Распачатая ў мінулым годзе эпідэмія каранавіруса, а ўслед за ёй зацяты палітычны крызіс фактычна закансервавалі і без того павольныя працэсы айчыннай кінематаграфіі. У палоне нявызначанасці апынулася мноства ўжо гатовых фільмаў, пра існаванне якіх беларускі глядач зараз нават уяўлення не мае. Зрэшты, паступова праекты, знятыя на нацстудыі «Беларусьфільм», пачынаюць з’яўляцца на экранах, але што напаткае стужкі прыватных аўтараў, пакуль незразумела.
У гэтым тэксце мы паспрабуем распавесці выключна пра ігравыя каротка- і поўнаметражныя стужкі і серыялы, якія рана ці позна павінны сустрэцца са сваёй аўдыторыяй, без узгадкі дакументальных і анімацыйных праектаў. Калі штосьці забудзем, нагадайце аб гэтым у каментарах да артыкула ў сацыяльных сетках.
«Купала», рэж. Уладзімір Янкоўскі
Увасабленне цікавага і шматпакутнага лёсу песняра беларускай мовы Янкі Купалы за мінулае дзесяцігоддзе стала для «Беларусьфільма» адзінай сапраўднай перамогай у напрамку ігравога кіно. Нават відавочнасць дзяржзаказу, мэтай якога падкрэсліць самастойнасць беларускай нацыі і імперскія замашкі вялікага усходняга суседа, не змянілі таго, што стужку с захапленнем чакалі і прадстаўнікі інтэлігенцыі, і простыя гледачы. Яны і зараз яе чакаюць, нягледзячы на мноства скандалаў, якія напаткалі стваральнікаў «Купалы»: ганебны зліў у сеціва недапрацаванай версіі фільма, хваля пратэстаў і рэпресій у адказ, палітычны сімбіёз улады з Расіяй і татальны разрыў кантактаў з калектыўным Захадам, у тым ліку ў культурным плане. Змена знешнепалітычнай кан’юнктуры адбілася на адносінах «Беларусьфільма» да свайго галоўнага твора, які з галоўнага козыра ператварыўся ў валізку без ручкі, якую цяжка несці, але і выкінуць немагчыма. Клятвенныя абяцанні паказаць «Купалу» ў беларускіх кінатэатрах гучалі ўжо мноства разоў — але пакуль не здзейсніліся. Паглядзім, ці з’явіцца стужка на сёлетнім захопленым дзяржавай «Лістападзе». І калі гэтага не адбудзецца, можна лічыць, што савецкая практыка класці нязручнае кіно на паліцу зноў працуе.
«Вікінгі. Перад тварам Одзіна», рэж. Аляксандр Гелейша
Гістарычнае кіно з вялікай масоўкай, раскошнымі касцюмамі і дэкарацыямі даўно мінулай эпохі проста немагчыма сабе ўявіць без вялікіх грошай. І гэта нармальна, так павінна быць — хочаш паставіць стужку ў жанры пеплум, то раскашэлься. Але беларускі каскадзёр і дэбютант у вялікім кіно Аляксандр Гелейша вырашыў зрабіць ўсё па-свойму. Для здымак гістарычнага баевіка «Вікінгі» ён самастойна напісаў сцэнар на глебе скандынаўскай сагі і сабраў вялікую масоўку энтузіястаў, якія, натуральна, працавалі за ідэю: біліся на мячах, абкладалі драўляны замак, плавалі на дракары. На стварэнне стужкі аўтары патраціли літаральна некалькі тысяч долараў, а праца расцянулася больш чым на пяць год. Звычайна такія монструозныя праекты да фініша так і не даходзяць з-за сваіх неабдымных памераў, але Гелейша давёў справу да лагічнага канца і зараз займаецца постпрадакшанам. Больш за тое, у фільма ўжо ёсць дыстрыб’ютары з Германіі і Англіі, якія хочуць набыць кіно. Нават калі нічога не атрымаецца, «Вікінгі» дакладна стануць сімвалам моцы беларускага незалежнага кіно.
