндзы і 1528 жыхароў вёскі былі забітыя. У 1999 годзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ беатыфікаваў Антона Ляшэвіча і Юрыя Кашыру, якія адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў і да апошняга спавядалі іх.
Фота: planetabelarus.by
8. Вопытная. Крушні палацава-паркавага комплексу Нітаслаўскіх
У вёсцы Вопытная, колішнім маёнтку Бігосава, варта пабачыць крушні палаца Нітаслаўскіх сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Комплекс будынкаў, уключна з капліцай, гаспадарчымі пабудовамі, стайняй і часткова захаваны сёння парк з сажалкай былі закладзеныя ў другой палове ХІХ стагоддзя Вітольдам Нітаслаўскім. Сама родавая сядзіба Нітаслаўскіх была ўзведзена ў стылі позняга класіцызму, уяўляла з сябе аднапавярховы мураваны прастакутны будынак з двума бакавымі выступамі на высокім падмурку. Перад асноўным будынкам быў размешчаны парк пейзажнага тыпу. У цэнтры сядзібнага ансамблю была сажалка са штучнай выспай, праз якую калісьці былі перакінутыя масткі. На захад ад сажалкі размяшчаліся гаспадарчыя будынкі ды мураваная капліца.
Фота: planetabelarus.by
Апошні гаспадар сядзібы пакінуў уладанні ў лютым 1917 года. Нейкі час у сядзібе размяшчалася памежная частка, пасля тут адчынілі вопытную станцыю, у пасляваенны час у будынку месціўся будаўнічы тэхнікум, пасля тут праводзіліся курсы старшыняў калгасаў, а ў 1957 годзе адчыніўся заатэхнічны тэхнікум. З 1970-х гадоў будынак апынуўся ў запусценні, некаторы час выкарыстоўваўся як дзіцячы летнік, але яго так і не адрамантавалі. Сёння сядзіба знаходзіцца ў выглядзе крушняў ды імкліва разбураецца.
9. Бігосава. Чыгуначная станцыя
У Бігосава нас цікавіць унікальны архітэктурны помнік пачатку ХХ стагоддзя, узведзены ў стылі мадэрн з абарончымі элементамі — будынак мясцовай чыгуначнай станцыі. Незвычайны для вакзала знешні выгляд станцыі Бігосава абумоўлены тым, што станцыя знаходзілася ў памежным раёне. Сёння выгляд яе троху зменены, але захаваліся асноўныя рысы: шпіль ды вежы, масіўныя сцены ды ганак, паўкруглыя вокны па-над цэнтральным уваходам. Сярод месцічаў пераказваецца легенда, што права на тое, каб змяніць назву чыгуначнай станцыі ў 1910 годзе, было разыграна ў карты. Выйграў тагачасны гаспадар маёнтка Бігосава, таму станцыя, якая з 1866 года, ад самага будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі, мела назву Георгіеўская, была перайменаваная ў Бігосава.
Фота: wikimedia.com
10. Бароўка. Царква Святой Ефрасінні Полацкай
У вёсцы Бароўка варта пабачыць храм Святой Ефрасінні Полацкай, пабудаваны ў 1840 годзе. Храм цікавы тым, што ўзведзены яшчэ да таго, як на тэрыторыі Беларусі пачалі масава ўзводзіць цэрквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, так званыя «мураўёўкі», каб наблізіць мясцовую праваслаўную архітэктуру да расійскай пасля Студзеньскага паўстання. Мураваная царква ў Бароўцы пабудавана ў стылі позняга класіцызму. Але знешні выгляд царквы зведаў некалькі перабудоваў, таму яна троху адрозніваецца ад той, якую бачылі месцічы ў ХІХ стагоддзі. За савецкім часам у царкве размяшчалася сховішча, пасля функцыянавала крама, пасля крамы месціўся сельскі клуб. У 1990-я гады будынак быў вернуты вернікам, тут пачалі спраўляцца службы, адчынілася нядзельная школа, якая функцыянуе і сёння.
Фота: wikimedia.com
ПЖ, budzma.org