Роўна 100 гадоў таму, у снежні 1925 года, пачаліся першыя допыты Якуба Коласа супрацоўнікамі сакрэтнага аддзела ДПУ па справе «лістападаўшчыны». Расказваем, якім чынам класік беларускай літаратуры і непераўзыдзены аўтарытэт у беларускай справе аказаўся датычны да «антысавецкай» моладзевай групы.

Якуб Колас у сярэдзіне 1920-х гадоў
У лістападзе 1925 года савецкімі органамі дзяржбяспекі была выкрыта група моладзі на чале з Юркам Лістападам — беларускім актывістам, патрыётам, былым слуцкім паўстанцам і вяртанцам у БССР. У адрозненне ад большасці яе ўдзельнікаў, якія былі ўзростава зусім маладымі людзьмі — студэнтамі і школьнікамі, сам Лістапад быў чалавекам з досведам.
На момант арышту ён ужо меў цікавую біяграфію: паспеў паслужыць у войску, паваяваць, папрацаваць настаўнікам, пажыць у выгнанні і нават папрацаваць у дзяржаўным выдавецтве. Дзе займаўся перакладам знакамітага «Капітала» Карла Маркса на беларускую мову. За некалькі год да гэтага ён вярнуўся з Заходняй Беларусі, дзе знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі, на родную Случчыну. А там у 1923–1924 гадах адбываліся даволі цікавыя працэсы — гэта быў адзін з тых рэгіёнаў невялікай, яшчэ не ўзбуйнелай БССР, дзе беларушчына літаральна квітнела. Маладыя людзі, якіх ён сабраў вакол сябе, пісалі вершы, абмяркоўвалі розныя далікатныя тэмы і чыталі не зусім правільныя кнігі. Але час быў такі, што гэта нібыта і не забаранялася — у Ленінскай бібліятэцы ў Мінску можна было спакойна пагартаць эмігранцкія выданні, дзе ў адкрытую вялася крытыка бальшавікоў. Але падлеткі, якіх сабраў вакол сябе Юрка Лістапад, перайшлі з часам ад чытання літаратуры да прамога дзеяння — расклейвалі па вечарах на Случчыне ўлёткі з заклікам да сялянаў і рабочых бараніць сваю Беларускую Рэспубліку. Уласна праз гэта за іх і ўзяліся чэкісты.

Юрка Лістапад з жонкай. Фота з Вікіпедыі
Справа набыла такі шырокі розгалас, што аб ёй пісала саюзная прэса — згадкі пра «групу Лістапада» і ўласна «лістападаўшчыну» можна знайсці не толькі ў рэспубліканскіх выданнях, але і ў агульнасавецкіх. У асобных тэкстах істэрыя дасягала проста касмічных маштабаў, бо вельмі цяжка сабе ўявіць, каб група маладых людзей з шасці чалавек рэальна магла ставіць сабе за мэту адарванне Беларусі ад Савецкага Саюзу. Хутчэй гэта быў прыгожы, але недасяжны ідэал.
Выявілася, што да справы меў дачыненне і Якуб Колас — які быў непасрэдна знаёмы з Юркам Лістападам, а некаторых з арыштаваных маладзёнаў падтрымліваў грашыма. Гэтага аказалася дастаткова, каб у ягоным доме адбыўся ператрус, а потым паэта цягалі на допыты ў ДПУ, якія праводзіў непасрэдна Іосіф Апанскі. Годам раней менавіта ён арыштаваў Барыса Савінкава — тэрарыста-эсэра і непрымірымага ворага бальшавікоў, якога выманілі з Польшчы ў Савецкі Саюз. У 1927 годзе Апанскі будзе займацца справай Францішка Аляхновіча, які таксама вырашыць перабрацца з Вільні ў падсавецкі Мінск. А потым таямнічым чынам загіне разам з калегам...