«А мне патрэбен толькі ён\яна», рэж. Уладзімір Зінкевіч
Тэатр, журналістыка, кінашколы — існуе мноства крыніц, дзякуючы якім айчынная кінематаграфія штогод папаўняецца новымі кінарэжысёрамі. У той жа час дзяржтэлебачынне, як ні дзіўна, кузню кінакадраў зусім не нагадвае, магчымасцяў для творчасці там проста недастаткова. Але, тым не менш, з яе лона выйшла некалькі цікавых аўтараў. Адзін з іх — Уладзімір Зінкевіч, які ў нулявых працаваў на Першым Музыкальным канале, потым перабраўся ва ўкраінскую палітыку і шоу-бізнес, а шэсць год таму стварыў у Беларусі ўласную кінастудыю. Пакуль найбольш заўважным яго праектам стаў сацыяльны трылер з элемнтам хорара «Спайс бойз», сюжэтам для якога стала рэальная крымінальная справа аб злоўжыванні падлеткамі наркотыкаў. Новая стужка «А мне патрэбен толькі ён\яна» больш нагадвае дэбютны серыял Зінкевіча — крымінальны серыял пра падлеткаў «Арэлі». Мяркуючы па рекламных роліках з сацсетак, фільм таксама зроблены ў рэчышчы крымінальнай камедыі ў духу «Рамэа і Джульеты» Шэкспіра, толькі з відавочным расейскім флёрам.
«Ліберці», рэж. Андрэй Курэйчык
За апошнія два дзесяцігоддзі Андрэй Курэйчык ператварыўся з юрыста-палітолага ў найбольш пазнавальнага кінематаграфіста краіны. Ён пісаў сцэнары для расійскіх фільмаў-блакбастараў (самы знакаміты — спартыўная драма «Рух угару»), здымаў беларускія серыялы і кінакамедыі (праўда, на вялікага аматара), прадзюсаваў чужыя кінапраекты, выкладаў сцэнарнае рамяство, пісаў рэзанансныя п’есы і нават заняўся палітычным блогерствам на хвалі пратэстаў 2020 года. Менавіта з-за пачатку рэпресій у краіне свет пакуль так і не пабачыла яго апошняя на дадзены момант стужка — філасофская драма «Ліберці», якую творчая каманда абяцала абавязкова прасунуць на фестываль «Лістапад». Па сюжэце гаворка ў ёй ідзе пра цяжкія адносіны маці і яе сына. Сыходзячы з апублікаванага тызера, аўтар натхняўся эстэтыкай паэтычнага кіно Андрэя Таркоўскага, абраныя дэкарацыі і саўндтрэк кажуць менавіта пра гэта. Ці атрымаецца ў Курэйчыка гэтая гульня ў паэтычны арт-хаус мы даведаемся яшчэ не хутка — навінаў пра выхад стужкі ўжо даўно не было.
«Казановы», рэж. Сяргей Гіргель
На свеце існуюць стужкі, якія састарэлі яшчэ да моманту свайго выхада на экран. Такое здараецца, калі аўтары, ментальна і эстетычна захрасшы ў мінулым, спрабуюць рабіць кіно для грамадства, якое жыве праблемамі і жаданнямі зусім іншага часу. Фарсавая камедыя «Казановы» рэжысера Сергея Гіргеля, бадай, лепшы прыклад з магчымых. Фільм распавядае гісторыю чатырох будаўнікоў-разнарабочых, якім у адзін момант захацелася ці то сэкса, ці то вялікага пачуцця, што прымушае іх адправіцца ў доўгае, поўнае прыгод «паляванне» на іншы пол. Гумар ніжэй пояса пра пахатлівых мужчын і наіўных жанчын, гатовых ў парыве жарсці накінуцца з пацалункамі на першага сустрэчнага, нагадваюць пра секс-камедыі пачатку 90-х гадоў. Тады з’яленне такога кіно было аргументаваным — большасць постсавецкіх людзей саромелася інтым абмяркоўваць публічна, а тут пра гэта стужку паказваюць. Але ў 2021 годзе фільм, зроблены ў падобнай эстетыцы, выглядае як сумны і абразлівы анахранізм, аплявуха добраму густу, які хочацца прыпыніць у самым пачатку прагляда.
