17 Верасня. Свята з шуфляды

17.09.2021 Гісторыя

«...Уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі было актам гістарычнай справядлівасці, бо несправядлівасць доўга трываць не можа!» — такімі словамі пад авацыі прысутных скончыў свой даклад гісторык Іван Коўкель, апошні з магіканаў, які спецыялізаваўся на тэме. Ішоў 1999 год. У Гродзенскім універсітэце праходзіла гістарычная канферэнцыя па 1939 годзе.


Па вуліцах горада, ахутаных дымкай спаленага лісця, гулялі мінакі, час ад часу пазіраючы на плакаты ў вітрынах крамаў. На плакатах цалаваліся два мужчыны, адзін у форме, другі ў белай сарочцы. Над імі красавала цытата Купалы: «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі...»

Найбольш вядомы плакат, прысвечаны 17 Верасня (1).jpg

На арыгінальным плакаце 1939 года тамсама была цытата Сталіна пра Чырвоную армію, але аўтары «рэмэйку» яе прыбралі.

Найбольш вядомы плакат, прысвечаны 17 Верасня (2).jpg

На наступныя гадавіны — у 2009-і і 2019-м — не было нічога, нават плакатаў у вітрынах. Дробныя канферэнцыі на гістфаках, можа, і былі, але без памерлага на той час Іван-Іваныча. Як у 2009-м, так і ў 2019-м Беларусь спрабавала наводзіць масты з Польшчай, таму і акцэнтавацца на 17 Верасня было, відаць, недарэчна. Святу не шанцавала. Ці пашанцуе цяпер?..

Ніжэй мы паспрабуем разгледзець увесь шлях 17 Верасня як святочнай гістарычнай даты з няпростым лёсам, не кранаючы ідэалагічных дыскусіяў пра сам 1939 год, «удар у спіну», пакт Молатава — Рыбентропа. Толькі пра дату і народжаны вакол яе міф.

«Краіна-магніт» супраць «белапалякаў»

Увосень 1939-га, пасля паспяховага «вызвольнага паходу», 17 Верасня мела стаць галоўным ідэалагічным святам БССР. Дакладней, яно б дапоўніла ранейшае галоўнае свята 11 ліпеня — дзень, калі ў 1920-м бальшавікі выгналі палякаў з Мінска. Уся перадваенная міфалогія Савецкай Беларусі круцілася вакол той даты, а ў 1939-м канон «вызвалення Беларусі» проста быў бы завершаны.

Калі пагартаць савецкую прэсу 1939–1940-х гг., добра відаць стварэнне магутнага міфа з усімі ўласцівымі дэталямі. Журналіст Кірсанаў намаляваў у «Праўдзе» такую хтанічную карціну: СССР — гэта «краіна-магніт», а навакольны свет робіцца меншым за кошт тэрыторыяў, якія магніт прыцягвае да сябе. Цэнтр магніта — Сталін, да якога цягне цэлыя народы: украінскі, беларускі, літоўскі, латышскі, эстонскі...

Краіна-магніт - вобраз, створаны ў часы Камінтэрну.jpg

Калі Сталін — гэта нешта богападобнае, то героі гэтай гісторыі — вядома, чырвонаармейцы. У 1930-я існаваў комплекс «правільных» эпітэтаў да дзеясловаў. Калі працаваць, то «па-стаханаўску», калі лётаць, то «па-чкалаўску», калі душыць ворагаў, то «па-яжоўску»... Дык вось, палякаў у 1939-м грамілі «па-хасанску» — спасылачка на баі з японцамі на возеры Хасан, каб адзін міф не перакрываў іншы, а дапаўняў.

Чырвоная армія — гэта не захопнікі, а вызваліцелі, гуманітарная місія. З гэтым пытаннем песняры 1939-га таксама папрацавалі. Вось словы селяніна, якога толькі што вызвалілі: «Со шляхтою вы на смерть воевали, / А нам не замутили и воды, / Ни яблока ни разу не сорвали, / Не затоптали ни одной гряды...» — гэтак піша іншы паэт Ісакоўскі. Добрая паралель з вобразам «ветлівых людзей»: са зброяй, але сваім шкоды не зробяць.