Да канца не зразумела, чаму Якуба Коласа вырашылі «падключыць» да гэтай справы. Няўжо ён і такія як ён «папутчыкі» сапраўды былі махровымі буржуазнымі нацыяналістамі, якія разгарнулі антысавецкую падрыўную дзейнасць, ці ўсё ж следства выкарыстоўвала гэтыя вынайдзеныя і прыцягнутыя за вушы «факты» як прычыну, каб дасягнуць нейкіх іншых мэтаў? Якіх, чаму і для чаго?
Можна меркаваць, што Саветы выкарыстоўвалі ў той час палітыку «кнута і перніка» — адной рукой давалі ўзнагароды, а іншай каралі нават за невялікія правіны тых, хто не хацеў перавыхоўвацца і далучацца да будаўніцтва сацыялізму. Бо і Якуб Колас, і Янка Купала, і Цішка Гартны на момант Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе былі ўжо прызнанымі аўтарытэтамі для беларусаў. Прычым з часам аказалася, што па абодва бакі мяжы. Адпаведна і лічыцца з імі патрэбна было ў тым ліку і ўладам БССР.

Якуб Колас у сярэдзіне 1920-х гадоў
Увосень 1926 года, на 20-я ўгодкі сваёй творчай дзейнасці, Якуб Колас атрымае ганаровае званне «Народны паэт Беларусі». А следам таксама і пенсію, і прэферэнцыі, і бязмерную павагу ды пашану ад маладзейшага пакалення. Але гэта будзе праз год, а пакуль ён фігурант выразна палітычнай справы, з якой у ДПУ было вырашана забіць гучны судовы працэс, дзе Якубу Коласу была адведзена роля калі не ідэолага або лідара, дык дакладна натхняльніка нелаяльных маладзёнаў. Нездарма ў некаторых пратаколах допытаў не было нават пазначана, у якасці каго ён праходзіць па гэтай справе — сведкі або падазраванага. Доказная база была дастаткова сціплай — Колас і сапраўды быў добра знаёмы з Юркам Лістападам, шчыльна камунікаваў з ім падчас працы на літаратурных курсах на Случчыне. Але, паводле словаў самаго класіка, ніколі не цікавіўся ні ягонымі палітычнымі поглядамі, ні асобай, ні мінулым свайго малодшага калегі. Так, на допыце 25 снежня 1925 года ён сведчыў:
«Листопада — знаю. Знаю его по совместной работе в Слуцке, где я был лектором и преподавателем белорусского языка 5 месяцев в 1924 г. С Листопадом разговоров на политические темы никогда не было, и мне совершенно неизвестно об антисоветской деятельности Листопада, находящегося за границей. Вообще, что из себя представляет в политическом отношении Листопад — не знаю. Об этом не интересовался, узнавать от него и других не слышал».
Імаверна, што на размовах з савецкімі чэкістамі пісьменнік наўмысна заніжаў ролю ўласнай камунікацыі, каб лішні раз не трапіць у непатрэбны фокус увагі органаў. Навучаны горкім досведам зняволення яшчэ пры цары, Колас не хацеў расказваць лішняга ні аб сабе, ні аб кімсьці з затрыманых. Тым больш, што верш аднаго з іх знайшлі ў яго падчас ператрусу.
Сярод папер, якія былі забраныя ў класіка пры ператрусе, быў знойдзены пафасны верш Нічыпара Мяцельскага «Дзе?». Ён быў адназначна ўспрыняты як антысавецкі, хаця там адкрыта не называецца вораг, супраць якога заклікае падымацца малады аўтар. Якуб Колас і тут здолеў выкруціцца — маўляў, вершы тыя чытаў не ўважліва і хоць бы якой мастацкай вартасці ў іх не заўважыў. Таму і не разгледзеў там антысавецкасці. Усё, што можна было паставіць яму ў віну — матэрыяльная дапамога лістападаўцам.
Але ўсе гэтыя закіды проста разбіваліся аб веліч асобы класіка. На момант сярэдзіны 20-х гадоў ён быў самым сапраўдным тытанам, які поруч з Янкам Купалам ствараў беларускую літаратуру і Беларусь. Таму не дзіва, што ён выклікаў захапленне ў людзей маладзейшага веку. Таму і цалкам лагічна, што з ім знаёміліся маладзёны, шукалі ў яго падтрымкі і заступніцтва, хтосьці прасіў даць грошай, а нехта прачытаць верш ці апавяданне. І адмовіцца Колас не мог.
