Першая ўстаўная грамата была апублікаваная роўна сто гадоў таму, 21 лютага. Пасля яе былі яшчэ Другая і Трэцяя граматы БНР. Чаму было не абысціся адной і пісаць цэлыя тры? Давайце вернемся на стагоддзе назад і паспрабуем разабрацца.
Яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі і распаду Расійскай імперыі нацыянальныя рухі тут раслі як на дражджах. У “турме народаў” гэтыя самыя народы патроху задумваліся аб нацыянальна-дзяржаўным самавызначэнні, развіцці культуры і мовы. Таму калі царская ўлада раптам абрынулася, палітыкі на месцах пачалі актыўна разважаць, як мусіць быць уладкаваная будучая Расія, каб у ёй улічваліся інтарэсы кожнага народа. Варыянты прапаноўваліся розныя, аж да намінальнага аб’яднання (накшталт цяперашняга СНД) пры найпаўнейшай палітычнай самастойнасці кожнай часткі дзяржавы. Зрэшты, гэта былі хутчэй выключэнні з правілаў. Большасць жадала нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі ў складзе адзінай краіны. Якая канкрэтна павінная быць гэтая самая аўтаномія, мусіла вырашыць законная ўлада Расійскай рэспублікі. У якасці такой улады бачылі Устаноўчы сход.
Невядома, чым бы гэта скончылася пры іншым ходзе падзей, але ў рэальнасці ўсе карты змяшала Кастрычніцкая рэвалюцыя. Бальшавікі да пары былі нібы і не супраць Устаноўчага сходу, але ў вачах большасці выглядалі ўзурпатарамі і даверу не выклікалі. На месцах разгарнулася супрацьстаянне паміж нацыянальнымі рухамі і камуністамі. Ужо ў канцы 1917 года Ленін пісаў, што “апошнія падзеі на Украіне, збольшага ў Фінляндыі і Беларусі, а роўна і на Каўказе” выявілі новую групоўку сіл, у якой савецкая ўлада стаіць менавіта супраць нацыяналізму. Чаго хочуць нацыянальныя рухі, бальшавікам было не вельмі цікава, яны па змоўчанні аказваліся ў спісе “контррэвалюцыйных” з адпаведным стаўленнем. Самі нацыяналісты, бачачы, як ленінская партыя выбудоўвае “вертыкаль улады”, рыхтуючы аднапартыйную дыктатуру і не лічачыся з меркаваннямі іншых, таксама не запалалі да камуністаў любоўю. Ідэі марксізму многія лічылі ўтопіяй і чыстым папулізмам. Таму галоўную задачу на найбліжэйшы час дзеячы нацыянальнага адраджэння бачылі ў тым, каб супрацьпастаўляць праграме бальшавікоў каштоўнасці сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.
Ужо ў 1917 годзе камуністы паказалі, што лічыцца з літарай закона не маюць намеру: у снежні быў разагнаны Усебеларускі з’езд. Для беларускіх нацыяналістаў гэта азначала, што на нацыянальна-культурную аўтаномію можна пакуль забыцца — у бальшавіцкай Расіі няма ніякіх гарантый хоць нейкі самастойнасці. У выніку і быў узяты курс на незалежнасць — якую канкрэтна, пакуль было невядома.
Умовы для гэтага былі, скажам наўпроста, складанымі. Працягвалася Першая сусветная вайна, беларускія землі рассякаў фронт, дзе з аднаго боку былі немцы, з другога — Расія з бальшавіцкім урадам. Зрэшты, спачатку гэта нават крыху дапамагло. Стаміўшыся чакаць, калі савецкі ўрад нарэшце наважыцца падпісаць умовы будучага міру, нямецкія войскі пачалі 18 лютага імклівы наступ на ўсход і ўжо да вечара таго ж дня былі ў Маладзечне. Не маючы яшчэ моцнай арміі, бальшавікі тут жа прынялі рашэнне супраціву не аказваць, а органы ўлады, якія знаходзяцца ў Мінску, неадкладна эвакуяваць у Смаленск. У горадзе на пэўны час запанавала безуладдзе — на кантроль прэтэндавалі Цэнтральная беларуская вайсковая рада, палякі, з захаду да яго рухаліся немцы.
Менавіта тады ў Выканаўчага камітэта Рады I Усебеларускага з’езда, таго самага, што быў разагнаны бальшавікамі, з’явіўся шанец паспрабаваць узяць уладу яшчэ раз. У ноч з 20 на 21 лютага Камітэт звярнуўся да народа з першай Устаўной граматай (называць яе граматай БНР, мабыць, будзе заўчасна). У грамаце ўтрымліваўся заклік да “народаў Беларусі ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі”. Пра аўтаномію ў складзе Расіі не гаварылася наогул нічога, але і поўнай незалежнасці краіны ў Першай грамаце гаворкі не ішло. Выканкам абвяшчаў сябе вярхоўнай, але часовай уладай на беларускіх землях, да склікання Устаноўчага з’езда. Уся заканадаўчая ўлада аказвалася ў руках Рады Усебеларускага з’езда, выканаўчая — Народнага сакратарыята, які мусіў быць прызначаным Радай і адказным перад ёй. На чале першага ўрада стаў Я. Варанко. Галоўнай задачай часовай улады, згодна з Граматай, была абарона заваёў рэвалюцыі і сярод іх — права беларускага народа на нацыянальнае самавызначэнне.
Наступныя палітычныя падзеі, зрэшты, паказалі, што неадкладнае абвяшчэнне незалежнасці ў тых умовах было б зусім безвыніковым — ужо на наступны дзень, 22 лютага, у Мінск увайшлі немцы і падаліся далей на захад. Неўзабаве бальшавікі зразумелі марнасць супраціву, і быў заключаны знакаміты Брэсцкі мір, прычым тэрыторыя Беларусі збольшага аказалася ў германскай зоне акупацыі. Ніякіх незалежных беларускіх рэспублік кайзер не жадаў, на гэтыя землі ў яго былі абсалютна выразныя планы. Будучая Беларусь падзялялася на тры часткі. Заходнія землі ў складзе Гродзенскай і часткі Віленскай губерняў уключаліся ў саму Германію пад назвай Новая Усходняя Прусія (у якасці варыянту разглядалася, што гэтыя землі могуць стаць часткай новай Літоўскай дзяржавы пад нямецкім пратэктаратам).
Паўднёвабеларускiя тэрыторыі (на поўдзень ад Палескай чыгункі) мусілі адысці УНР, якая неўзабаве ператварылася ва Украінскую дзяржаву гетмана Скарападскага. Нарэшце, цэнтральнабеларускія зямлі, Мінская губерня і частцы Віцебскай і Магілёўскай станавіліся “часова акупаванай тэрыторыяй”, лёс якой Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вырашыць “улічваючы пажаданні насельніцтва”. На ўсходзе былі яшчэ 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія не трапілі ў зону акупацыі Нямеччыны. Яны заставаліся ў складзе РСФСР. “Ляпіць” будучую Беларусь было пакуль няма з чаго, разлічваць заставалася толькі на сябе.
У гэтых умовах усё той жа Выканкам Рады I Усебеларускага з’езда і выдаў Другую, а потым і Трэцюю ўстаўныя граматы БНР, гэтым разам упэўнена заявіўшы аб незалежнасці рэспублікі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Дзяніс Буркоўскі