Чым заняць дзяцей на канікулах: 5 вясёлых і карысных гульняў для дзяцей і бацькоў

Канікулы — найлепшы час, каб гуляць, смяяцца і быць разам. Але для бацькоў гэта яшчэ і клопат — чым заняць дзяцей, каб яны не сядзелі бесперапынна ў гаджэтах. Самае простае і радаснае рашэнне — гульні. Мы прапануем 5 вясёлых дзіцячых тэатральных гульняў з кнігі «Ха! Хэй! Хо! 22 вясёлыя гульні», створанай беларускімі дзецьмі для дзяцей.

Гэтыя гульні не патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі, затое дапамагаюць рухацца, фантазіраваць, адчуваць сябе і іншых — і проста добра правесці час разам.

Полымя і лёд

Połymia i lod

Гульня дапамагае скінуць лішнюю энергію, узняць настрой, расцягнуцца і расслабіцца.

Уключай уяўленне на поўную!

1. Вядоўца кажа: «полымя»! І ўсё тваё цела адразу ж ператвараецца ў агонь.
Рукі рухаюцца, як языкі полымя, ногі скачуць у розныя бакі.

2. Вядоўца кажа: «лёд»! Імгненна замарожвай усё цела: рукі, плечы, ногі, калені, кожны пальчык... і не забудзься замарозіць шчокі. Рухацца нельга!

Усе часткі цела павінны быць максімальна напружаныя.

Чаргуй Полымя і Лёд — напружанне і поўнае расслабленне — пакуль не адчуеш цяпло ва ўсім целе.

Мара фламастара

Mara fłamastara

Кожны з нас часам марыць пабыць кімсьці (або чымсьці) іншым. Нават фламастар. Дапаможам яму!

1. Пакуль фламастар (аловак, маркер) ляжыць на крэсле — ён фламастар. Але як толькі нехта бярэ яго ў рукі, ператвараецца ў штосьці іншае.

2. У што ж? Прыдумай і здолей без слоў паказаць, што ў цябе ў руках: калі самалёт — хай ляціць, калі вуда — хай ловіць рыбу.

3. Нагадваем: гэта не фламастар!

4. Калі твае сябры адгадалі, у што ператварыўся твой фламастар — вяртай яго на крэсла. Наступны ўдзельнік гульні бярэ яго і ператварае ў штосьці іншае.

Ха-хэй-хо

Cha-chej-cho

Вітаю цябе, мой бледнатвары сябар. Я Карак Бізона, шаман індзейскага племені лакота. Сёння я навучу цябе рытуалу абуджэння. 

Для пачатку збяры сваё племя ў кола.

У гэтай гульні ўсяго тры рухі.

1. Ты пачынаеш рытуал: уздымі рукі высока да сонца і скажы «ха!»

2. Гэта знак! Няхай твае суседзі злева і справа скіроўваюць чароўную сілу табе ў ногі — адначасова робяць рух рукамі, нібы ссякаючы штосьці пад корань. І гукаюць чароўнае слова «хэй!»

3. Далей ты перадаеш ход — дзвюма рукамі паказваеш на аднаго з супляменнікаў і кажаш «хо!»

Перадаючы «хо», важна зірнуць наступніку ў вочы — як у гульні Іскра — і злавіць яго позірк у адказ.

Таксама важна трымаць рытм гульні і абудзіць усіх.

Хто прамарудзіў (лічыў бізонаў), пераблытаў словы ці рухі — выбывае з кола.

Гуляйце, пакуль у гульні не застанецца толькі два ўдзельнікі.

Іскра

Iskra

Ці бывае табе радасна, і ты хочаш падзяліцца добрым настроем з сябрамі? Наша магічная гульня дапаможа! Будзем выкрасаць іскрынкі радасці і распальваць усмешкі! 

1. Станьце ў кола.

2. Уяві, што ў тваіх руках крэмень і крэсіва, якімі ў старажытнасці выкрасалі агонь. Выкрасай іскру рукамі, каб атрымаўся пляскач далонямі.

3. Паглядзіце ў вочы таму, каму хочаш перадаць іскру.

4. Сябар перадае яе далей

Важна: не перадавай іскру, пакуль вы не ўсталюеце зрокавы кантакт.

Зіхаціць? Цуд!

Броўнаўскі рух

Broŭnaŭski ruch

Вы, пэўна, ведаеце, што малекулы — гэта такія маленечкія часцінкі, з якіх усё на свеце складаецца. І яны ўвесь час рухаюцца з рознай хуткасцю.

Такім чынам, мы ўсе — малекулы: разыходзімся па пакоі і рухаемся, не кранаючыся адно аднаго. Вядучы задае тэмп:

1. 1-я хуткасць — павольна-павольна (нібыта падкрадаешся да навагодняй ялінкі па цукерку і не хочаш нікога пабудзіць або ідзеш па начным лесе і крыху баішся).

2. 10-я хуткасць — хутка-хутка — але не бегам! (нібыта спяшаешся на цікавы ўрок, ці спазняешся на самалёт ці ў прыбіральню).

3. 5-я хуткасць — сярэдняя (нібыта ідзеш ў краму за какавай і круасанам).

Вядучы ўвесь час змяняе хуткасці: 1 — 3 — 5 — 9 — 2 — 6 ... Малекулы рухаюцца то шпарчэй, то павольней.

Старайцеся запаўняць усю прастору, не збіраючыся ў купкі!

22-hulni.png

Гэтыя і многія іншыя гульні вы знойдзеце ў кнізе «Ха! Хэй! Хо!» — дзіцячай білінгвальнай кнізе з тэатральнымі гульнямі. Кнігу склалі вучні 2-га класа беларускай школы Stembrigde у Вільні разам з Іллём Ясінскім, акцёрам і выкладчыкам тэатральнага майстэрства, і Наталляй Сялецкай, іх класнай кіраўніцай. Дзеці малявалі ілюстрацыі, прадумлялі назвы гульняў, складалі правілы і натхнялі ўсіх сваёй весялосцю і фантазіяй. 

Кнігу можна замовіць анлайн або набыць у кніжнай краме «Гартайка».