10 замежных фільмаў, у якіх згадваецца Беларусь

Беларусь не так часта з’яўляецца ў замежных фільмах, і калі гэта адбываецца, часцяком краіна малюецца праз прызму культурных клішэ, а часам замежныя аўтары і зусім не могуць адрозніць беларускі кантэкст ад расійскага. Напрыклад, у культавым серыяле «Сябры» герой ляціць у Мінск... які чамусьці аказваецца ў Расіі. Тым не менш Budzma.org адшукала некалькі цікавых прыкладаў: ад баевікоў да камедый.



1. «Джон Уік» (John Wick)

john-wick

Год: 2014

Жанр: баявік

Рэжысёр: Чад Стахелскі, Дэвід Літч

«Я — дзіця Беларусі» — гэта фраза вымаўленая галоўным героем баевіка, якога сыграў Кіану Рыўз, стала амаль падставай для жартаў і мемаў у беларускай аўдыторыі. Па сюжэце Джон Уік, ён жа Джарданіо Іванавіч, нарадзіўся ў Беларусі, у вёсцы Падгорʼе. Яго бацькі былі ромы: яны рана памерлі, і хлопчыка ўсынавіў сябар сямʼі, пасля чаго той, мабыць, апынуўся ў Амерыцы і пайшоў па крывой дарозе, стаўшы наёмным забойцам.

Вёска Падгорʼе ў Беларусі сапраўды існуе. Пасля выхаду фільма «Джон Уік» беларуская каманда кінематаграфістаў адправілася туды і зняла жартоўны сюжэт пра аднавяскоўцаў Джарданіо.

2. «Шэрлак» (Sherlock)

sherlock

Год: 2010-2017

Жанр: дэтэктыў, крымінал

Рэжысёр: Пол Макгіган і інш.

У сучаснай брытанскай экранізацыі рамана Конан Дойла з Бенедзіктам Камбербетчам у галоўнай ролі таксама згадваецца Беларусь. Фільм перароблены пад сучасныя рэаліі: па сюжэце слава пра Шэрлака прагрымела па ўсім свеце і цяпер ён надзвычай запатрабаваны. І вось, галоўны герой аказваецца ў Мінску: адзін зняволены хоча, каб той расследаваў ягоную справу, інакш яго павесяць. 

Мабыць, Беларусь у фільме абраная нездарма, а менавіта праз гэты факт, бо гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца вышэйшая мера пакарання. Зрэшты, Шэрлак адразу разумее, што гэта простае забойства і расследаваць там няма чаго, і адмаўляецца ад справы. Адзінае, што не ўлічылі стваральнікі фільма — у Беларусі караюць смерцю праз расстрэл, а не праз павешанне.

3. «Любоўная гісторыя» (Love Affair)

lovw-affair


Год: 1994

Жанр: меладрама

Рэжысёр: Глен Гордан Кэрон


Рамантычны фільм пра двух закаханых, Майка і Тэры, у якіх усё не так проста: абое яны ўжо знаходзяцца ў іншых адносінах.

Самалёт, на якім ляцяць героі, раптам вымушаны здзейсніць экстраную пасадку... не, не як у гісторыі з Раманам Пратасевічам, беларускія ўлады там замяшаныя не былі. Тым не менш пара вымушаная перасесці на карабель, дзе іх вітаюць: «Сардэчна запрашаем на борт Беларусі». Там жа, у рэстаране, героі пʼюць шампанскае пад балалайку і матывы народных песень (праўда, зусім не беларускіх, а рускіх). А адзін з наведвальнікаў бара чытае верш пра Чарнобыль.

4. «Чарнобыль» (Chernobyl)

chernobyl


Год: 2019

Жанр: драма, гістарычны

Рэжысёр: Ёхан Рэнк

У серыяле НВО пра «Чарнобыль» распавядаецца гісторыя жыхароў горада Прыпяць, якія заспелі катастрофу на Чарнобыльскай АЭС. У яе аснову ляглі як рэальныя ўспаміны відавочцаў, так і зборныя вобразы. У серыяле згадваецца і Беларусь: паводле сюжэту пасля аварыі фізік Ульяна Хамюк, выявіўшы, што ўзровень радыяцыі перавышае норму ў Мінску, спрабуе высветліць у чыноўнікаў, што адбываецца насамрэч, за што ў выніку яе арыштоўваюць.

Ульяна — выдуманы персанаж, тым не менш яна адлюстроўвае цалкам рэальную гісторыю і стан рэчаў у той перыяд.

5. «Тэрмінал» (The Terminal)

terminal


Год: 2004

Жанр: камедыя, драма

Рэжысёр: Стывен Спілберг

У фільме Стывена Спілберга галоўны герой жыве ў выдуманай краіне ва Усходняй Еўропе: Кракозіі. Віктар Наворскі ляціць па справах у ЗША, але падчас пералёту ў яго краіне адбываецца пераварот. На пашпартным кантролі герой дазнаецца, што дзяржавы, у якой ён жыў, больш не існуе, а значыць і яго віза больш не сапраўдная. Віктар вымушаны застацца ў аэрапорце, бо зваротных рэйсаў у ягоную краіну цяпер таксама няма.

Пры чым жа тут Беларусь? Пры праверцы дакументаў у героя аказваецца Пасведчанне кіроўцы, выдадзенае ў Гомелі. Праўда, не абышлося і без кіналяпаў, бо згодна з ім па-беларуску героя завуць зусім не Віктар, а «Гуліна Гульнара Надыраўна».

