Беларуская культурная сфера перажывае адзін з самых цяжкіх перыядаў за апошнія дзесяцігоддзі. Музеі губляюць самастойнасць, прафесіяналаў выціскаюць з устаноў, а ключавыя пасады займаюць людзі, для якіх галоўнымі якасцямі сталі не кампетэнцыя і веды, а лаяльнасць і здольнасць падладжвацца пад сістэму.
Закрыццё культурных інстытуцый, кадравыя чысткі і прызначэнні паводле прынцыпу асабістай адданасці становяцца новай рэальнасцю беларускай культуры. Шэраг сталічных музеяў — сёння гэта не толькі культурныя ўстановы, але і люстэрка агульнага стану беларускай культурнай палітыкі. За фасадам рэарганізацый і новых прызначэнняў усё выразней праглядаюцца крызіс прафесіяналізму, страх ініцыятывы і дамінаванне ідэалогіі.
Раней ужо пісалі пра стан літаратурных музеяў і пра магчымае аб’яднанне культурных устаноў у нешта падобнае да холдынгу. Асабліва прыкра ў гэтай сітуацыі тое, што музеі слупоў беларускай літаратуры — Купалы і Коласа — могуць страціць сваю самастойнасць. Пры гэтым усё адбываецца на фоне юбілейных дат: сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту прысваення Якубу Коласу звання народнага паэта Беларусі, а летась адзначалася 100-годдзе атрымання звання «народнага» Янкам Купалам.

Магчымая рэарганізацыя музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Выява створана пры дапамозе ШІ
Калі ў музеі Янкі Купалы ёсць дырэктар — Ганна Галінская — і ўстанова неяк працуе, то ў музеі Якуба Коласа дырэктара няма, а сама ўстанова знаходзіцца ледзь не на мяжы развалу. Варта адзначыць, што папярэдняй дырэктаркай музея Якуба Коласа была Ірына Мацяс, якая цяпер узначальвае Нацыянальны мастацкі музей. На гэтай асобе варта спыніцца больш падрабязна.
Пэўны час Ірына Мацяс працавала ў музеі Максіма Багдановіча, займаючы розныя пасады ў гэтай установе культуры. Аднак восенню 2021 года яна заняла пасаду дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, дзякуючы сувязям у міністэрствах свайго мужа, прапагандыста з АНТ Аляксандра Мацяса.
За чатыры гады кіраўніцтва Ірына Мацяс дакладна не вывела на новы ўзровень музей класіка беларускай літаратуры. Хутчэй наадварот. Новая дырэктарка не змагла сфармаваць моцны калектыў, а нязручныя супрацоўнікі былі выціснутыя з музея. Пры гэтым, сфармавалася вузкае кола людзей, якое прымала ключавыя рашэнні і карысталася сваім службовым становішчам.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ірына Мацяс. Крыніца: zviazda.by
Музей Якуба Коласа мае багатую гісторыю, таму можна было нават не ствараць нічога прынцыпова новага, а проста працягваць развіваць ужо існыя кірункі дзейнасці. Тым больш што рамонтныя работы і абнаўленне музейнай прасторы былі праведзены яшчэ пры папярэднім дырэктары Аляксандры Храмым. У выніку за апошнія гады музей запомніўся хіба што праектам «начных экскурсій». Больш за тое, філіялы на Стаўбцоўшчыне фактычна ператварыліся ў асобную «епархію», бо дырэктарка бывала там рэдка, а музейныя справы на радзіме Коласа яе цікавілі мала. Аднак дзякуючы рэгулярным рэпартажам Аляксандра Мацяса на АНТ пра музейныя мерапрыемствы, якія павінны былі сведчыць пра «бурлівую» дзейнасць кіраўніцы, Ірына Мацяс заставалася «на добрым рахунку» ў вышэйшага начальства. Таму вясной 2026 года яна была пераведзена на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, пакінуўшы пасля сябе шэраг праблем і нявырашаных пытанняў у музеі Якуба Коласа.
Колькі словаў варта сказаць і пра купалаўскі музей, які пры новым дырэктары стаў уласным ценем сваёй былой яркай дзейнасці. Нягледзячы на тое, што ў музеі праводзіцца нямала выстаў і публічных мерапрыемстваў, ініцыятыва там амаль не заахвочваецца. Ва ўмовах рэпрэсій і масавых звальненняў за любы «няправільны» крок Ганна Галінская, відаць, асцерагаецца праяўляць самастойнасць і актыўнасць.
Пасля няўдалага менеджменту ў музеі Якуба Коласа Ірына Мацяс узялася за «развіццё» мастацкага музея. Сам факт таго, што ўстановай кіруе чалавек без спецыяльнай мастацтвазнаўчай падрыхтоўкі, выклікае вялікае пытанні. Пры гэтым новая дырэктарка не толькі змяніла папярэдняе кіраўніцтва, але і прывяла з сабой некаторых набліжаных супрацоўнікаў з мінулага месца працы. У выніку частка адміністрацыі музея не мае належнага разумення мастацтва і ніколі не займалася яго даследаваннем. Напрыклад, новым навуковым сакратаром стаў чалавек з бібліятэчнай адукацыяй. Таму перспектывы музея з новай адміністрацыяй выглядаюць вельмі цьмянымі.