Узнікае яшчэ адно пытанне: чаму такая насамрэч нязначная рэч, як невялікі антысавецкі гурток, займела такі розгалас? Напэўна, таму, што ў той час сапраўднае антысавецкае падполле, якое б магло аказваць хоць бы нейкі супраціў бальшавікам, было ўжо даўным-даўно разгромлена. Усе тыя, хто быў абсалютна не лаяльны да ўлады Саветаў, былі або ў замежжы, або ў лагерах, або ў магілах. Навідавоку заставаліся хіба што так званыя «папутчыкі Рэвалюцыі» — тыя, хто не быў камуністам, не збіраўся будаваць новага свету, але ўсяляк спрабаваў падкрэсліць сваю лаяльнасць у дачыненні да новых уладаў. Для мабілізацыі ўласных сілаў у прыватнасці і грамадства агулам бальшавікам увесь час патрэбныя былі ворагі. Але дзе іх возьмеш, калі ўсе яны па-за межамі дасяжнасці? Трэба прыдумаць! Да ўсяго атрымалася комба, бо гурток «лістападаўскай» моладзі дзейнічаў не абы-дзе. Случчына яшчэ ад пачатку ХХ стагоддзя была ў ліку найбольш «беларускіх» рэгіёнаў.
Тут не толькі чыталі «Нашу Ніву», але і дзейнічалі самастойныя гурткі і калектывы. Адсюль паходзілі многія пісьменікі, палітыкі і проста беларускія актывісты, якія адыграюць у гісторыі Беларусі далёка не апошнюю ролю — Язэп Дыла, Фабіян Шантыр, Васіль Русак і многія іншыя. Менавіта тут адбудзецца ці не самая драматычная падзея ў стылі антычнай трагедыі — Слуцкае паўстанне 1920 года, якое ад пачатку не мела шанцаў на перамогу.
Нават на момант выкрыцця «групы Лістапада» на Случчыне прысутнічаў беларускі дух, таму і чын гэтых маладых людзей падаецца не такім ужо і бессэнсоўным. З вясны 1925 года тут арганізавалася хай сабе і не асабліва вялікая па колькасці, але надзвычай таленавітая і плённая мясцовая філія «Маладняка». Калі ў кастрычніку адбываўся другі з’езд арганізацыі, захады случчакоў былі заўважаныя і адзначаныя кіраўніцтвам з Мінска.
Суд над удзельнікамі антысавецкай групы адбудзецца ў 1926 годзе. Ён быў публічны, таму захаваліся ўспаміны пра яго і матэрыялы савецкай прэсы. Якуб Колас на ім выступаў у якасці сведкі і павёў сябе вельмі годна — не сказаў нічога, што хоць як бы магло нашкодзіць маладым «контррэвалюцыянерам».
Па выніку яны атрымалі не самыя страшныя тэрміны, якія былі замененыя на амністыю ў сувязі з узростам падсудных. Найбольш дасталося, вядома, Юрку Лістападу, на якога «павесілі» ўсіх сабак. Гэтым разам Лістападу пашанцуе, але ў 1930-я гады пра яго ўзгадаюць зноў. Яму будуць прапаноўваць выехаць з БССР, але ён адмовіцца. Вынік жыцця гэтага чалавека будзе дастаткова сумны — арышт, высылка і ўрэшце расстрэл у 1938 годзе.
Якуб Колас працягне балансаваць у савецкай сістэме, карыстаючыся сваім аўтарытэтам. Калі ў 1927 годзе арыштуюць Францішка Аляхновіча, які вырашыць перабрацца ў БССР з Вільні, ён будзе збіраць сярод беларускай культурніцкай эліты подпісы з падтрабаваннем яго вызвалення і адкрыта выказвацца ў абарону «бацькі беларускага тэатра». Натуральна, гэта не будзе мець ніякага плёну — драматурга асудзяць і адправяць на Салаўкі, але ў памяці гэты чын застанецца.
Л. Г., Budzma.org