Гэта апошні тэкст, які я рыхтую для Мікіты Мелказёрава. Гэтым разам — пра Мікіту Мелказёрава. Ніводнага разу не бачыў свайго калегу асабіста, аднак мы ўвесь час былі ў кантакце. Зараз, упершыню, тэкст для яго застанецца нямы. Непрагавораны. Літаркамі на аркушы.
Мікіту Мелказёрава згадвае Алесь Кіркевіч.

Скрыншот з выпуска праграмы «Загляне Сонца»
Усё пачалося больш за два гады таму. Мы сазваніліся, Мікіта кудысьці спяшаўся. Распытваў пра Ягайлу і ўсё, што з ім звязана. Што новага можна сказаць пра Ягайлу? Нічога. Я напісаў тэкст, ён яго доўга «варыў» і... застаўся незадаволены самім сабой. Не адгукалася. Таму, першым выпускам праграмы «Загляне Сонца» быў сюжэт: «Чаму мы не рускія?».
Далей былі ўсе астатнія. Мікіта вучыўся. Лічы, завочна сканчаў яшчэ адзін універсітэт, корпаючыся ў датах, асобах, тэрмінах, цытатах на лаціне. А яшчэ — здзіўляўся: «Не можа такога быць, гэта ж п***ц!». Гэтымі ж словамі тысячы людзей адрэагавалі на навіну пра тое, што яго — Мікіты — больш няма.
Мікіта — феномен. Топавы беларускі ютуб-журналіст. А дзе яшчэ засталася беларуская журналістыка, апроч як у ютубе? Правільна — нідзе. Ютуб — сённяшні тэлевізар. Спосаб зайсці ў кожны дом, мінаючы дзверы. Не праз улёткі і газеты, а праз камп'ютар і тэлефон. Ютуб-блогерства — вышэйшая форма палітыкі.
Круты. Прывабны. Заўважны. Занадта заўважны. Па абодва бакі мяжы. Па абодва бакі барыкадаў.
Таму на яго рохкаў Азаронак, а Казакоў рваўся ...расстраляць Мелказёрава. Недзе год таму. Маўляў, такіх ужо «не перавыхаваеш». Цікава, што сярод трызненняў апошняга ўсплыло слова «ледаруб»... Ці трэба тлумачыць гістарычныя аналогіі?
Не хочацца занурацца ў канспіралогію, але смерць топавага інфлюэнсера без шкодных звычак з 20 на 21 снежня... такое сабе. 20-га — «Дзень чэкіста». 21-га — дзень нараджэння Сталіна. Ці трэба тлумачыць, як па той бок барыкадаў любяць памятныя даты і нумералогію? Чаму адразу ж пасля навіны пра смерць у каментары масава палезлі боты: хто даў заданне ўвечары выходнага дня?.. Так, я хачу памыляцца, праўда.
Мікіта Мелказёраў. Фота: Радыё Свабода
Магчыма, усе думкі ў гэтым кірунку — прафдэфармацыя. Калі доўга глядзіш у бездань, бездань глядзіць у цябе. Гэта непазбежна. Таму, мне цяжка не думаць пра тое, што ў Карпенкі — таксама «сэрца». У Навальнага — «тромб». Нават у Сцяпана Бандэры прычынай гібелі мела быць «сэрца», каб праўда не выйшла вонкі: атрута не паспела выпарыцца.
«Ціхія забойствы» патрэбныя ў двух выпадках. У сваёй краіне — калі там часовая лібералізацыя і нельга арыштоўваць-расстрэльваць направа і налева. А яшчэ — за мяжой. Заўжды. Каб захаваць твар. Бо сэрца можа спыніцца ў кожнага. На кожнага могуць напасці хуліганы. У кожнага можа зламацца тармазная сістэма ў аўто...
Безумоўна, паміж адказамі на пытанне «ці маглі?» і «ці зрабілі?» — прорва. Не кожная пагроза мае наступствы. Не кожная смерць — забойства. Нават калі ў тую смерць немагчыма паверыць. Урэшце, не калумністам пра гэта спрачацца. Калумністы — не крыміналісты. Таму, я вельмі хачу паслухаць крыміналістаў, якія паставяць кропку ў гэтай гісторыі.
А пакуль — падзякаваць. Дзякуй, Мікіта!
Жыццё — маліна?.. Жыццё — кароткае. Беларусь — вечная.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org