«Рыгор Барадулін прыдумаў трыццаць пяць назваў для самагонкі, якую гналі ў Дудутках»

Выйшлі з друку 11 тамоў дзённікавых запісаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, піша «Народная Воля». У іх змясцілася амаль усё жыццё славутага творцы — ад 1951-га да 2014 года. На жаль, гэты ўнікальны кнігавыдавецкі праект ажыццяўляўся без удзелу дзяржаўных выдавецтваў. Расчытала, уклала і пракаментавала барадулінскую спадчыну Наталля Давыдзенка, з якой і пагаварылі пра «дзённікавага» Барадуліна.


66.jpg
Наталля Давыдзенка

— Наталля, у гэта слаба верыцца: адзін чалавек за адносна кароткі час (шэсць гадоў) падрыхтаваў і выдаў 11 тамоў барадулінскіх дзённікавых запісаў. Расчытаць, набраць, пракаментаваць — гэта ж велізарная праца. Як вы з ёю справіліся?

— Я і сама дзіўлюся, што атрымалася ажно 11 тамоў. Але праца была мне не ў цяжар, усё рабілася — як дыхалася, як чытаюцца цікавыя кнігі. Спачатку мне здавалася, што будзе самае большае два-тры тамы. А потым пайшло і пайшло... У гэтых тамах — усё жыццё Рыгора Іванавіча: таму пазваніць, з тым сустрэцца, туды паехаць, гэта зрабіць, тое адрэдагаваць, там выступіць. Але, і гэта я хачу падкрэсліць, Барадулін у дзённіках не падводзіў вынікі жыцця, пісаў не для таго, каб сябе паказаць. Ён запісваў таму, што душа прасіла, яму хацелася выказацца найперш перад сабой. Кожная яго фраза па-свойму змястоўная.

— Вы пачалі сваю працу яшчэ пры жыцці Рыгора Іванавіча?

— Так, помню, як Барадулін з дапамогай Сяргея Шапрана наводзіў парадак у сваім архіве, яны складвалі ўсё ў скрынкі, там былі проста завалы папяровыя. Потым я далучылася, разам з Сяргеем мы рыхтавалі да друку кнігі Барадуліна, напрыклад, яго перапіску з мамаю — «Паслаў бы табе душу...». Апрацаваныя матэрыялы паступова здаваліся ў Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва. Ужо здадзены больш за 300 барадулінскіх нататнікаў (гэта далёка не ўсе), думаю, з часам збярэцца багаты архіўны фонд.

— Вы не толькі расчытвалі, набіралі і каментавалі. Вы яшчэ і... фінансавалі выданне. Але ж вы не прадпрымальнік, а звычайная пенсіянерка, прычым даглядаеце старэнькую маці...

— Першыя чатыры тамы выходзілі з дапамогай Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», потым трохі дапамог Саюз беларускіх пісьменнікаў. Але ж яны не маглі ўвесь час падтрымліваць шматтомнае выданне, у іх свае праекты былі. Часам добрыя людзі дакідвалі нейкую капейчыну. А калі падтрымкі не стала, то што было рабіць? Хадзіць і прасіць я не ўмею. Таму і аплачвала выдаткі сама. Я прывыкла жыць сціпла, мне нічога лішняга не трэба, мне няма на што траціць. Божанька, відаць, вырашыў так. А наклады з кожным томам памяншаліся, першы том меў 300 асобнікаў, апошні — толькі 50. Так што не такія вялікія сродкі былі патрэбны.

67.jpg
11 тамоў — цэлая паліца

— У кожным томе я знаходзіў вершы і эпіграмы, якія нідзе не друкаваліся. І ў гэтым таксама каштоўнасць падрыхтаванага вамі выдання. Вы падлічвалі, колькі барадулінскіх твораў апублікавалі ўпершыню?

— Іх вельмі шмат. У адным томе — 70, у наступным — 120. Каб бачыць, што друкавалася, а што не, я зрабіла каталог апублікаваных твораў. Ён налічвае каля 7000 вершаў.

