Калі ў пачатку 30-х у БССР пачалі скасоўваць палітыку беларусізацыі, рэспубліка мела беларускую школу, беларускія перыядычныя выданні, беларускі тэатр, беларускамоўную творчую і тэхнічную інтэлігенцыю і… 4 (чатыры!) дзяржаўныя мовы. І такая сітуацыя без сур’ёзных зменаў праіснавала да канца 80-х гадоў. А поўны злом гэтай “інтэрнацыяналістычнай” традыцыі адбыўся роўна 25 гадоў таму, 26 студзеня 1990 года. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР пасля доўгага абмеркавання прыняў нарэшце закон “Аб мовах”. Беларуская мова зрабілася адзінай дзяржаўнай мовай у саюзнай рэспубліцы, а потым і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь — на пяць гадоў.

Чаму ж так адбылося? Чаму да пачатку 30-х гадоў беларусізацыя з пункту гледжання ўлады СССР была “добрай”, а потым стала “дрэннай”? Чаму нават у часы росквіту беларусізацыі з беларускай мовай суседнічалі ў якасці дзяржаўных руская, польская і ідыш? Нарэшце, калі беларусізацыя была гэтак жорстка спыненая — з фізічнай ліквідацыяй яе правадыроў — чаму у 30-80-я гг. не адбылося афіцыйнага вяртання да “плавільнага катла” — да палітыкі поўнага і ўсёабдымнага панавання рускай мовы? Прыклад у гісторыі беларускіх зямель, дарэчы, быў, і цягнуўся гэты прыклад стагоддзі — у Расійскай імперыі беларуская мова наогул не мела ніякага афіцыйнага статусу, больш за тое, расійскамоўная бюракратыя, паны, афіцэры, нават большая частка інтэлігенцыі звычайна пагарджала і зневажала “мужыцкую” мову. Аднак гэтага не адбылося. Чаму?
![]()
Пачнем з таго, што развіццё беларускай мовы і культуры ў рамках беларусізацыі не мела нічога агульнага з мэтай аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Тыя, хто так сцвярджае, — альбо наіўныя, альбо палітычна ангажаваныя людзі: НІЯКАЯ дзяржаўнасць беларусаў савецкай уладзе не была патрэбная. І кожны, хто марыў пра сапраўдную аўтаномію Беларусі (як Язэп Лёсік), хутка адчуў на сабе, дзе межы аўтаноміі. Улада проста забівала такіх людзей — раней ці пазней.
Прычыны і пачатку, і згортвання першай беларусізацыі выкліканыя не тым, што ўлада была разумная, а потым дурная, не тым, што спачатку не было Сталіна, а потым прыйшоў Сталін, а агульнай нацыянальнай палітыкай СССР. Дарэчы, яшчэ ў часы Кастрычніцкай рэвалюцыі нацыянальную палітыку краіны распрацоўваў… Сталін, які быў першым кіраўніком наркамата па справах нацыянальнасцяў.
Пасля Грамадзянскай вайны савецкая імперыя тэрытарыяльна зменшылася не нашмат, але эканоміка дзяржавы была ў руінах, а войска не вытрымлівала параўнання нават з польскім, не кажучы пра вялікія дзяржавы. Калі б кіраўнікі СССР вырашылі працягваць палітыку “плавільнага катла”, праз колькі гадоў на месцы дзяржавы было б некалькі — “нацыянальныя ўскраіны” не сталі б трываць дыктат партыі, калі б ім не далі нічога наўзамен. Больш за тое, яны маглі як паспрабаваць аддзяліцца, так і перайсці пад уплыў другіх дзяржаў.
І Масква пачынае палітыку рэгіяналізму. Канчатковая мэта — каб кожны народ, які жыве на мяжы з іншымі дзяржавамі і гаворыць на мове, якая адрозніваецца ад рускай, атрымаў сваю нацыянальную культуру і адчуў сябе не “падданым белага цара”, а гаспадаром у сваёй краіне. Я падкрэсліваю, гаворка ідзе толькі пра народы, якія жылі на мяжы з “капіталістычным атачэннем”. Такія немалыя этнасы, як татары, якія пражывалі ў глыбіні тэрыторый РСФСР, ніякай або амаль ніякай “татарызацыі” не атрымалі. Затое памежныя народы, нават без сваіх саюзных рэспублік, атрымалі кожны сваё. Так у Беларусі і ўзнікла чатыры дзяржаўныя мовы — без рускай у СССР не абыходзілася нідзе, а адсотак польскага і габрэйскага насельніцтва быў немалы — і атрымалася “кожнаму па мове”.
Як паказаў час, палітыка развіцця нацыянальнай свядомасці і культуры сталася эфектыўнай. За 20-я гады у СССР не было, акрамя басмачоў, ніякіх нацыянальна-сепаратысцкіх рухаў, нацыі былі больш ці менш задаволеныя.