6. «Бартон Фінк» (Barton Fink)

barton-fink

Год: 1991

Жанр: камедыя, драма

Рэжысёр: Джоэл Коэн

Чорная камедыя, напісаная знакамітымі братамі Коэнамі. Па сюжэце малады сцэнарыст, Бартан Фінке, прыязджае ў ЗША ў пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя. Ён уладкоўваецца працаваць у Галівуд, але неўзабаве яго спасцігае творчы крызіс, а галівудскае жыццё аказваецца не такім казачным, як хацелася б. У адной са сцэн герой прамаўляе: «Я сам з Нью Ёрка...З Мінска, калі быць дакладней». Магчыма, гэта адсылка да рэальнай гісторыі, бо ў пачатку XX стагоддзя многія ўраджэнцы Беларусі апынуліся ля вытокаў кінавытворчасці.

Напрыклад, заснавальнік Амерыканскай кінаакадэміі і адзін з ініцыятараў Оскара Луіс Маер нарадзіўся ў Мінску ў 1884 годзе, і будучы дзіцём пераехаў з бацькамі ў ЗША.

7. «Турысты» (The Tourist)

turysty

Год: 2010

Жанр: баявік

Рэжысёр: Фларыян Хенкель фон Донерсмарк

Фрэнк, аўдавелы настаўнік матэматыкі з Каліфорніі, адпраўляецца ў Італію, каб развеяцца. У Венецыі ён знаёміцца з прыгожай дзяўчынай на імя Эліза. Аказваецца, што Эліза звязаная са злодзеем, якога шукае Інтэрпол. Замест таго, каб аднавіцца пасля трагедыі, Фрэнк аказваецца ў віры небяспечных інтрыг. Галоўных герояў у фільме граюць вядомыя галівудскія акцёры: Джоні Дэп і Анджэліна Джолі.

Да Беларусі ў фільме адсылае маналог наймітаў, якія паміж сабой размаўляюць на беларускай мове. У рэальным жыцці такая сцэна наўрад ці б адбылася, але ва ўяўленні сцэнарыстаў і рэжысёраў Галівуда магчыма ўсё.

8. «Гары Потэр і Ордэн Фенікса» (Harry Potter and the Order of the Phoenix)

hary-poter

Год: 2007

Жанр: фантастыка

Рэжысёр: Дэвід Йейтс

Фільмы пра Гары Потэра, знятыя паводле аднайменных раманаў Джоан Роўлінг, сталі культавымі. Гісторыя пра хлопчыка, які адправіўся ў школу магіі Хогвартс, палюбілася мільёнам дзяцей па ўсім свеце.

У Хогвартсе Гары дапамагае Хагрыд — барадаты, добры вартаўнік школы. Аднаго разу Хагрыд распавёў сябрам Гары, Рону і Герміёне пра сваё падарожжа ва Усходнюю Еўропу, куды яго адправіў дырэктар Хогвартса. Там Хагрыд трапіў у мінскую карчму, дзе трохі пасварыўся з мясцовымі вампірамі, а таксама сустрэў троляў на польскай мяжы. І хоць раман быў напісаны задоўга да палітычных падзей 2020-х, атмасфера рэгіёна перададзена вельмі дакладна.

9. «Агент Картэр» (Marvel’s Agent Carter)

agent-karpenter

Год: 2015-2016

Жанр: баявік, прыгоды

Рэжысёры: Джэніфер Гётцынгер, Мецін Хусейн, Дэвід Плат

Дзеянне серыяла адбываецца ў 1950-х гадах у Амерыцы. Па сюжэце Пэгі Картэр працуе ў офісе і таемна спрабуе даказаць невінаватасць Говарда Старка, які абвінавачваецца ў здрадзе і продажы сваіх вынаходак ворагам ЗША.

У пятым сезоне ўсплывае гісторыя пра савецкую школу, дзе рыхтуюць жанчын-шпіёнаў. Там пануюць жудасныя парадкі, а знаходзіцца гэтая школа ў Мар’інай Горцы. Згадваецца ў фільме і горад Ашмяны: па сюжэце героі павінны перайсці літоўскую мяжу і трапіць у СССР. Праўда, аўтары фільма не ўлічылі, што Літва ў тыя гады ўжо была часткай Савецкага Саюза.

10. «Зялёная мяжа» (Green Border)

green-border

Год: 2023

Жанр: драма

Рэжысёр: Агнешка Холанд

Фільм Агнешкі Холанд называюць самым нязручным фільмам польскай рэжысёркі, і гэта нядзіўна: дзеянне адбываецца на польска-беларускай мяжы ў разгар міграцыйнага крызісу. Галоўныя героі — настаўніца англійскай мовы з Афганістана і сірыйская сямʼя, якая спрабуе трапіць у Еўропу. Па шляху ім прыйдзецца сутыкнуцца з жорсткім абыходжаннем і бесчалавечнымі ўмовамі, у якіх аказваюцца мігранты.

Беларусь у фільме займае важную ролю, бо менавіта беларускімі ўладамі крызіс быў ініцыяваны. Яны мэтанакіравана прыцягвалі мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі, абяцаючы ім лёгкі пераход у Еўропу, што ў выніку прывяло да гуманітарнай катастрофы на мяжы.

Чытайце яшчэ:

Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася

Марта Радушкевіч, Budzma.org