— Лічба, вядома, уражвае. Нездарма Рыгор Іванавіч у апошнія свае гады гаварыў: «Заблудзіўся я ў сваіх вершах, як у лесе». У адзінаццатым томе ёсць цэлы раздзел «Пястачкі». Гэта нейкі новы жанр?

— Пястачка — гэта шчопці, тое, што можна ўзяць трыма пальцамі. Вось як мы соль бярэм. У Барадуліна пястачкі — імгненныя ўражанні, якія ён фіксаваў. Напрыклад: «Лаўровы ліст скрозь добры: і на грудзях, і на галаве, і ў супе». Ці: «Заір Азгур нарадзіўся яўрэем, а памёр камуністам (пачутае ад В.Быкава)». Рыгор Іванавіч любіў прыдумваць свае «жанры», у яго былі ахвярынкі, учэпінкі, ясачкі, дурноты...

— Помніцца адна з барадулінскіх дурнотаў: «Кот праводзіў рэферэндум, / клапаціўся пра мышэй. / Мышы верылі легендам / і пішчалі ўсё цішэй...». У тым самым адзінаццатым томе я звярнуў увагу на вершаваныя налепкі для гарэлкі — іх ажно 35. Што гэта за гісторыя?

— Вершы-налепкі былі напісаны па заказе прадпрымальніка Яўгена Будзінаса, які стварыў у Дудутках музей і гнаў там на продаж самагонку (легальна). Гатункаў было многа, каб іх адрозніваць, Будзінас папрасіў прыдумаць назвы, і Рыгор Іванавіч панапісваў тых налепак шчодра, з запасам. Наўрад ці ўсе яны выкарыстоўваліся. Вось якая, напрыклад, гарэлка «Халяўная»: «Гарэлка — не гарэлка, / што ў газавай пліце. / Гарэлка — тая грэлка, / што грэе ў жываце. / Любая дужа слаўная, / ды саладзей халяўная». А вось «Пенсіённая»: «Харахорся, ерапенься, / а ці спіну горбі. / Разгуляешся на пенсіі, / як сабака ў торбе». Каб гэтыя вершы-налепкі не згубіліся, я і ўключыла іх у кнігу.

68.jpg
«Сур’ёзная гутарка» з Янкам Брылём. 1980-я гады

— Быў бы выдатны маркетынгавы ход для мінскага завода «Крышталь» — друкаваць барадулінскія налепкі на бутэльках — лепшай рэкламы не прыдумаеш. Барадулін так пранікнёна пісаў пра гарэлку, але ж сам апошнія гадоў сорак, што называецца, і ў рот не браў...

— Ну, відаць, пісаў па памяці, прыгадваў сваё сяброўства з Бахусам у маладосці (смяецца). Вельмі цікавая гісторыя была з подпісамі да графічных твораў Арлена Кашкурэвіча. Мастак рыхтаваў свой альбом і папрасіў Рыгора Іванавіча даць невялікія вершы пад малюнкі. Барадулін напісаў, аддаў і чакае, а Арлен усё не звоніць. Рыгор Іванавіч расперажываўся, што не спадабалася. Неяк прыходжу, а ён радасны: Арлен званіў, пахваліў, будзе дарабляць альбом, як выйдзе з бальніцы... А неўзабаве Кашкурэвіч памёр. Адзін з выдаўцоў хацеў выдаць той альбом (ведаў пра яго ад Барадуліна), але ў хатнім архіве Арлена Міхайлавіча не знайшлі тых, падпісаных паэтам, гравюр.

— А яшчэ ў дзённікавых запісах Барадуліна кідаецца ў вочы, як ён то хваліць чалавека, то праз дваццаць старонак яго ж ганіць. Ён так лёгка мяняў сваё стаўленне да людзей?

