«У гэткiх абставiнах, асаблiва ў палiтычных абставiнах апошняга часу, — адзiнае, што, можа быць, застаецца для дзеячоў культуры, — гэта кансерваваць тое, што ёсць — у галiне культуры, нацыянальнай iдэалогii». Падаецца, што гэта зварот да творцаў, якія сёння застаюцца ў Беларусі. Але насамрэч гэтыя словы прамоўлены Васілём Быкавым у далёкім 1995 годзе. Словы, напоўненыя глыбокай мудрасцю і асабістым досведам. У гэтым матэрыяле сабралі знакавыя цытаты Васіля Быкава пра творчасць і вечную барацьбу за праўду і прыгажосць.
Васіль Быкаў. Крыніца: sputnik.by
Літаратура ў цэлым служыць чалавеку і падобна да кропляў вады, якія дзяўбуць камень. Яна таксама з дзіўнай настойлівасцю пракладвае ў чалавечай свядомасці шлях да дабра і справядлівасці.
«Ад імя пакалення», гутарка Н. Кузняцовай. 1980
Ці так ужо важна дбаць аб адлюстраванні ў літаратуры нейкага своеасаблівага рытму часу. Куды больш варта, здаецца, паклапаціцца аб праблемах старых, але затое больш важных, такіх, як наданне літаратуры яе законнага права на высокі інтэлектуалізм, філасафічнасць і нястомныя пошукі праўды жыцця, без чаго ні літаратура, ні адно з мастацтваў не могуць не толькі развівацца, але і колькі-небудзь працягла існаваць.
Права на праўду. 1963
Усё ж для мастака патрэбна няспыннасьць, штодзённасьць занятку, інакш рука траціць цьвёрдасьць, а зрок — вастрыню.
Пункціры жыцця. 1993
Наш час асаблівы — крывадушны і жорсткі, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасьці, толькі мы яшчэ ня надта ўцямілі тое.
Доўгая дарога дадому. 2003
Але ці дужа якая ідэя патрэбна творцу, калі ягоная душа ўжо захоплена ідэяй іншага кшталту — ідэяй праўды і прыгажосьці? Iншаму там месца няма, і ён — індывідуаліст.
Доўгая дарога дадому. 2003
У культурным грамадстве сапраўднае мастацтва (не кiтч) па сваёй сiле ўздзеяння можа супернiчаць з натуральнымi праявамi жыцця.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Васілём Быкавым, 1995
У крызiсны час майстра заняты не так пошукам метафар, як пошукам хлеба. Найбольш чорнага хлеба праўды.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Васілём Быкавым, 1995
Мастацкаму таленту ў рынкавы час няма чаго рабiць, тут патрэбны здольнасцi iншага кшталту. Генiй жа тут проста непатрэбны, чужая iстота, якую па-бiблейску заўсёды бiлi каменнем.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Васілём Быкавым, 1995
Рэалiстычнае мастацтва — выяўленчае цi лiтаратура — усё ж вымагае пэўнага элементу стыхiйнасцi, неарганiзаванасцi, якiх не было ў нашым дашчэнту зарганiзаваным, рэгламентаваным бальшавiсцкiм мiнулым.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Васілём Быкавым, 1995
У гэткiх абставiнах, асаблiва ў палiтычных абставiнах апошняга часу, — адзiнае, што, можа быць, застаецца для дзеячоў культуры, — гэта кансерваваць тое, што ёсць — у галiне культуры, нацыянальнай iдэалогii.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Васілём Быкавым, 1995