«Энергія тых мясцінаў заварожвае!» Размова з пісьменнікам Аляксандрам Карнаўхам пра шлях да літаратуры і беларускі космас

Аляксандр Карнаўх — аўтар хорара «Халодныя землі» пра Ельню, балоты, забытыя мовы, беларусаў ды містыку. «Халодныя землі» — дэбютная кніга аўтара. Гэта містычны дэтэктыў з моцнай інтэлектуальнай канвой. Не тое, каб перад чытаннем, каб нешта зразумець, трэба адужаць цэлую бібліятэку. А вось пасля чытання — застаецца «здаровы голад». Пытаннечкі.

Хто кансультаваў пісьменніка перад стварэннем кнігі? Навошта было выкідваць вялікія кавалкі тэксту? Ці будзе працяг? Журналіст Budzma.org паразмаўляў пра гэта з Аляксандрам Карнаўхам..

Aliaksandr KarnaŭchАляксандр Карнаўх 

Ельня — крыніца натхнення. Дзе яшчэ «пасяліць» беларусаў?

Лёгка паверыць, што сам аўтар паходзіць з «балотнага краю». У кнізе шмат сантыменту галоўнага героя да Ельні — здаравезнага масіву дрыгвы, дзе і разварочваюцца падзеі хорара. Каб гэтак пісаць, трэба ведаць край дасканала. Дык?.. 

АК. Не, я з Нясвіжа. Наогул дык правёў некалькі гадоў у дзяцінстве ў Германіі праз службу бацькі... Ельню я ведаю з падарожжаў. Мы з сябрамі любілі пакатацца па Беларусі, а энергія тых мясцінаў заварожвае! 

Калі падыходзіш да ўскрайку дрыгвы, разумееш: перад табой іншы свет. Космас. І на беразе гэтага Космасу стагоддзямі жывуць людзі... Ваў!

Паводле Аляксандра, Ельня — толькі крыніца для натхнення. Кніга пра Беларусь і беларусаў. Але дзе ж яшчэ паставіць містычны хорар на беларускім матэрыяле, як не ў краі «балот і азёр»? Натуральны асяродак. Атрымаўся ўдалы рэдызайн старой лакацыі, якую і раней карысталі нашы літаратары. Але тут усё па-новаму.

«Усё, што трэба для ідэальнага забойства...»

Паводле стэрэатыпу, шлях пісьменніка ляжыць праз філфак, «раёнкі», пісьменніцкія саюзы... Выпадак Аляксадра — іншы. Як сын вайскоўца, ён наогул не вучыў у школе беларускую. Больш за тое, адчуваў «гравітацыю» да фізікі з матэматыкай. Пасля фізічнага факультэта БДУ працаваў у маркетынгу, рэкламе, PR — «вось гэта ўсё»

АК. Пазней, калі жыў у Італіі, з’явілася шмат вольнага часу. Ёсць магчымасць, жаданне і — папера. Як у дэтэктывах: усё, што трэба для ідэальнага забойства. (смяецца) 

У «Халодных землях» сюжэт круціцца вакол шыфру, але аўтар пераконвае, што яго любоў да матэматыкі тут ні пры чым. Гэта пра загадку. Яскравы прыклад — «Манускрыпт Войніча», які бударажыць розум і тэхнарам, і гуманітарыям. Тэма шыфру — універсальная завязка. А што ж там глыбей?

«Chalodnyja ziemli»

«Прачытаўшы ўсе гэтыя кніжкі, трэба на іх забыцца»

АК. Містыка — гэта мова метафараў. Цяжка не заўважыць паралеляў паміж «тахтарамі» [рэліктавае племя, якое жыве на балотах — рэд.] і беларусамі. Шлях героя праз выпрабаванні да дзедавай хаты — гэта вяртанне да сябе. Урэшце, забытая мова — той самы шыфр, які ён пачынае разумець на інтуітыўным узроўні. Гэта і пра нашу мову таксама.

Вобраз галоўнага героя — выкладчыка Антона — невыпадковы. Ён робіць памылкі, хвалюецца, не ўпэўнены ў сабе — зусім не Індыяна Джонс. Але і тут усё відавочна. Герой стае блізкім і пазнавальным для чытача. Яго вядуць імпульсы, інтуіцыя, пытанні. 

У кнізе шмат міфалагічных канструкцый: культ ваўка і жорава, даўнія колеры, пярэваратні, абрадавы цыкл, карнавальныя элементы традыцыі з вусцішным маскарадам... Хто падказаў усё гэта аўтару?

АК. Мяне ніхто не кансультаваў. Так, чытаў шмат крыніцаў. Але, ведаеце... прачытаўшы ўсе гэтыя кніжкі, трэба на іх забыцца. І — прыдумаць усё нанова. Гэта не канспект асобнага корпусу даследаванняў. Я хацеў выказаць простую думку: сусвет «Халодных земляў» не грунтуецца на тэорыі, гэта вольны малюнак. 

Aliaksandr Karnaŭch Аляксандр Карнаўх 

Аўтару прыйшлося шчыльна папрацаваць з моўным кейсам. Таямнічая мова, якая фігуруе ў кнізе, існуе сёння адно ў табліцах, ніхто на ёй не размаўляе. «Каб напісаць усяго некалькі фразаў — трэба было адбудаваць цэлы кавалак мовы», — кажа Аляксандр.

Працяг — будзе?.. 

Шмат што з кнігі засталося «за бортам» — па-за выніковым тэкстам. 

АК. Гэта асэнсаваны крок. Шлях ад фабулы да сюжэту ішоў на памяншэнне. На мой погляд, такое скарачэнне мае сэнс: дадае туману. Тут чытач нешта бачыць, а там — ужо не. А калі не ведаеш усяго, то застаешся ў стане роспачы... Калі ж навідавоку адказы на ўсе пытанні, то эфект загадкі знікае.

Паводле аўтара, фідбэк чытачоў — гэта магчымасць убачыць гісторыю іншымі вачыма. Нібы слухаць рэха свайго голасу — як адгукнецца? Толькі расчуўшы галасы звонку, можна думаць пра магчымасць працягу кнігі.

АК. Пакуль што не наважыўся на працяг, але — шмат што здарылася пасля кропкі, пастаўленай у тэксце. Гаворка пра гісторыю, якая засталася па-за кнігай. Зрэшты, ёсць і іншыя ідэі, якія я хацеў бы рэалізаваць. Пакуль без падрабязнасцяў.

halofnyia-ziemli-02.jpg

Ужо ў траўні гэтага года аўтар плануе турнэ з прэзентацыямі па Польшчы (Варшава, Кракаў, Уроцлаў, Гданьск, Познань). 

Кнігу «Халодныя землі» можна замовіць па спасылцы.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

Фота прадстаўленыя аўтарам кнігі