Планшэтная выстава «Страна побед», прысвечаная расійскім перамогам, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, травень 2025. Фота: minsknews.by
Для параўнання: доўгі час Нацыянальны мастацкі музей узначальваў Уладзімір Пракапцоў — кандыдат мастацтвазнаўства. Пры ўсёй супярэчлівасці гэтай асобы варта прызнаць, што ён быў прафесіяналам сваёй сферы.
Вяртаючыся да асобы Ірыны Мацяс, адзначым, што яе дзейнасць сведчыць пра тое, што гэта тыповая чыноўніца-кар’ерыстка. Пытанні статусу музеяў, шырокай папулярызацыі беларускай культуры для яе наўрад ці з’яўляюцца прыярытэтам.
Моцным «дахам» для новай генеральнай дырэктаркі Нацыянальнага мастацкага музея з’яўляецца Марат Маркаў, які зусім нядаўна стаў новым міністрам культуры. Раней ён узначальваў АНТ, таму Аляксандр Мацяс добра ведае Маркава і доўгі час працаваў пад яго кіраўніцтвам. Відавочна, Ірына Уладзіміраўна пачуваецца на новым працоўным месцы не проста утульна, але па-гаспадарску і можа дазволіць сабе любыя кадравыя рашэнні — у тым ліку звальненне нязручных супрацоўнікаў або тых, хто праяўляе занадта вялікую актыўнасць.
Не варта забываць, што Нацыянальны мастацкі музей — адна з найбуйнейшых музейных устаноў краіны. Яго філіяламі з’яўляюцца палацава-паркавы комплекс у Міры, Дом Ваньковічаў, музей Азгура і нават карцінная галерэя ў Мазыры. Таму будучыня такой вялікай установы выклікае моцную трывогу, калі адміністрацыйныя пасады займаюць людзі, далёкія ад мастацтва.
Далей-болей, як той казаў. Нядаўна з’явілася інфармацыя пра закрыццё Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, які, паводле папярэдніх звестак, будзе працаваць толькі да восені. У пагоні за кар’ерай, пасадамі ды грашыма можна развальваць і зачыняць усё што заўгодна. Нікога не цікавяць паўсотні супрацоўнікаў цэнтра сучаснага мастацтва, якія застануцца без працы.

Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва. Фота: сацсеткі НЦСМ
Ліквідацыя ўстановы адбываецца дзякуючы дзейнасці новага старшыні Саюза мастакоў Андрэя Васілеўскага, а профіт зноўку атрымае Ірына Мацяс, бо пляцоўка НЦСМ пяройдзе Нацыянальнаму мастацкаму музею.
Відавочна, што падобнае магло адбыцца толькі ў выніку закулісных гульняў, у якіх актыўны ўдзел прымае новы міністр культуры – Маркаў. Бо без згоды міністэрства культуры такая рэарганізацыя была б немагчымая.
Калі культурную палітыку краіны вызначаюць людзі з антыбеларускімі поглядамі і ў цэлым далёкія ад культуры, то сучаснае мастацтва іх цікавіць у апошнюю чаргу. Для Маркава ліквідацыя такога цэнтра хутчэй будзе пазітывам, каб не выстаўлялі «абы-што» ды не ўплывалі кепскімі ідэямі нават на невялікую праслойку жыхароў сталіцы. Значна прасцей зачыніць і знішчыць, чым разбірацца і падтрымліваць сваё.
Нацыянальны гістарычны музей таксама не застаўся ўбаку ад кадравых зменаў. Яшчэ зусім надаўна музей узначальваў Аляксандр Храмы, які кіраваў ім з красавіка 2021 года. Аднак яго ціха прыбралі, але новага кіраўніка пакуль не прызначылі. Падчас свайго кіраўніцтва Храмы адкрыта заяўляў, што падыход да гістарычнай палітыкі сёння вызначаецца «рашэннямі прэзідэнта», дэманструючы поўную лаяльнасць да афіцыйнай «лініі партыі». Нельга не адзначыць і тое, што ў апошнія гады Нацыянальны гістарычны музей усё мацней уключаўся ў дзяржаўную ідэалагічную сістэму і актыўна развіваў сумесныя праекты з Расіяй.

Урачыстае адкрыццё выставачнага праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў «Дзве багіні. Галіна Уланава і Майя Плісецкая». Фота з сайта Нацыянальнага гістарачнага музея
Разам з тым цяжка адмаўляць, што Аляксандр Храмы быў чалавекам з вялікім досведам у музейнай сферы, які ўмеў прымаць рашэнні і вырашаць практычныя праблемы. Яго працоўны шлях выглядае даволі грунтоўна: у 2011–2013 гадах ён працаваў вучоным сакратаром у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», пасля быў загадчыкам экспазіцыйна-выставачнага аддзела і намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея (2013–2019). У 2019–2021 гадах Храмы ўзначальваў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Менавіта ў музеі Коласа ён правёў шэраг важных рамонтных работ, неабходных для нармальнага функцыянавання ўстановы. Акрамя таго, пры ім на высокім узроўні быў адзначаны юбілей музея. Супрацоўнікі літаратурнага музея, як правіла, пазітыўна ацэньвалі яго здольнасці як кіраўніка, бо за адносна кароткі час ён паспеў вырашыць праблемы з філіялам «Мікалаеўшчына», абнавіць музейную прастору і актывізаваць дзейнасць установы.

Былы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы. Крыніца: ctv.by
Чаму ж Храмы пазбавіўся пасады ў гістарычным музеі? Здаецца, што гістарычны музей актыўна разбудоўваўся, а ў ім рыхтаваліся новыя масштабныя праекты. Прычына можа быць у тым, што былы дырэктар не здолеў у поўнай меры адпавядаць новым патрабаванням сістэмы — магчыма, не хапіла кан’юнктурнасці, жадання дагаджаць вышэйшаму кіраўніцтву і гатоўнасці дзейнічаць выключна паводле палітычнай мэтазгоднасці. Цяпер жа на пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея можа трапіць маргінал ад улады, камуніст і прапагандыст Сяргей Клішэвіч. Нават у страшных снах цяжка сабе ўявіць, як такі чалавек можа кіраваць адным з цэнтральных музеяў краіны.
Напрыканцы варта адзначыць, што дзяржаўная сістэма сёння мае сур’ёзныя праблемы з кадрамі. Наверх прабіваюцца не найлепшыя і найбольш прафесійныя, а тыя, каму хапае нахабства, прагнасці да пасадаў і жадання любой цаной утрымацца каля ўлады. Людзі з досведам, ведамі і ўласным меркаваннем, нават калі яны адкрыта не супраціўляюцца дзяржаўнай машыне, сістэме не патрэбныя.
Прызначэнне Марата Маркава на пасаду міністра культуры выглядае чарговым пацвярджэннем гэтай тэндэнцыі. Пры такім кіраўніцтве культурная сфера будзе выбудавана ў выглядзе вертыкалі культуры, дзе галоўнымі становяцца не развіццё, а лаяльнасць і ідэалагічная адданасць.
А.К., Budzma.org