У дзень народзінаў мэтра беларускай літаратуры Уладзіміра Някляева сабралі 10 трапных цытат паэта пра радзіму, свабоду, творчасць і нашу будучыню.
Уладзімір Някляеў
Турмаў няма ў звяроў. Няма ў птушак. Толькі ў людзей, якія для птушак і звяроў прыдумалі клеткі.
«Толькі вершы»
Сябе ад сябе не адкінеш.
«Знакі прыпынку!»
Уладзімер Някляеў (пачатак 1980-ых)
Я не веру, што Беларусі не стане. Бо ведаю, што яна будзе. Калі нават згубіць, як ужо губляла, межы, ці страціць пракметы дзяржаўнасці, дык будзе сама ў сабе. І зноў знойдзе свае межы, як змяя новую скуру.
З допіса ў Фэйсбуку, (2022 г.)
Горай ня будзе, бо лепш не было.
З кнігі «Кон. Вершы двух стагоддзяў», 1995 г.
Уладзімір Някляеў і Яўгенія Янішчыц (1978 г.)
Гэта раней мне хацелася славы, прычым паўсюль. Сёння ўжо не хочацца. Я пішу дзеля таго, каб не звар’яцець. Калі я сыходжу ў свет літаратуры, то адыходжу ад нашай жахлівай рэальнасці. А яшчэ пішу таму, што мне гэта падабаецца рабіць.
З інтэрв’ю для «Народнай Волі», 2023 г.
Для мяне няма і не будзе ніякай паралельнай Беларусі. Ёсць адна Беларусь, яна знаходзіцца там, дзе я нарадзіўся і дзе я пакладуся ў зямлю.
З інтэрв’ю для «Народнай Волі», 2023 г.
Нас чакае доўгая і ўпартая барацьба Еўропы і ўсяго цывілізаванага свету з імперскім злом. Я ўжо не думаю, што мне давядзецца дажыць да перамогі. Але я веру ў яе. Гэта мая асабістая вера. Але я не буду спяваць «гімн пабедны», ствараючы людзям ілюзіі. Ілюзіі — не самае лепшае, што паэт можа падараваць свайму чытачу.
З інтэрв’ю для «Народнай Волі», 2023 г.
Мы хворыя на айкафобію. На нелюбоў да свайго. Да сваёй мовы, культуры, гісторыі... Амаль усё, што не сваё, у нашым уяўленні лепшае. Па сутнасці — гэта хвароба, на якую ў розныя часы хварэлі розныя народы, але ў беларусаў яна хранічная. І пакуль мы ад хваробы гэтай не пазбавімся, не палюбім саміх сябе і ўсё сваё, датуль не дапамогуць нам стаць народам, паўнавартаснай нацыяй ніхто і нішто.
З эсэ для праекта «Беларусь — Зазірнуць у будучыню», dekoder.org, 2024 г.
Музыка Уладзімір Мулявін і паэт Уладзімір Някляеў, 1990-я гг.
Найпростае жыццё ў сваёй аснове,
на выбар — толькі два шляхі ў жыцці:
Уверх — каб падымацца да любові,
Уніз — каб да нянавісці ісці.
з паэмы «Вавукі»
БЕЛАРУСЫ
З кнігі «Кон. Вершы двух стагоддзяў», 2003
Што б ні казалі, і што б ні плялі
— Мы не ў зямлі, а на зямлі.
Budzma.org
Фотаздымкі з тэлеграм-канала Суполкі беларускіх пісьменнікаў