Бытавыя клопаты высмоктваюць усе сілы, інфармацыйныя плыні захлістваюць з усіх бакоў? У галаве сотні думак, планаў, задач і немагчыма разабрацца, што з імі рабіць? Пракрастынацыя і дэпрэсія – частыя госці? Жыццё быццам праходзіць міма, мары не здзяйсняюцца?
На сённяшні дзень існуе шмат курсаў, школ, персанальных коўчынгавых праграм, марафонаў і квэстаў па асабістым развіцці і навядзенні парадку ў сваім жыцці. Можна выбраць на любы густ: ад нейрахакінгу да спасціжэння Кабалы. Але мы прапануем пачаць з чатырох простых крокаў па ўладкаванні свайго жыцця, якія патрабуюць ад вас мінімуму высілкаў і рэсурсаў.
Крок 1. “Залатая гадзіна”
Аўтар гэтага інструменту – Робін Шарм. Сутнасць “залатой гадзіны” ў тым, што 60 хвілін зранку вы прысвячаеце сабе.
20 хвілін – для вашага цела. Гэта любая фізічная нагрузка: плаванне, прабежка, практыкаванні і іншае. Ёсць індыкатар “правільнасці” гэтых 20 хвілін – вы мусіце ўпацець.
Наступныя 20 хвілін вы траціце на планаванне свайго дня. Успамінаеце, што вы сёння хацелі зрабіць, прыкладна размяркоўваеце час на кожную задачу. Будзе добра, калі вы занатуеце гэты план.
Няма ні на што сіл. 5 падказак, дзе іх знайсці
Апошнія 20 хвілін “залатой гадзіны” прысвячаюцца навучанню. Гэта можа быць чытанне спецыяльнай літаратуры, праслухоўванне падкастаў, вывучэнне новых словаў, засваенне прыёмаў ігры на музычных інструментах альбо азнаямленне з новымі камп’ютарнымі праграмамі… Любы важны для вас кірунак. Галоўнае – у гэтыя 20 хвілін вы мусіце даведацца пра штосьці новае, пашырыць свае веды, павысіць кампетэнцыі.
“Залатую гадзіну” важна дарыць сабе зранку, каб абудзіць цела і розум, спланаваць свой дзень. І тут самая вялікая перашкода ў тым, што дзеля гэтага давядзецца ўставаць на гадзіну раней. Але ж вы вартыя такога падарунка?
Крок 2. “Ідэальны дзень”
Методыка належыць Эстэр Хікс. У падмурку таксама ляжыць планаванне. Трэба разбіць свой дзень на тэматычныя блокі: сям’я, праца/вучоба, бытавыя клопаты, адпачынак і г.д. Кожны блок пасля разбіваеце на дакладныя задачы-дзеянні: сустрэць жонку з працы, павячэраць з бацькамі, завяршыць праект, прыбрацца на кухні, дачытаць кнігу і г.д.
Фішка заключаецца ў тым, што кожную задачу вы ўяўляеце вырашанай самым ідэальным чынам.
Напрыклад, пункт “павячэраць з бацькамі”. Вы думаеце не проста пра тое, што нешта з’ясце ў кампаніі таты і мамы. Вы плануеце, што вячэра будзе неймаверна смачнай, размовы за сталом – цікавымі, а вы і бацькі атрымаеце вялікую асалоду ад кампаніі адно аднаго.
Няма ні на што сіл. 5 падказак, дзе іх знайсці (працяг)
Альбо блок “праца”. Выстаўляеце сабе задачу не проста “дапісаць справаздачу”, а “правесці глыбокую аналітычную работу і стварыць вельмі карысны дакумент, які дапаможа развівацца і эфектыўней працаваць усёй кампаніі ці вам асабіста”.
