Беларускае выдавецтва «Тэхналогія» выпусціла каляндар на 2026 год з чорна-белымі фотаздымкамі, зробленымі ў Мінску ў 2002–2005 гадах. Аўтар фота — беларускі мастак, фатограф і літаратар Артур Клінаў. Каляндар прысвечаны 20-годдзю ягонага праекта «Горад Сонца».
Каляндар "Горад Сонца". Фота з інстаграма выдавецтва "Тэхналогія"
Як паведамляе выдавецтва на сваёй старонцы ў інстаграме, каляндар выйшаў на беларускай і англійскай мовах, каштуе 21 рубель.
«Горад СОНца» — праект Артура Клінава, прысвечаны вобразу Мінска як ідэальнага горада Утопіі для будучага ідэальнага грамадства.
«У кнізе „Малая падарожная кніжка па Горадзе СОНца“ Артур Клінаў як архітэктар-горадабудаўнік вядзе экскурсію па Горадзе СОНца, апавядаючы пра яго канцэпцыю, гісторыю з’яўлення, эстэтыку і каноны. Акрамя таго, праект „Горад СОНца“ — гэта ўнікальная калекцыя мастацкіх фотаздымкаў, зробленых аўтарам у 2002–2005 гадах», — адзначаюць выдаўцы.

Замовіць каляндар можна на сайце tn.by або набыць у краме выдавецтва па адрасе Ляўкова, 19 (уваход з боку Варанянскага, ст. метро Кавальская Слабада, пн-чц з 10:00 па 19:00, пт — 10:00–18:00).