— Стаўленне яго мянялася, гэта нармальна. Рыгор Іванавіч вельмі паважліва ставіўся да творцаў старэйшага пакалення — да Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі. Але ён з вялікай любоўю адносіўся і да маладзейшых. Маладым ён быў гатовы дапамагаць ва ўсім, нават надрукаваць вершы на машынцы (раней з гэтым былі праблемы). Моладзь пісала па-беларуску — для Барадуліна гэта было вызначальным. І маладыя паэты хадзілі да яго адзін за адным. А потым выдадуць першыя кніжачкі, акрыяюць трохі і прад’яўляюць прэтэнзіі Рыгору Іванавічу: не так адрэдагаваў, слова нейкае паправіў. Такое бывала даволі часта, я, працуючы ў тым самым выдавецтве «Мастацкая літаратура», на свае вочы назірала. І нават папракала Рыгора Іванавіча: маўляў, колькі можна цягнуць кагосьці за вушы ў літаратуру?! Адказ у яго быў адзін: «Гэта трэба для беларускай літаратуры». З сумнай такой інтанацыяй гаварыў.

— Што Барадулін не мог дараваць калегу-пісьменніку?

— Ён не прымаў чалавека, які пачынаў сябе «выстаўляць»: маўляў, я вялікі, я заслугоўваю асаблівых да сябе адносін. У яго на такіх людзей была проста алергія.

— А што стала прычынай шматгадовай варажнечы паміж Барадуліным і Нілам Гілевічам? Здавалася б, абодва народныя паэты, а абменьваліся такімі эпіграмамі, што цытаваць няёмка.

— Вось якраз тое, што я сказала вышэй, у поўнай меры было характэрна для Ніла Сымонавіча. Яго нездарма пры жыцці называлі жывым помнікам. А больш у іх адносінах не трэба нічога шукаць. Толькі гэта. Ніл Гілевіч «нёс» сябе па жыцці, а Барадулін такіх паводзін на дух не пераносіў.

— У кожным томе змешчана шмат архіўных фотаздымкаў — атрымаўся яшчэ і своеасаблівы фоталетапіс барадулінскага жыцця. Ёсць здымкі, якія патрабуюць тлумачэння. Скажам, той, дзе Рыгор Іванавіч у каўказскай бурцы і папасе. Па-мойму, яны ў яго на вешалцы віселі, як штодзённае адзенне.

— Можа, і віселі, але пры мне Рыгор Іванавіч апранаў бурку толькі аднойчы, калі і быў зроблены згаданы здымак. Барадулін шмат перакладаў з каўказскіх паэтаў — Расула Гамзатава, Зелімхана Яндарбіева, Хізры Асадулаева... Вось і атрымаў такі незвычайны «ганарар» — бурку з папахай плюс сертыфікат на валоданне ладнай дзялянкай зямлі ў адным з дагестанскіх аулаў. Гэта такі прыгожы каўказскі жэст.

— Шкада, што зямлёй тою беларускі паэт не скарыстаўся.

— Але думка, што недзе на Каўказе ў яго ёсць уласны лапік зямлі, відаць, сагравала Рыгора Іванавіча.

— Вялікай неспадзяванкай для мяне як чытача былі змешчаныя ў 11-м томе эсэ і ўспаміны дачкі паэта Ілоны Барадулінай. Ведаў, што яна была мастачкай авангарднага кірунку, гэта бацьку не вельмі падабалася. А ці ведаў ён, што і яна піша — не толькі пэндзлем?

— І для мяне тэксты Ілоны былі неспадзяванкай. Іх адшукала ў інтэрнэце мая сяброўка Ірына Сляповіч. Барадулін, вядома ж, перажываў за дачку. Вольная мастачка, ну на што яна будзе жыць? Вельмі чакаў, што яна прыедзе з Ізраіля, дзе апошнім часам жыла, каб пабачыцца з бацькамі. На жаль, так не здарылася. Калі мы рыхтавалі апошні том, Ілона ўжо ведала пра сваю невылечную хваробу, згадзілася на публікацыю сваіх твораў у бацькавай спадчыне. А неўзабаве яе не стала. У яе ўчэпістае вока мастачкі і мова мастачкі, яна малявала словам — так пішуць мастакі. Шкада, што Рыгор Іванавіч не змог прачытаць даччыных тэкстаў, ён бы парадаваўся.

— Ці адлюстраваны ў дзённікавых запісах Барадуліна палітычныя падзеі апошніх часоў? Як ён рэагаваў на знішчэнне беларускай культуры, на паўсюдную русіфікацыю?

