Музей Вольнай Беларусі прадставіць у Варшаве выставу «2020: Гаворыць Мінск» — праект, прысвечаны падзеям 2020 года і гораду, які стаў галоўным героем беларускага мірнага супраціву. Выстава будзе дэманстравацца з 5 па 23 жніўня 2026 года. У межах праекта пакажуць фатаграфіі муралаў, графіці, стыкераў, надпісаў і іншых вулічных выказванняў пратэснага Мінска, алею супольна сабраных бел-чырвона-белых сцягоў ды відэаінсталяцыю.
2020 год займае асаблівае месца ў найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта быў момант, калі звычайна спакойны і цярплівы народ выйшаў на вуліцы, каб адстаяць сваю годнасць, свабоду і права на справядлівыя выбары. Людское мора запоўніла краіну: кожны куток казаў сваё рашучае «Не!» гвалту і рэжыму, а Мінск ператварыўся ў сімвал беспрэцэдэнтнай грамадзянскай салідарнасці.
Выстава «2020: Гаворыць Мінск» вяртае наведвальнікаў у атмасферу таго самага горада — горада еднасці, адвагі і надзеі. Горада, дзе людзі пазнавалі адзін аднаго з першага позірку, спявалі адныя песні, дапамагалі незнаёмым і разам пераасэнсоўвалі, што значыць быць часткай сваёй краіны.
Галоўным героем выставы становіцца сам Мінск — горад, які ў 2020 годзе загаварыў голасам сваіх жыхароў.
Аснову экспазіцыі складае архіў доктара гістарычных навук Аляксандра Грушы, які ў 2020 годзе дакументаваў гарадское пратэстнае мастацтва.
Фатаграфіі муралаў, графіці, стыкераў, надпісаў і іншых вулічных выказванняў паказваюць, як Мінск ператварыўся ў прастору грамадзянскага голасу. Пасля гэты электронны архіў быў перададзены ў калекцыю Музея Вольнай Беларусі.
Адной з цэнтральных частак выставы стане супольна сабраная алея бела-чырвона-белых сцягоў. Гэта тыя самыя сцягі, якія ўдзельнічалі ў шматтысячных маршах, вывешваліся на балконах і фасадах дамоў,
хаваліся падчас ператрусаў, вывозіліся ў эміграцыю і захоўваліся як адзін з самых каштоўных успамінаў пра 2020 год. Кожны з іх — гэта не толькі сімвал, але і асабістая гісторыя чалавека, сям’і або супольнасці.
Атмасферу Мінска 2020 года дапоўніць відэаінсталяцыя, створаная з кадраў Максіма Шведа, Аляксандра Багданава (Papa Bo) і Данілы Ганчарова. Іх відэаматэрыялы захавалі моманты, калі нараджалася новая гісторыя Беларусі, і дазваляюць наведвальнікам зноў адчуць рытм і настрой таго часу.
Музей Вольнай Беларусі ў межах выставы падрыхтаваў серыю падзей, якія дапамогуць вярнуцца да атмасферы таго часу.
11 жніўня адбудзецца адкрытая лекцыя-размова Паўла Церашковіча, прысвечаная беларускім выбарам, падзеям і маршам 2020 года.
15 жніўня музей запрашае на музычны сет Papa Bo — музыкі і аўтара знакавых вулічных музычных акцый часоў беларускіх пратэстаў 2020 года. Яго выступы сталі адным з сімвалаў культурнага супраціву, а гэты вечар стане магчымасцю зноў адчуць рытм і настрой Мінска, які дыхаў свабодай і салідарнасцю.
Падрабязная праграма будзе апублікаваная ў бліжэйшы час.
Арганізатар: Музей Вольнай Беларусі
Куратар: А. Kuj
Візуальная канцэпцыя і дызайн выставы: Аляксандр Адамаў
Відэаграфіка і асвятленне: Даніла Ганчароў
Графічны дызайн: A D