«Хто я?», рэж. Андрэй Кудзіненка
Апошні час стаў звышпрадуктыўным для рэжысёра Андрэя Кудзіненкі, які амаль усё мінулае дзесяцігоддзе выдаткаваў на эксперыменты ў кіно (арткінапраекты "Хранатоп","Хард рэбут" з музыкам Noise MC і г.д.) і выкладанне практыкі студэнтам. Супраца з прыватнай студыяй «Першая Кінавідэакампанія» дала магчымасць аўтару гатычнага хорара «Масакра» зноў вярнуцца ў вялікае кіно. Сёлета ён здымаў падлеткавую забаўляльную фантастыку «10 жыццяў Мядзведзя», заснаваную на біяграфіі трохкратнага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, які са сваёй унучкай раптам трапляе ў відэагульню. Працу над праектам не прыпыніў нават гвалтоўны арышт сілавікамі Віктара Лабковіча, якога і дагэтуль не выпусцілі з турмы. Акрамя таго, у Кудзіненкі ёсць яшчэ адзін козыр у рукаве — за свае грошы ён зняў паўнаметражную стужку «Хто я?», прысвечаную асмысленню пратэстаў 2020 года. Фільм быў створаны мінулай восенню і, па словах стваральнікаў, гэта будзе глыбокая моладзевая драма аб сучасным моманце, аб тым, як зразумець, хто ты на самой справе. Застаецца пакуль незразумелым, калі і дзе гэтую стужку атрымаецца паглядзець. Ніякіх анонсаў ад аўтараў пакуль не было.
«Боцян», рэж. Януш Гаўрылюк
Цяжка назваць польскага арт-актывіста і рэжысера Януша Гаўрылюка беларускім аўтарам, але менавіта так ён сам сябе і ідэнтыфікуе. Кінематаграфіст родам з горада Бяла-Падляска, у юнацтве вучыў беларускую філалогію і быў аматарам нашай культуры, што вылілася ў знаёмства і супрацу з рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам. Сумесна з ім Януш арганізаваў дзесяць год таму польскі фестываль беларускага кіно «Бульбамуві», які праіснаваў да 2016 года. Натхніў паляка і арткінапраект Кудзіненкі «Хранатоп», для якога Януш зняў невялічкі крымінальны фільм. Пасля закрыцця «Хранатопу» Гаўрылюк працягнуў здымкі, зрабіўшы працу «Беларускае порна» і «Боцян», пра існаванне людзей на містычным беларуска-польскім памежжы. «Боцян» зараз як раз мантуецца. Гэтыя дзве працы аўтар плануе ўключыць у фільм-альманах з трох навэл, як гэта зрабіў у нулявых Андрэй Кудзіненка ў фільме «Акупацыя. Містэрыі». Апошняй часткай павінна стаць стужка «Ніхто», прысвечаная пратэстам 2020 года. Ці атрымаецца ў аўтара яго задума, пакуль казаць не выпадае — Януш робіць свае кіно па-партызанску, амаль без грошай, з валанцёрамі-аднадумцамі. Але, напэўна, калі энтузіязму хопіць, мы пабачым фільм у наступным годзе.
«Пражэкцёры», рэж. Улада Сянькова
За апошняе дзесяцігоддзе Улада Сянькова прайшла цяжкі шлях трансфармацыі ад лінгвісткі-перакладчыцы з Віцебска ў найбольш яркую кінарэжысёрку краіны. Яе стужкі «Граф у апельсінах», «З вялікай вышыні» ўдзельнічалі ў еўрапейскіх і поставецкіх кінафестывалях, а стужка «II» атрымала на Варшаўскім міжнародным кінафестывалі Спецыяльную згадку журы. Як і астатнія фільмы, яе новы праект «Пражэкцёры» таксама прысвечаны беларускім маладзёнам, двум хлопцам і дзяўчыне, якія шукаюць легкія шляхі для атрымання грошай і шчасця. У фільма няпросты лес — ад пачатку гэта быў веб-серыял, з якога аўтары вырашылі зрабіць паўнаметражнае кіно, на стварэнне якога ніхто не хацеў выдаваць грошы. Аўтары паспяхова ўдзельнічалі ў замежных пітчынгах, і потым іх убачыў прадзюсар Віктар Лабковіч, чыя студыя прафінансавала вытворчасць «Пражэкцёраў». Зараз трэба набрацца цярплівасці ў чаканні анонса прэм’еры фільма, чаму пакуль замінае каранавірус, рэпрэсіі ў Беларусі, творчая эміграцыя Улады — зараз яна жыве ў Польшчы.