— У яго запісах ёсць усё, забароненых тэмаў для яго не было. Барадулін жа быў не проста сведкам, а ўдзельнікам многіх гістарычных падзей. Скажам, ён быў сустаршынёй Усебеларускага кангрэса «За незалежнасць», ёсць у яго пра гэта запісы. А раней ён уваходзіў у Сойм Беларускага Народнага Фронту, браў удзел у пасяджэннях, падтрымліваў Зянона Пазьняка, таварышаваў з Юрыем Хадыкам. Не мог ён не перажываць за лёс беларускай мовы, за родную літаратуру. Перажываў, што адбудзецца зліццё Беларусі з Расіяй і наша краіна страціць сваю незалежнасць. Як тут застанешся абыякавым?.. Рыгор Іванавіч радаваўся кожнай праяве цікавасці маладых да ўсяго беларускага. Толькі гэтым ён і жыў.

— Калі меркаваць па адмысловых знаках [...], у дзённіках зроблена нямала купюраў. Што і па якой прычыне вамі знята?

— Што знімаць пры публікацыі, мы абгаварылі яшчэ з самім Рыгорам Іванавічам. Напрыклад, абразлівыя словы. Таму, калі вы бачыце знак купюры, гэта не тэкст нейкі выдалены, а слова. Вось лупцануў ён некага наводмаш, не стрываў. І што — пакідаць абразу? Скажу вам як рэдактар з дваццацігадовым стажам: ніколі ніякія дзённікі (нават класікаў) не публікуюцца даслоўна. На маім месцы любы рэдактар зрабіў бы тое самае. Але ў барадулінскіх дзённіках, кажу гэта з поўнай адказнасцю, нічога істотнага не выкасавана, ніякіх сенсацый пры новай публікацыі не будзе.

— Барадулін працаваў, як кажуць, да астатняга дыхання. Пра што апошні запіс у ягоным дзённіку?

69.jpg
Рыгор Барадулін — свой чалавек на Каўказе. 2009 год

— Апошні запіс датуецца 28 лютага 2014 года. Гэта пачатак верша, прысвечанага сябру Генадзю Бураўкіну. На жаль, тэкст да канца разабраць немагчыма, почырк ужо абсалютна нечытэльны. Трэба сказаць, што Рыгор Іванавіч сябрамі не кідаўся, ён іх любіў, паважаў і цаніў. І — умеў папрасіць прабачэння. Мне гэта вельмі дорага, гэта рэдкая рыса.

— Слухаючы вашу беларускую мову, ніколі не скажаш, што вы руская, што нарадзіліся на Далёкім Усходзе. Хто вас падштурхнуў да беларушчыны?

— Так, я чалавек прыезджы, бацька вайскоўцам быў, мы па ўсім Савецкім Саюзе жылі. Прыехаўшы ў Беларусь, я трапіла на працу ў «Мастацкую літаратуру» і — акунулася ў беларускую мову. А якое там асяроддзе было! Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Вера Палтаран... Кожны чалавек — асоба! Неяк Разанаў далікатна падклаў мне падручнік беларускай мовы для іншаземцаў. Ён мяне і падштурхнуў. З таго часу я проста закаханая ў беларускую мову, яна мне прыемная, мілагучная, родная. Дарэчы, калі Разанаў часова жыў у Германіі і аднойчы прыехаў, я ў яго запыталася: «Алесь, якое ў цябе адчуванне, калі ты пішаш на іншай мове?» А ён тады ўжо выдаў некалькі кніг па-нямецку. Алесь падумаў і сур’ёзна адказаў: «Гэта як падмена крыві». Вось! Так і ў мяне атрымалася — з беларускай мовай нібы падмяшалася іншая кроў. І для мяне дорага і беларуская, і руская мовы. І мне пішацца на абедзвюх. Але калі Барадулін прачытаў мае першыя беларускамоўныя вершы, то сказаў, што яны цяплейшыя... Цяпло беларускае астудзіць немагчыма. Думаю, што беларусы жылі, жывуць і будуць жыць. А як будуць жыць — гэта ўжо залежыць ад саміх беларусаў.

Міхась Скобла, «Народная Воля»