Але ішоў час, СССР узмацняўся, фармавалася адзіная эканамічная сістэма, узмацняліся войска і эканоміка. І ў нейкі момант кіраўніцтва партыі вырашыла, што беларусізацыя, украінізацыя і іншыя працэсы ўжо дасягнулі сваёй мэты, гульня ў “нацыянал-камунізм” зацягнулася, а калі яе працягваць, рост народнай самасвядомасці можа прывесці да нацыяналізму і сепаратызму. І партыя імгненна зрабіла паварот на 180°. Тое, што ўчора называлася “нацыянал-камунізмам”, сталася “нацыянал-дэмакратыяй”, “нацдэмаўшчынай”. І адбыўся пагром пачатку 30-х гадоў. Гісторык Ігар Клімаў у артыкуле “Беларусізацыя ў дакументах” піша: “З 1930 г. распачынаецца масавая кампанія па барацьбе з нацдэмамі, і ў БССР пяць гадоў нагнятаецца антынацыяналістычная істэрыя, якая набывае антыбеларускі і шавіністычны характар. У 1930—1931 г. шэраг найбольш актыўных і выбітных нацыянал-камуністаў і культурных дзеячаў Савецкай Беларусі быў абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваны. Нарэшце, у 1933 г. беларуская літаратурная мова зазнала радыкальную рэформу, якая гвалтоўна наблізіла яе да расійскай мовы”.
Але цалкам знішчыць мову і культуру народа было ўжо немагчыма. Больш за тое, такія дзеянні маглі, па-першае, зноў прывесці да народных паўстанняў, па-другое, дыскрэдытаваць усю нацыянальную палітыку савецкай улады не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй краіне. Было і трэцяе — поўнае скасаванне беларускасці знішчала карцінку, якую савецкая ўлада намагалася намаляваць для заходніх беларусаў.
Таму беларусізацыю як працэс перапынілі, яе правадыроў знішчылі… а потым кінулі ўсё як было. І ў 30-80-я гады ўсё, што адбывалася з беларускай мовай, адбывалася быццам “па інерцыі” — дзяржаўная падтрымка зверху знікла цалкам. Ігар Клімаў піша, што “пасля рэпрэсій 1930 г. засталіся беларуская школа, беларуская літаратура, друк, тэатр, народная самадзейнасць; захавалася і беларуская інтэлігенцыя (зразумела, у сервільным стане), і беларускія культурныя ўстановы (якія мусілі гадаваць насельніцтва толькі ў вызначаным уладамі духу)… Пагардлівыя адносіны да беларусаў, беларускай мовы ці культуры ўжо не маглі папулярызавацца, нават у часы барацьбы з нацдэмаўшчынай — інакш гэта патыхала ўжо дыскрэдытацыяй усёй бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і магло наклікаць рэпрэсіі”. Усё засталося. Але развіваць нешта, і тым больш гадаваць народ у духу беларускасці стала нельга.
Зразумела, у такіх умовах, нават без афіцыйнага працэсу русіфікацыі, яна адбывалася стыхійна — праз рускамоўных спецыялістаў, якіх не абавязвалі вывучаць беларускую мову і карыстацца ёй (у працэсе беларусізацыі нават партыйцаў правяралі — ці карыстаюцца яны мовай у прыватным жыціі); праз адсутнасць падтрымкі беларускамоўных школ; праз тое, што шматлікія беларускія выдавецтвы друкавалі шматлікія рускамоўныя кнігі і нешматлікія беларускамоўныя.
Выйсце было толькі ў адным — замест чатырох дзяржаўных моваў у краіне павінная была застацца адна. Аднак цягам дзесяцігоддзяў ні Машэраў, ні іншыя кіраўнікі БССР не імкнуліся рабіць нейкія крокі ў гэтым кірунку. А без такой ініцыятывы ўсе іншыя меры аказваюцца паліятыўнымі.
Толькі ў канцы 80-х праца ў гэтым напрамку пачалася. Спачатку былі лісты ад інтэлігенцыі ў ЦК КПСС, потым былі створаныя Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне” і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. І нарэшце — як вяршыня — закон “Аб мовах”, згодна з якім беларуская мова нарэшце набывала статус адзінай дзяржаўнай.
Мала было прыняць закон — яго трэба ажыццявіць. І беларуская інтэлігенцыя і кіраўніцтва падчас апошніх гадоў існавання СССР актыўна займаюцца гэтым. Так, у траўні 1990 года ТБМ і Міністэрства адукацыі БССР праводзяць канферэнцыю “Дзяржаўнасць беларускай мовы: праблемы і шляхі ажыццяўлення”. Праз чатыры месяцы, у верасні, прымаецца “Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР”. Згодна з ёй, цягам 10 гадоў, з 1990 па 2000, улады збіраліся ажыццявіць шэраг мераў, якія б гарантавалі выкананне “Закону аб мовах”.

З’явіліся кнігі на беларускай мове — не савецкія класікі, нават не Быкаў і Караткевіч, а, напрыклад, звычайныя дзіцячыя коміксы (у мяне і цяпер ёсць экземпляр фантастычнага комікса “Дзе жылі бурсонікі”). У малодшай школе ваш пакорны слуга атрымліваў у 1994 годзе “пяцёркі” па прадмеце, які яшчэ за некалькі гадоў да гэтага немагчыма было ўявіць, — “Мая Радзіма — Беларусь”. Князь Вітаўт падабаўся нам больш за караля Ягайлу, бо імя ў яго было прыгажэйшае.
Ці варта казаць, што рэферэндум 1995 года спыніў працэс другой беларусізацыі на поўнай хуткасці…
Дзяніс Буркоўскі