11 займальных івэнтаў «Паўночнага ззяння — 2022»

21.11.2022 Афіша Кіно

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» ўжо пачаўся. Сёлета ён праходзіць пад слоганам «ЯК ДОМА» з 20 па 30 лістапада ў гібрыдным фармаце: бясплатна online, а таксама па квітках offline ў Вільні і Таліне.


photo_2022-11-21_16-21-28.jpg

На фэсце можна будзе не толькі паглядзець адборнае кіно з краін Скандынавіі, Балтыі, Беларусі і Украіны, але і паслухаць разважанні і дыскусіі цікавых людзей са свету кінаіндустрыі (і не толькі) на мерапрыемствах традыцыйнай Індустрыйнай платформы «Паўночнага ззяння». Сёлета ў праграме фэсту — 11 займальных і небанальных івэнтаў. Так, госцяй размовы «Змагайся як дзяўчо», якую мы анансавалі раней, стане зорка беларускага баскетбола Кацярына Сныціна. А дыскусія «Як дома. Выклікі эміграцыі» аб’яднае рэжысёраў і рэжысёрак беларускага незалежнага кіно ў разважанні пра шлях беларускага кінематографу.

Ці будуць праходзіць івенты offline?

Так! У Таліне пройдзе спецыяльная панэльная дыскусія «Як дома», створаная ў калабарацыі «Паўночнага ззяння» з Талінскім кінафестывалем «Цёмныя ночы».

Пасля рэвалюцыі 2020 года і жорсткіх рэпрэсій у Беларусі тысячы людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы і пачаць жыццё нанова. Цяпер незалежныя беларускія кінематаграфісты жывуць па ўсім свеце, але не могуць вярнуцца на радзіму і здымаць кіно ў сваёй краіне. Як салідарызаваць супольнасць у выгнанні і знайсці рэсурсы і механізмы, каб рухацца далей у жыцці і кіно? Вывучаем на прыкладзе беларускага, эстонскага і міжнароднага досведу.

Калі? 24/11/22, 17:00 (талінскі час)
Дзе? У Nordic Hotel Forum, Capella room
Мова івента: англійская
Уваход: па акрэдытацыі PÖFF або па рэгістрацыі тут

Якія мерапрыемствы можна будзе наведаць online?

20/11/22, 19:00

Івэнт «Змагайся як дзяўчо» перагукаецца з душэўнай дакументальнай драмай «Уздымі планку», у якой юным баскетбалісткам даводзіцца змагацца за гендарную роўнасць нават у прагрэсіўнай Ісландыі.

21/11/22, 19:00

«Як здымаць кіно ў небяспечных умовах» — шчырая размова пра фільм «Прэзідэнт», рэжысёрка якога ведае, калі і не ўсё, то вельмі шмат пра тое, як здымаць кіно ў краіне з дыктатурай, дзе на кожны крок патрэбны дазвол, а на вуліцах дзеецца гвалт. Пагутараць дзве фільммэйкеркі — незалежная кінарэжысёрка з Капенгагена Каміла Нільсан, чый першы поўнаметражны дакументальны фільм атрымаў больш за 25 міжнародных узнагарод, і заснавальніца і кіраўніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне», прадзюсарка і рэжысёрка з Беларусі, якая жыве ў Эстоніі, Воля Чайкоўская.

22/11/22, 19:00

«Шалёны гайд па сучасным мастацтве» — гутарка пра мастацтва і эксперыменты над свядомасцю з братамі Лаўрысам і Райцісам Абеле, якія зрэжысавалі турбулентны паўімправізацыйны фільм-перформанс у духу Гаспара Ноэ — «Неспакойныя розумы». З братамі Абеле пагаворыць беларуская арт-куратарка Ганна Карпенка.

23/11/22, 19:00

«Кароткі курс па дэкаланізацыі» — панэльная дыскусія збярэ online праграмных дырэктараў буйных міжнародных кінафестываляў, а таксама крытыкаў ды фільммэйкераў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Беларусі. Яны паразважаюць пра тое, як цяпер выглядае працэс адбору фільмаў і як міжнародныя кінафестывалі, складаючы свае праграмы, дэкаланізуюць рэгіён Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і Беларусь. Сярод гасцей Альгірдас Рамашка, Ігар Сукманаў, Эліна Рэйтэрэ, Аляксей Радынскі, Хэлеен Герытсан. Мова івента: англійская.

24/11/22, 15:00

«Ніндзя, які разбівае стэрэатыпы»
Інгвіль Свэ Фліке зняла кіно, якое адначасова пашырае ўяўленне пра жаночага персанажа ў кіно і пры гэтым выклікае шквал шчырага смеху. «Дзіцёнак-ніндзя» ломіць табу, лёгка ды іранічна размаўляючы на ўразлівыя тэмы непажаданай цяжарнасці, чайлд-фры і абортаў. Сумленная размова з рэжысёркай аб тым, як здымаць камедыю на табуяваную тэму. Пра гэта рэжысёрка раскажа ў размове з нарвежскім акторам і мастацкім кіраўніком талінскага тэатра Vaba Lava Харальдам Томпсанам Розэнстромам. Да гутаркі далучыцца выканаўца галоўнай ролі, акторка Крысцін Куят Торп, якая падзеліцца, ці блізкія ёй праблемы яе гераіні.

