Міністр адукацыі хоча зрабіць Беларусь пляцоўкай для папулярызацыі рускай мовы

Беларусь гатовая стаць адной з ключавых пляцовак для міжнародных мерапрыемстваў па папулярызацыі рускай мовы. Пра гэта заявіў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец на першай міністэрскай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі па рускай мове ў Маскве, піша «Еўрарадыё». У сустрэчы ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі Расіі, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

Andrej IvaniecАндрэй Іванец

Паводле Іванца, руская мова з’яўляецца культурным кодам адзінай агульнай гістарычнай і культурнай прасторы.

«Беларусь у асобе Міністэрства адукацыі і іншых міністэрстваў цалкам гатовая не толькі падтрымліваць і ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах, якія будуць вылучацца на палях Міжнароднай арганізацыі па рускай мове, але і ўносіць свае ініцыятывы. Нам ёсць чым падзяліцца, ёсць што прапанаваць, таму вельмі хацелася б, каб і Беларусь стала пляцоўкай да правядзення знакавых, важных мерапрыемстваў, якія будуць накіраваны на папулярызацыю і пашырэнне выкарыстання рускай мовы», — цытуе яго словы прэс-служба Міністэрства адукацыі.

Ён нагадаў, што руская мова з’яўляецца адной з дзяржаўных у Беларусі.

Варта адзначыць, што пра развіццё рускай мовы ўлады дбаюць значна больш, чым пра развіццё беларускай. Так, міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў, што не бачыць сэнсу павялічваць аб’ём беларускага тэлевяшчання.