У Варшаве пройдзе канферэнцыя «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні»

Арганізатары канферэнцыі запрашаюць усіх, хто апякуецца лёсам нацыянальнага кнігадруку і хоча дапамагчы зрабіць беларускае слова і культуру больш заўважнымі ў свеце, далучацца да канферэнцыі «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні», якая адбудзецца 21 студзеня 2023 г. у Варшаве.

Беларускі стэнд на ХХХ Кірмашы гістарычнай кнігі Л. Вялічка/radyjo.net


«Беларуская кніга сёння як ніколі знаходзіцца пад пагрозай знішчэння і можа сама сябе ўжо запісваць у Чырвоную кнігу. Ці можна сёння нешта зрабіць для падтрымкі выдання кніг на беларускай мове і распаўсюджвання з яе дапамогай нацыянальнай культуры?», пішуць арганізатары канферэнцыі.

Галоўныя пытанні і тэмы сустрэчы:

— Якія сістэмныя крокі трэба зрабіць, каб дапамагчы выдаваць кнігі па-беларуску?
— Як папулярызаваць чытанне кніг і перакладаў на беларускую сярод беларусаў?
— Што зрабіць для падвышэння заўважнасці і прэстыжнасці беларускіх кніг і аўтараў на
міжнародным узроўні?
— Якім павінен стаць твар беларускага кніжнага рынку ў бліжэйшыя часы?

У пошуках адказаў на гэтыя і іншыя пытанні прапануюць далучацца да канферэнцыі, якая можа стаць устаноўчым сходам па стварэнні грамадскай ініцыятывы Інстытута беларускай кнігі. 

Заяўку на ўдзел у канферэнцыі ў якасці выступоўцы, арганізатара дыскусіі ці круглага стала або зацікаўленага назіральніка можна падаць па вось гэтай спасылцы. Адказы будуць прымацца да 18 студзеня 2023 г.

Гэтаксама пытанні і рэкамендацыі па правядзенні канферэнцыі можна дасылаць на пошту: instbelknig@gmail.com