«Авантуры Пранціша Вырвіча», рэж. Аляксандр Анісімаў
Дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў улады у канцы 2010-х заказалі ў «Беларусьфільма» стварэнне не толькі біяграфічнай драмы «Купала», але і прыгодніцкага фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча». Літаратурнай асновай стужкі паслужыў першы гістарычна-фэнтэзійны раман Людмілы Рублеўскай з цыкла прыгод шляхцюкоў Пранціша Вырвіча і Бартрамея Лёдніка ў часы скону Рэчы Паспалітай. Стужка здымалася ў некалькі беларускіх замках, а для актораў пашылі пышныя ўборы XVIII стагоддзя, з-за чаго будучы праект нагадваў па кадрах са здымак тыповы фільм плашча і шпагі, яскравамі прадстаўнікамі якога з’яўляюцца «Гардэмарыны» ці «Тры мушкецёры». Так і сталася, але паказаны кінапрэсе варыянт не спадабаўся. Яго папракалі за дрэнную драматургію, пэўныя моманты і матывацыя персанажаў засталіся незразумелымі, і відавочнае цэнзураванне (галоўныя героі так і не змаглі прызнацца, што іх ворагам з’яўляецца імператарская Расія), недахоп бюджету і стылістыку тэлевезійнага кіно. Аўтары абяцалі выправіць усе недахопы, у тым ліку перакласці фільм на беларускую мову, прадставіўшы кіно на кінафестывалі «Лістапад» у гэтым годзе, але ёсць адчуванне, што глядача зараз у кінатэатры гэтым не прывабіш.
«Лекі для Веры», рэж. Андрэй Лескін
Для многіх чытачоў стане адкрыццём, што ў Беларусі існуюць стваральнікі кіно, якое прасоўвае праваслаўныя каштоўнасці. З найбольш відавочных прыкладаў — гэта стужка «Лекі для Веры», створаная рэжысёрам-дэбютантам Андрэем Лескіным у кінакампаніі «Брама». Стужка атрымала бласлаўленне экс-мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. Аўтары распавядаюць, што фільм створаны на падставе рэальных падзей: жонка маладога святара раптоўна захворвае на анкалогію, і муж вырашае біцца за яе жыццё. І хоць прадзюсары фільма адмаўляюць рэлігійную сутнасць, «Лекі для Веры» ўжо паспелі атрымаць узнагароды у Санкт-Пецярбургу White Nights Film Festival і ў Сочы, але ці з’явіцца стужка ў кінатэатрах пакуль невядома. Тым не менш Андрэй Лескін зараз займаецца стварэннем новага ігравога праекту «Вечнае новае», у якім галоўным зноў з’яўляецца праваслаўны святар, які цверда верыць у свае ідэалы. Як бачна, рэлігійны след стваральнікаў тут відавочны.
«Мішэнь», рэж. Аляксандра Бутар
Беларуская акадэмія мастацтваў за дзесяцігоддзі свайго існавання падрыхтвала некалькі курсаў рэжысёраў дакументальнага і ігравога кіно — і толькі адзінкі з іх засталіся ў прафесіі. Аляксандры Бутар, выпускніцы майстэрні Аляксандра Яфрэмава, пашанцавала. Рэжысёрка ў першай палове 2010-х супрацоўнічала з «Беларусьфільмам», выпусціўшы дзве рафінаваныя меладрамы: «Салодкае развітанне Веры» і працяг савецкай камедыі «Белыя Росы. Вяртанне». Пасля Бутар сышла ў самастойнае плаванне, адкрыўшы прыватную кінашколу «Тэрыторыя кіно», дзе зараз выкладае асновы рэжысёрскага майстэрства і паралельна працягвае здымаць каротка- і паўнаметражнае кіно, таксама пераважна меладрамы. Вось і яе апошні праект «Мішэнь» — гэта гісторыя расцягнутай на гады помсты маладой дзяўчыны бацьку, якога яна вінаваціць у забойстве маці — хоць і сюжэтна нагадвае варыяцыю драматычных баевікоў тыпу «Леон» ці «Нікіта» Люка Бесона, але на самой справе з’яўляецца хутчэй меладрамай пра адносіны гераіні з шэрагам мужчын: яе хлопцам, брутальным інструктарам па стральбе і ненавісным бацькам, якога грае музыка Зміцер Вайцюшкевіч. Мяркуючы па трэйлеры, маладыя акторы граюць дрэнна, таму ўся надзея на майстэрства больш сталых і вопытных артыстаў. Анонсаў, калі адбудзецца прэм’ера «Мішэні» пакуль не было.
