Да пачатку навучальнага года зрабілі для вас і вашых дзетак падборку відэапраектаў, якія дапамогуць засвоіць школьную праграму або стануць карысным дадаткам да яе.
1. «Разумняты»
Інтэрактыўныя і пазнавальныя відэаролікі ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» у займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове. У праекта выйшла тры сезоны — «Матэматыка і час», «Геаграфія Беларусі» і «Мая Радзіма Беларусь». Апошні створаны ў адпаведнасці са школьнай праграмай па прадмету «Чалавек і свет: мая Радзіма — Беларусь» для 4 класа. Але цікава будзе не толькі вучням 4-ых класаў, а і ўсім дзецям, і нават дарослым.
Прыемны бонус — да кожнага выпуску можна спампаваць цікавыя заданні для самых кемлівых.
2. Анлайн-курсы ад адукацыйнага праекта «Васьміног»
Прапанаваныя курсы можна вывучаць у асінхронным рэжыме, у зручны час і самастойна. Стваральнікі курсаў абяцаюць «аднолькава задавальненне і навучанне».
Сярод прадметаў:
— хуткачытанне для дзетак праз забаўкі, квэсты, размалёўкі;
— захапляльнае падарожжа Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак «А-Я Чытаю на роднай мове»;
— «Чароўны карагод года» з сапраўднымі іншапланетнікамі;
— курс сцэнічнай прамовы і тэатру «Гавары-ка!»
Для падлеткаў ёсць курсы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, заняткі па філасофіі «Святло з пячоры Платона», курс «Мастацтва Беларусі 1920-х», літаратурны курс «Знак бяды» пра твор Васіля Быкава, «Жанчыны ў гісторыі Беларусі» і іншыя.
3. «Беларуская мова з Ліхтарыкам»
«Цікавыя лексічныя матэрыялы, практыкаванні на замацаванне новых слоў, вясёлыя тэксты, інтэрактыўныя гульні і загадкі», — запрашаюць стваральнікі канала.
Сярод ролікаў — «Часткі цела», «Назвы посуду», «Хто можа вылупіцца з яйка?», «Вясна. Назвы вясновых месяцаў па-беларуску» і іншыя.
Таксама «Беларуская мова з Ліхтарыкам» мае паблік у фэйсбук, дзе размяшчаюцца не толькі відэа, а таксама гульні, словы для запамінання, загадкі, прыказкі і практыкаванні.
4. «Анёлкі з вясёлкі»
Праграма знаёміць дзетак і іх бацькоў з хрысціянствам, а таксама дапамагае правесці разам час цікава і з карысцю.
«Разам з „Анёлкамі“ вы навучыцеся спяваць вясёлыя песні, рабіць салодкія пачастункі, даведаецеся пра пісьменства, архітэктуру і космас», — абяцаюць аўтары.
5. English з Наталкай
Сітуацыю з адсутнасцю практыкі выкладання замежнай мовы праз родную выпраўляе пісьменніца і выкладчыца Наталка Харытанюк.
Гэта той самы школьны інгліш і тыя самыя школьныя «юніты», але патлумачаныя проста, цікава і па-беларуску. Пасля праглядаў вы зможаце расказаць па-ангельску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях!
6. «Альгерд ужо ня той»
Гістарычны канал для школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў, на якім знойдзеце займальныя ўрокі па гісторыі Беларусі ў адпаведнасці са школьнай праграмай.
Заняткі для 6 класа ахопліваюць перыяд ад найстаражытнейшых людзей на беларускай зямлі да культуры беларускіх зямель у канцы XIV — XV стагоддзі.
Заняткі для 7 класа ахопліваюць перыяд ад утварэнне ВКЛ да паўстання 1794 года на беларускіх землях і Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Сярод тэм, пра якія можна паглядзець на відэаўроках — «Княжанне Вітаўта», «Грунвальдская бітва», «Вайна з Іванам Жахлівым», «Магдэбурскае права», «Крывавы патоп» і іншыя. Кожны відэаўрок займае час ад 7 да 27 хвілін.
7. «Торба Барадзеда»
Гэта адукацыйны канал, на якім распавядаюць яскравыя факты пра Беларусь і не толькі.
«Наша каманда вывучае разнастайныя галіны ведаў і прадстаўляе вам неверагодныя адкрыцці, гістарычныя загадкі, навуковыя прарывы і захапляльныя гісторыі», — распавядаюць аўтары.
8. «Філялёгія»
Цікавы праект, які прапаноўвае вывучаць украінскую мову праз беларускую. «У роліках распавядаюцца адметнасці паміж украінскай і беларускай, відэа дапамагаюць вывучыць абедзве мовы», — пішуць аўтары.
9. «Гаварун
Навучаць праз мультфільмы спрабуюць аўтары гэтага праекту: «Мы выпускаем забаўляльны і адукацыйны кантэнт для дзяцей на беларускай мове: мультфільмы, аўдыякнігі, песні і відэаролікі! Наша мэта — спрыяць сацыяльнаму, эмацыйнаму і пазнавальнаму развіццю дзяцей з дапамогай відэа. Старанна абіраючы матэрыял, мы хочам, каб дзеці спакойна атрымлівалі асалоду ад „Ютуба“, а бацькі былі ўпэўнены ў абароненасці ад непрыдатнага кантэнту, рэкламы, каментароў. Мы лічым, што дзеці могуць шмат чаму навучыцца, гледзячы анімацыю. Чароўны свет, поўны цікавых гісторый, сяброў і смеху, дапаможа спасцігаць дабрыню, сумленнасць, шчырасць, адказнасць, сапраўднае сяброўства, атрымаць у даступнай форме веды пра наваколле».
Ёсць што і паслухаць. Так, вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юры Жыгамонт агучыў казкі і апавяданні са зборнікаў Сержпутоўскага, якія былі запісаны з захаваннем усіх асаблівасцей мясцовых гаворак (слуцка-бабруйска-мазырскіх) ад самых умелых апавядальнікаў.
10. «Студыя Раю»
Гэта суполка дзеячаў тэатра і кіно, выкладчыкаў і метадыстаў, бацькоў і дзяцей, якія аб’ядналіся, каб ствараць адукацыйна-пазнавальны кантэнт на беларускай мове.
На канале ёсць некалькі рубрык: прыгоды козачкі Зефіркі і вывучэнне алфавіта са Слімачком. Падчас відэа дзеткі вывучаюць цікавыя беларускія словы. Падыдзе для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.
11. «Бэйбус»
«Забаўляльны, навучальны, развіццёвы канал. Найлепшы сябра маленькіх гарэз і дарослых жэўжыкаў. Канал з клопатам і павагай, з хітрыкамі ды цікавосткамі, з пяшчотай і весялосцю», — анансуюць свой праект стваральнікі.
На канале ёсць свой беларускі мультфільм, яго галоўны герой Няспайка дапамагае дзеткам вучыць родную мову.
«Біябурбалка» — гэта адукацыйны падкаст, у якім біёлагі адказваюць на простыя, але цікавыя пытанні пра беларускую прыроду, навакольнае асяроддзе і штодзённае жыццё.
«Падкасты ствараюцца і для дзяцей, і дарослых, якія цікавяцца прыродай, навакольным асяроддзем, а таксама беларускай мовай», — распавядаюць стваральнікі.
Напрыклад, можна даведацца, ці вучацца жывёлы адна ў адной, а таксама навошта кратам ксенафобія, як пацукі абіраюць бяспечную ежу, ці ёсць традыцыі ў птушак і чаму можна навучыцца ў грыбоў.
Budzma.org