Народ Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію (1).jpg
Народ Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію

Народ Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію (2).jpg

Плакаты да 1939 году (1).jpg
Плакат да 1939 года

Плакаты да 1939 году (2).jpg

Архетыповы вораг — вядома, палякі. Дакладней, «белапалякі». Гэта калектыўны назоў, якія актыўна выкарыстоўваўся з 1920-га года і дажыў да 1939-га амаль без зменаў. «Белапалякі» — гэта ўвесь спектр кіраўнічай эліты панскай Польшчы: вайскоўцы, паліцыя, асаднікі, ксяндзы, чыноўнікі... Усе, хто не сяляне і не рабочыя, без мазалёў на руках.

У нас «белапалякам» супрацьпастаўлялі беларусаў. На поўдні, у Бесарабіі, дакладным адпаведнікам «польскіх паноў» былі «румынскія баяры» — ім супрацьпастаўлялі малдаван і ўкраінцаў. На поўначы — «белафіны», якім супрацьпастаўлялі карэлаў. Прыстаўка «бела-» — гэта чорная метка для нацыі, якая аказалася ў няміласці.

Беларуская карта, адкладзеная ўбок

Беларускі кантэкст 17 Верасня выкарыстоўваўся, але кропкава — для мясцовых. На плакатах таго кароткага перыяду (1939–1941) вы не ўбачыце ўзброеных КПЗБоўцаў або нават беларусаў — вязняў польскіх турмаў. Беларус выступае ў віктымнай ролі: гэта ахвяра, якую вызваляе савецкі жаўнер. Гэта селянін або жанчына-сялянка.

Ніякага дзіва тут няма, бо актывісты КПЗБ і ранейшыя «грамадоўцы» на канец 30-х былі ўжо не ў пашане. Тых, хто раней аказаўся ў Саюзе, прыехаў сам або быў выменяны на польскіх вязняў, на той момант збольшага ўжо не было сярод жывых. Тарашкевіч і ягоны лёс — добры сімвал той генерацыі. Прытыцкі — выключэнне з правілаў, якое пакінулі як самотны сімвал.

Чытайце па тэме: «Бронюсь, куды ты ідзеш?». Як 88 гадоў таму Саветы і Польшча абмяняліся палітвязнямі

Збіты палякамі малады Сяргей Прытыцкі - здымак з крымінальнай справы.jpg
Збіты палякамі малады Сяргей Прытыцкі. Здымак з крымінальнай справы

Беларускае рамантычнае напаўненне 17 Верасня з’явілася нашмат пазней, у часы хрушчоўскай адлігі, а спачатку гучалі зусім іншыя думкі і сэнсы, больш скіраваныя на расійскага — ці агульнасавецкага — чытача:

И внезапно время раскололось, И подуло свежестью иной, Над землею прокатился голос, Теплою широкою волной. (...) С миром говорила Справедливость На великом русском языке...

Гэта фрагмент верша Маргарыты Алігер «17 сентября 1939 года», надрукаваны ў «Праўдзе». Як бачым, справядлівасць гаворыць не па-беларуску, не на мове КПЗБ.

Праз год, на першую гадавіну тых падзеяў, журналіст П. Лідоў у артыкуле назаве Гродна «старадаўнім рускім горадам». Карта мясцовых нацыянал-камуністаў, якія фактычна 20 гадоў рыхтавалі гэтыя падзеі, была адкладзеная ўбок.

«Старыя байцы» КПЗБ, якія так і не сталі ўладай

А пасля свет змяніўся да непазнавальнасці. Усім было не да мемарыялізацыі 17 Верасня. Свята выплыла ў канцы 1940-х на фоне лёгкай палітычнай і культурнай адлігі для нацменшасцяў Саюза. Нагадаем, што пасля 1944-га ў БССР пачалі патроху друкаваць нават «нацдэмаўшчыну»: верш «Пагоня» Багдановіча, аповесці «зялёнадубаўца» Ядвігіна Ш. і г.д.