25/11/22, 16:00

«Калі настане дзень» — размова паводле праграмы Ukraine Mon Amour, у якой паўдзельнічаюць Сымон Лерэнг Вільмонт, кінарэжысёр, аўтар фільма «Дом з аскепкаў» (Данія), Вольга Журба, кінарэжысёрка, аўтарка фільма «Звонку» (Украіна), Таня Рэут, тэлежурналістка і вядоўца (Беларусь/Ірландыя).

26/11/22, 19:00

«Гукавы сусвет сляпога» — дыскусія пра гук у кіно як асобны свет — паводле фільма «Сляпы, які не хацеў глядзець ’Тытанік’», у якім стваральнікам трэба было перадаць гукавую карціну свету невідушчага чалавека. Для гэтага яны кансультаваліся з выканаўцам галоўнай ролі, які страціў зрок у выніку хваробы. На івэнце, беларускі гукарэжысёр і выкладчык Дзмітрый Наталевіч і гукарэжысёр кіно і музычны супервайзер з Даніі Пітэр Альбрэхтсан пагавораць пра тое, як з дапамогай гуку перадаць змену ўнутранага стану і тактыльныя адчуванні героя, а таксама прыадкрыюць таямніцы, як ствараюцца фолі і мікс фільма і чаму гэта сапраўднае мастацтва.

28/11/22, 19:00

«Паміж цемрай і святлом» — сербскі погляд на траўматычнае мінулае рэжысёркі Наташы Урбан, чый фільм «Зацьменне» ўвайшоў у Міжнародную праграму «Паўночнага ззяння». Дзве выбітныя сербскія жанчыны, рэжысёрка Наташа Урбан і экспертка ў культурнай палітыцы, прафесарка Мілена Драгічэвіч-Шэшыч, абмяркуюць фільм і пагавораць пра важнасць успамінаў, нават калі яны балючыя.

29/11/22, 16:00

Дыскусія «Як дома. Выклікі эміграцыі» — незалежнае беларускае кіно: дзе мы, хто мы, куды мы ідзём? Падчас online-дыскусіі аўтары стужак (Дзіма Дзядок, Ганна Саўчанка, Мікіта Лаўрэцкі, Уладзімір Казлоў), што ўвайшлі ў Беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны пачуваюцца як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў.

30/11/22, 19:00 

«Дзявочыя сакрэты» — рэжысёрка Алі Хаапасала зняла фільм пра сучасных фінскіх дзяўчат, пра іх сяброўства, каханне, сэкс, траўмы, пошук ідэнтычнасці і свайго месца ў свеце. Стужка адразу скарыла публіку, атрымаўшы прыз глядацкіх сімпатый на кінафестывалі Sundance, а ці спадабалася яна самім падлеткам? Пра тое, як ствараліся вобразы трох сябровак і ці не замінала рэжысёрцы рознасць пакаленняў з яе гераінямі, Алі Хаапасала раскажа ў размове з пісьменніцай Наталкай Харытанюк.

Час мерапрыемстваў абазначаецца па мінскім часе. Мова iвентаў: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую ці з беларускімі субцітрамі, акрамя панэльнай дыскусіі ў offline «Як дома» і «Кароткага курса па дэкаланізацыі», якія будуць выключна на англійскай мове.

Уся праграма фільмаў і івэнтаў у online будзе даступная бясплатна для ўсіх, хто зарэгіструецца. Падтрымаць «Ззянне» данатамі можна па тут.

Арганізатар: кінакампанія Volia Films.
Генеральныя партнёры: Nordisk Kultur Fund, Амбасада Нарвегіі ў Літве, Дацкі інстытут культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, EU4Culture, тэлеканал «Настоящее время ».
Партнёры: Дацкі інстытут Кіно, Эстонскі Інстытут Кіно, Ісландскі Цэнтр Кіно, Нацыянальны Кінацэнтр Латвіі, Літоўскі Цэнтр Кіно, Нарвежскі Інстытут Кіно, Шведскі Інстытут Кіно, Фінскі Фонд Кіно.
Інфармацыйныя партнёры: 34mag.net, citydog.io, Будзьма беларусамі, Наша Ніва, The Village Беларусь.
Крэатыўны партнёр: PÖFF, Skalvija.

Паводле прэс-рэлізу

Чытаць па тэме: Вайна, дэмакратыя і туга па доме. Фільмы, якія нельга абмінуць на 8-м «Паўночным Ззянні»