Шаноўныя сябры!
МГА “Гісторыка” ды кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашаюць паехаць у новае падарожжа “Па слонімскай зямлі”, што мае адбыцца 30 ліпеня 2011 г., і адкрыць для сябе Слонімшчыну — край цудатворнай каменнай іконы Маці Божай, дзяцінства Міхала Клеафаса Агінскага, знакамітага тэатра на вадзе (які, дарэчы, хочуць аднавіць), старажытных курганоў і незлічоных манетных скарбаў. Так што самы час завітаць сюды.
Наш маршрут : Мінск — Шылавічы — Жыровічы — Дзеравянчыцы — Новадзявяткавічы — Міжэвічы — Азярніца — Слонім — Мінск.
Сярод усяго іншага, пра што ў суботу будзе расказана больш падрабязна і вытанчана, у праграме — багаты слонімскі музей, адзін з самых даўніх у рэгіёне, заснаваны яшчэ ў 1929 годзе Іосіфам Стаброўскім. Таму, нягледзячы на яшчэ савецкія пажоўклыя стэнды, якія таксама можна залічыць за адпаведны эпосе экспанат, экспазіцыя багатая на разнастайныя цікавосткі. Археалагічныя знаходкі, каменны ідал, сапраўдныя скарбы, мундзіры і шаблі часоў французска-расійскай вайны, памяткі ад Першай сусветнай… А таксама Альбертын — былая рэзідэнцыя Пуслоўскіх (цяпер у межах Слоніма). Мы даведаемся пра карцінную галерэю з эцюдамі і эскізамі саміх да Вінчы ды Рубенса, пра гданьскую мэблю і вялікую бібліятэку — якіх мы не пабачым. А пабачым мы палац звонку і з ганку, дзе да сёння ляжаць скульптуры львоў.
Інфармацыйнае суправаджэнне — Аляксей Фралоў.
Выезд: 30 ліпеня (субота), у 7:45 раніцы.
Вяртаемся позна. Але цяпер, падаецца, усё ж у больш ранні час — гадзіны ў 22-23. Некаторыя аб’екты мы ў маршруце не пазначылі. Калі будзем паспяваць — будуць бонусы!
Запіс па тэл. +375 29 7550370 (Зміцер).
Сустрэча УКантакце: https://vkontakte.ru/event28884771.
Тэгі: Слонімшчына