«Сляды апосталаў 2», рэж. Сяргей Талыбаў
Мінісерыял «Сляды апосталаў» можна назваць прыкладам паспяховай супрацы дзяржавы з прыватным кінабізнесам. З ужо даўно вычарпанай тэмы Вялікай Айчыннай вайны прадзюсары «Першай Кінавідэакампаніі» зрабілі гістарычныя прыгоды ў духу «Індыяны Джонса» ці «Кода да Вінчы». Асновай стужкі сталі міфы пра існаванне схаванага ў Нясвіжскім палацы вялікага скарба магнатаў Радзівілаў — дванаццаці залатых апосталаў. Гэта сумесь містыкі і канспіралогіі добра зайшла не толькі беларусам, але і расейцам, які купілі шоў для паказу на сваіх эфірнах каналах. Праз восемь год быў створаны працяг серыяла, вясной як раз завяршыліся здымкі, але калі праект з’явіцца на экранах пакуль няясна. Тым больш, праца «Першай Кінавідэакампаніі» пакуль паралізаваная з-за палітычнага пераследу яе ключавых уласнікаў.
«Ілюзіі», рэж. Іван Паўлаў
Серыялы ніколі не былі каньком «Беларусьфільма». Усе больш-меньш удалыя спробы стварэння тэлеканту для самый шырокай аўдыторыі, напрыклад, меладрамы «Вой, ма-ма-чкі 1-2» ці «Трымайся за аблокі», звязаныя з супрацай нацстудыі з расійскімі ці ўкраінскімі прадакшэнамі, якія ведалі, што ад іх чакае глядач. Амбіцыі зрабіць нешта самастойна непазбежна прыводзілі да суцэльнай катастрофы. Моладзевы серыял «Ілюзіі» — тыповы прыклад такога кірмаша ганарыстасці, калі стваральнікі з «Беларусьфільма» рабілі шоў без разумення што яны здымаюць і, галоўнае — для каго. Драматургічна зроблены з клішэ замежных і расійскіх сіткомаў, серыял распавядае пра шасцерку маладзёнаў, якія спрабуюць уратаваць сваю ўлюбленую тэатр-студыю ад закрыцця, адначасова ўліпаючы ў амурныя справы. Ідэя, якая добра выглядала на паперы, на экране атрымалася штучнай і антызахапляльнай настолькі, што «Ілюзіі» спачатку не хацелі купляць нават лаяльныя студыі дзяржаўныя тэлеканалы. Але нядаўна шоў ўсё ж такі паказалі на тэлеканале СТБ. Як кажуць, гэта лепш, чым нічога.
«Пікалін эйс», рэж. Аляксей Раковіч
Незалежны кінематограф Беларусі дагэтуль застаецца terra incognita не толькі для гледачоў, але нават для журналістаў і кіназнаўцаў. Далека не ўсе гатовыя стужкі трапляюць у фокус ўвагі СМІ, мноства чаго без вестак складуецца на прыватных акаўнтах відэасервісаў пасля прагляду купкай знаёмых аўтара. Канешне, стужку «Пікалін эйс» такі лёс не нападкаў бы, але знайсці ў сеціве дэталі пра праект нават зараз даволі складана. Яе аўтар, рэжысёр Аляксей Раковіч, стаў знакамітым пасля мінулагодняга скандала на дзяржаўным конкурсе кінапраектаў Мінкульта, калі з-за скаргі была адменена вытворчасць экранізацый сучаснай літаратуры: «Сфагнум» Віктара Марціновіча і «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. Апошні як раз і планаваў зняць Аляксей Раковіч, які пасля адмены вынікаў конкурсу пераключыўся на новы праект — драму пра сельскую дзяўчыну, якая хоча займацца валейболам, але знаёмыя і родзічы не падзяляюць яе памкненняў. Сыходзячы з апублікаванага трэйлера, у аўтараў атрымалася неблагая стужка, якую хацелася пабачыць на вялікім экране. Пытанне толькі ў тым, калі адбудзецца прэм’ера.