Тады, у 1946-м, упершыню з’явіўся ў друку і пратакол Народнага сходу Заходняй Беларусі 28-30 кастрычніка 1939 года. Першае вялікае святкаванне тых падзеяў — кастрычнік 1949-га. Адноўлены на той момант Стары мост у Гродне, дарэчы, таксама быў прысвечаны 29 кастрычніка, калі НС ЗБ прагаласаваў за далучэнне да БССР. Памятныя барэльефы на мосце праіснавалі ажно да рэканструкцыі сярэдзіны нулявых.

Барэльеф, прысвечаны 1939-му году на Старым мосце ў Гродне, прыбраны пасля рэканструкцыі.jpg
Барэльеф, прысвечаны 1939-му году на Старым мосце ў Гродне, прыбраны пасля рэканструкцыі

Зусім хутка быў скончаны канон Вялікай Айчыннай вайны, яе герояў і памятных датаў: Бацька Мінай і Дзед Талаш, Брэсцкая крэпасць, 22 чэрвеня, 9 мая, 3 ліпеня... 17 Верасня, як нейкая цьмяная перадгісторыя вялікай вайны, засталося на лакальным узроўні, у назвах вуліцаў у гарадах і райцэнтрах. Ва ўладзе ў БССР быў «партызанскі клан», які складаўся з партызанаў — ураджэнцаў Усходняй Беларусі. Што ім да 1939 года?..

Праслойка былых КПЗБоўцаў ва ўладзе была зусім слабая і ў «клан» ніколі не аформілася. Так, быў Прытыцкі, хоць да ягонай «польскай гісторыі» дадаўся навейшы пласт, звязаны з ВАВ.

Найвышэйшай кар’ернай прыступкай для «старых байцоў» КПЗБ была пасада старшыні райвыканкама з перспектывай персанальнай пенсіі. Яшчэ можна было стаць... дырэктарам заапарка (як Лазар Шайкоўскі ў Гродне, якога палякі ў 1927-м засудзілі на 15 год турмы). Уладай яны так і не сталі.

Свята раённага маштабу

17 Верасня паступова эвалюцыянавала ў свята раённага маштабу: лакальныя мітынгі, месцы памяці, куды піянеры неслі кветкі, нейкія зборы ўспамінаў па вёсках. Былі і цікавыя моманты з эвалюцыяй сэнсаў: Курган Славы ў Гродне быў закладзены 17 верасня 1968 года як помнік усім змагарам за савецкую ўладу ў рэгіёне. Але з часам ён стаў асацыявацца выключна з ВАВ, без ніякіх згадак ці мерапрыемстваў паводле падзеяў 1939-га.

Цікавае пераасэнсаванне даты і сімвала.jpg
Цікавае пераасэнсаванне даты і сімвала

Так, у літаратуры пасля хрушчоўскай адлігі з’явіўся цэлы пласт тэкстаў (вершаў, успамінаў, дакументальных аповесцяў) пра падзеі, якія папярэднічалі верасню 1939-га. Але гэта былі або моцна адцэнзураваныя творы («Лісткі календара» Максіма Танка), або эпас, які плаўна перацякаў у падзеі ВАВ («Данута» Аляксея Карпюка). Сярод неабсяжнага мора твораў, напісаных па матывах вайны, падзеі 1939-га былі проста незаўважнай кропляй.

Сяргей Прытыцкі - сучасны арт.jpg
Сяргей Прытыцкі - сучасны арт

Бліжэй да канца 1980-х 17 Верасня як дата, якая нешта значыла, проста выдыхнулася, каб праляжаць у шуфлядзе ажно... да 2021-га. Цікава, што кожны раз, калі пра 17 верасня згадвалі, у гэты дзень укладаўся новы сэнс: ад пашырэння савецкай дзяржавы на Захад да ўз’яднання беларускага народа як такога. Якія сэнсы і формы запануюць гэтым разам і як доўга пражыве дата ў чарговай інкарнацыі, пакажа час.

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы (1).jpg

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы (2).jpg

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы (3).jpg

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы (4).jpg

Рамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы (5).jpgРамантычны беларускі міф КПЗБ і 17 верасня, складзены ў пасляваеннай літаратуры і мемуарыстыцы


Алесь Кіркевіч, budzma.org