Чый дом Беларусь?

Прыкра назіраць, як Беларусь няўхільна ператвараецца ў нейкі прахадны двор. То адныя суседзі нападаюць на іншых з нашае тэрыторыі. То з усходу прыяжджаюць някліканыя госьці й бегаюць са сваімі сьцягамі па нашых вуліцах. То й пагатоў павучаюць нас, як нам правільна называць нашую краіну — не «Беларусь», а «Белоруссия». Раздражнёны ўшчэнт Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» ставіць пытаньне наўпрост: дык чый дом — Беларусь? Наш ці ня наш, беларусы?

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Травень-2026, Варшава. Фота з архіву аўтара

А вас таксама бесяць гэтыя бясконцыя расейцы, якія пераяжджаюць у Беларусь і паводзяць сябе гэтак, нібы тут — Расея?

Здавалася б, ну пераехаў ты ў іншую краіну зь нейкіх там сваіх прычынаў — дык паводзь сябе адпаведна. Не паркуйся на газонах, ня кідай сьмецьце абы-дзе. Не вывешвай дэманстратыўна сваіх сьцягоў, паважай мясцовую культуру, гісторыю, мову, якія — іншыя, адрозныя ад тваіх. Ня лезь са сваімі «братством» і «Белоруссией», калі цябе ня просяць. І асабліва — калі цябе выпраўляюць і падказваюць, як правільна.

Ну ты ж зьехаў, урэшце, са свайго хлява туды, дзе табе лепш — дык навошта гэтае лепш ператвараць у свой хлеў? Табе ж самому падабалася, як тут было добра — безь цябе. Датуль, пакуль ты сюды не прыехаў.

Памятаю, у маладафронтаўскім юнацтве адным з найбольш папулярных лёзунгаў на акцыях у нас быў покліч «Наш дом — Беларусь!». Да геніяльнасьці простыя словы, у якіх ёсьць усё: і любоў да роднае зямлі, і адказнасьць за свой Край, і дбаньне пра кожны яго закуточак.

Ужо значна пазьней, пасьля 2020-га, неаднойчы тлумачыў украінцам: мы былі станавіліся на тыя лавачкі без абутку — ну бо навошта тыя лавачкі псаваць? Ну гэта ж нашыя лавачкі, нашымі рукамі зробленыя і з нашых кішэняў аплочаныя. Запаскудзіць, зламаць — каб што? Каб потым іх рабіць наноў? Ну нездарма ж за ўвесь час тагачасных пратэстаў, калі сотні тысяч людзей былі на вуліцах, адзіная пабітая шыба — на сумленьні Карпянкова.

Ну бо мы — гаспадары сваёй краіны, а камандзір губазікаўцаў, у кабінэтах якіх вісяць партрэты Пуціна — не.

І я разумею, калі нейкія клюмбы альбо сьметніцы — ды хай нават і лавачкі — ідуць на збудаваньне барыкадаў: каб зламаць хрыбет сыстэме, не шкада зламаць і тузін дошак. Але калі «давайце штосьці зьнішчым проста так» — не разумею ані на цалю. Нам жа потым цэлую краіну адбудоўваць, то лепш жа да таго пазьбегнуць непатрэбных разбурэньняў, праўда?

Ну бо наш дом — Беларусь.

Mikalaj Karpiankoŭ
Тагачасны кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў разьбівае шыбу ў кавярні «O’Petit». Менск, 6 верасьня 2020 г. Фота: people.onliner.by

Між тым лягічна патлумачыць, чаму многія расейцы нават не ўсьведамляюць, што прыехаўшы ў Беларусь, яны апынуліся ў іншай краіне — таксама можна. Тая ж паўсюдная расейшчына, усе гэтыя помнікі Леніна й вуліцы Сьвярдлова, даведзенае да культу ўздыханьне па Савецкім Саюзе, канцэрты Газманава і вось гэта вось усё — ну рэальна, у чым розьніца-та?

Толькі што на вуліцах чысьцей. І хамства паменш.

Памятаю, назіраў даволі тыповую сытуацыю ў адной з італійскіх рэстарацыяў. Каля суседняга століка стаяла, моўчкі ўсьміхаючыся, афіцыянтка і ўважліва слухала, як безгустоўна размаляваная і абгарэлая рыхтык вараны рак турыстка біла кулаком па сталешніцы і крычала, злосна пазіраючы на дзяўчыну: «Яичница! Ты понимаешь, дура, нормальный язык? Принеси мне яичницу!». І чым шырэй усьміхалася афіцыянтка, маўляў, mi dispiace, non capisco — тым гучней крычала турыстка.

Як думаеце, ці хаця б на момант прамільгнула ў галаве тае аматаркі яешні думка пра тое, што Італія — гэта частка Расеі? Маўляў, усё як у нас у Саратаве, толькі што сацсеткі і модныя заходнія крамы працуюць — а ў астатнім усё тое ж самае!

Ну наўрад ці ж, праўда? Ну бо ў Італіі — усё нейкае нерасейскае, усё нейкае... італійскае: і культура, і мова, і папросту лад жыцьця.

А ў нас? Ёсьць у нас свая — нерасейская — культура? Ёсьць у нас свая — нерасейская — мова? Адрозьніваемся мы ад усходніх суседзяў мэнталітэтам і ладам жыцьця? Вядома ж. Але чаму тады гэтага ня бачна? Чаму ў Італіі размаўляць па-італійску, у Польшчы — па-польску, у Японіі — па-японску і г. д. — гэта нармальна і натуральна, а ў Беларусі па-беларуску — не?

Можа таму, што і італійцы, і палякі, і японцы ды іншыя — гаспадары на сваёй зямлі? А мы?

Я ўсё разумею і пра рэпрэсіі, і пра «гэтак гістарычна склалася». Ну але ж ёсьць у Беларусі дый па-за яе межамі і беларускамоўныя беларусы. То-бок і ў гэткіх неспрыяльных умовах далёка ня ўсё вырашае дзяржава. І можна заставацца беларусамі. Урэшце, толькі мы з табою пастанаўляем, што сказаць адно адному пры сустрэчы — «вітаю» альбо «привет». Толькі ад мяне і ад цябе (канкрэтна ад цябе!) залежыць, што прагучыць — «дзякуй» і «калі ласка» альбо «спасибо» і «пожалуйста».

І толькі ад нас з табою залежыць, ці да нас будуць прыяжджаць у госьці альбо паводзіцца як у сябе дома — у найгоршым разуменьні гэтага слова. То-бок чые парадкі будуць панаваць у нашым з табою Краі.

А чые ў доме парадкі, той у доме і гаспадар.

Ну і апошняе. Здавалася б, ну а якая мне-та розьніца, што там і як у Беларусі? Прынамсі гэткія закіды ў свой бок сустракаю пэрыядычна: маўляў, сядзі там у сваёй Польшчы й ня вякай, мы тут самыя разьбярэмся!

Дарэчы, аніразу ня чуў падобнага ад беларускамоўных. Спрэс — ад панаехалых з усходу альбо ад мясцовых, у каго «от Владивостока до Бреста».

Яно б можа й сапраўды варта было б папросту махнуць рукою: гары яно ўсё гарам, няхай хоць на галаве там ходзяць — мне-та што? Але вось не магу. Не магу й не хачу. Таму што гэта ня я выракся свайго Дому, гаспадаром якога ўсьцяж пачуваюся.

А ты?

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org