«Паляшук», рэж. Аляксандр Меліхавец
Асобным напрамкам развіцця айчыннага кіно з’яўляецца ўвасабленне на экране твораў класікаў беларускай літаратуры. У савецкі час гэтым актыўна займаўся «Беларусьфільм», зараз пальма першынства перайшла да незалежных аўтараў. Фатограф і рэжысер Аляксандр Меліхавец як раз адзін з іх. У 2019 годзе ён дэбютаваў з беларускамоўнай адаптацый аповесці Васіля Быкава «Народныя мсціўцы», якую ен рэалізоўваў амаль дзесяць год, неаднойчы пераздымаючы канчатковы варыянт з рознымі акторамі. Зараз чарга дайшла да Уладзіміра Караткевіча і яго апублікаванага пасля смерці апавядання «Паляшук». Гаворка ў ім ідзе пра селяніна, якога пасля падаўлення паўстання 1863 года расейскія жаўнеры хочуць расстраляць, падазраючы ў дыверсантскай дзейнасці. Сам Меліхавец кажа, што стужка амаль гатовая, але анансаваць прэм’еру пакуль не спяшаецца. І ў гэтым ёсць сэнс, бо гісторыя даволі блізка пераклікаецца з падзеямі лета 2020 года, а такое мастацтва ніякі кінатэатр ці прыватная ўстанова з магчычамасцю кінапрагляду наўрадці адважыццца паказаць.
«Тры таварышы», рэж. Уладзімір Казлоў
Да творчасці андэграўнднага пісьменніка і рэжысёра Уладзіміра Казлова заўжды ўзнікае рытарычнае пытанне — а у якой ступені яна з’яўляецца беларускай? Справа ў тым, што аўтар да 28 год жыў у Магілеве і Мінску, а пасля 2000-га канчаткова з’ехаў у Маскву. Таму адназначнага адказу на гэтае пытанне няма, але шчырасць і бескампрамісная жорсткасць яго падыходу да расповеду пра умовы існавання на поставецкай прасторы можна лічыць універсальнай мовай, якую зразумеюць гледачы незалежна ад таго, па які бок дзяржаўнай мяжы яны знаходзяцца. І гэта не вельмі падабаецца культурным чыноўнікам, таму большасць стужак Уладзіміра Казлова, створаных амаль партызанскім шляхам, з вялікай цяжкасцю прарываюцца на вялікі экран. Так было з гісторыяй пра бытавы гвалт падлеткаў «Анамія», усёдазволенасць супрацоўнікаў сілавых структур «Як мы захочам». Есць пытанні і да яго апошняй на дадзены момант стужкі «Тры таварышы», назва якой хоць і адсылае да творчасці Рэмарка, але распавядае пра купку сучасных 25-гадовых хлопцаў, якія не ведаюць, што рабіць са сваім жыццём. У адрозненне ад іншых удзельнікаў нашага спісыу стужак, лёс «Трох таварышаў» больш спрыяльны — кіно можна будзе паглядзець падчас анлайн-фестывалю «Паўночнае ззянне».
«У пошуках анёла», рэж. Ігар Чацверыкоў
Яшчэ адзін мінісерыял для тэлебачання, здымаць які сіламі выключна студыі «Беларусьфільм» пачалі ў пачатку 2020 года. У адрозненне ад «Ілюзій», тут аўтары абралі больш папулярную тэму для аўдыторыі эфірных каналаў — паліцэйскі трылер, у якім супрацоўнікі МУС і дзіцячы псіхолаг расследуюць таемнае знікненне і гібель падлеткаў у невялічкім правінцыйным горадзе. Пастаноўшчыкам абраны Ігар Чацверыкоў, сын Віталя Чацверыкова, беларускага рэжысёра савецкіх часоў, які шчыльна працуе на тэлебачанні Беларусі і Расіі з сярэдзіны 90-х гадоў. Здымкі вяліся ў павільёнах студыі, а таксама ў Лагойску, Бабруйску і Лідзе. Стваральнікі абяцаюць арыентацыю на псіхалагічнасць і атмасфернасць скандынаўскія трылераў, але пакуль цяжка сказаць, ці апраўдаюцца гэтыя абяцанні. Свежых звестак пра выхад серыяла пакуль не паступала.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by