І так – па кожным дзеянні. Рэч у тым, што ўяўленнямі пра ідэальнае выкананне вы настроіце сябе не проста на рашэнне задачы ці неабходныя дзеянні, а і на тое, што вы атрымаеце ад гэтага асалоду. З такім настроем справы будуць рабіцца лягчэй і хутчэй.
Ідэальным планаваннем неабавязкова займацца, седзячы за сталом з аркушам і ручкай. Фіксацыя задач тут не такая важная. Таму планаваць можна, прымаючы ранішні душ альбо па дарозе на працу.
Крок 3. Штодзённік і нататнік
Каб не згубіцца ў плыні бясконцай інфармацыі, што віруе сёння вакол кожнага, і не забыцца на самае важнае, варта завесці штодзённік. Сюды вы зможаце запісваць планы і задачы на кожны дзень па любой з методык тайм-менеджменту. Спачатку падаецца, што весці запісы на кожны дзень – гэта марнаванне часу. Але паспрабуйце запаўняць штодзённік цягам месяца – і вы пабачыце станоўчыя вынікі.
Тут галоўнае – стварыць уласную методыку вядзення. Напрыклад, я дзялю аркуш кожнага дня на 4 часткі. Першая – што я хачу зрабіць для сябе (сюды запісваю важныя званкі, паходы да лекара, практыкаванні, кнігі, якія хачу прачытаць, і г.д.). Другая частка – тое, што варта зрабіць для маёй сям’і і ў доме (прагулкі з сынам, прыборка, вялікія пакупкі і д.п.). Трэцяя і чацвёртая частка прысвечаныя працы. Такая “разбіўка” дазваляе не згубіць нічога важнага. А тое, што “поле дзейнасці” абмяжоўваецца адной старонкай у штодзённіку, не дазваляе пісаць шмат задач у кожнай сферы і робіць іх выкананне за адзін дзень больш рэальным. Да таго ж прастаўленыя даты дазваляюць запісваць планы на “перспектыву” – так вы ніколі не забудзеце павіншаваць сябра з днём народзінаў, не прапусціце дзелавой сустрэчы ў зуме, своечасова ўспомніце пра дэдлайны сваіх праектаў.
Таймінг штодня: як паспяваць больш?
Штодзённік вельмі зручны для дакладных задач і дзеянняў на дзень. А вось для ідэй, думак, зацемак, цікавых фактаў варта завесці нататнік. Тут жа можна пазначаць кантакты, цэны, пэўныя алгарытмы дзеянняў, свае ўражанні і г.д.
Вядзенне штодзённіка і нататніка дазволіць вам структураваць свае планы, бачыць агульную карціну і не згубіць нічога важнага. Пры гэтым ваша “аператыўная памяць” будзе вызваленая ад гэтай інфармацыі, вам не трэба будзе ўспамінаць, што ж абавязкова трэба зрабіць сёння, а што можна пакінуць на наступны тыдзень, каго і з чым віншаваць, з кім і калі прызначаная сустрэча.
Адзіная нязручнасць – і штодзённік, і нататнік (калі гэта папяровы варыянт) трэба ўсюды браць з сабой. Але іх можна замяніць разнастайнымі праграмамі і электроннымі планіроўшчыкамі (да прыкладу, Grow Me Up, Evernote, Todoist і інш).
Крок 4. Чэк-ліст на кожны дзень
Каб яшчэ больш вызваліць свой мозг ад дробнай, руціннай інфармацыі і адначасова ўпарадкаваць свой дзень, распрацуйце асабісты чэк-ліст. Падумайце, што для вас важна рабіць кожны дзень. Выконваць пэўныя практыкаванні? Не забывацца дадаваць у меню свежую садавіну ці гародніну? Бываць на свежым паветры хаця б гадзіну на дзень? Чытаць? Альбо адсочваць, колькі кубкаў кавы вы выпілі?
Усё, што для вас важна, што б вы хацелі рабіць кожны дзень (для здароўя, самаразвіцця, адукацыі і г.д.), пазначце ў штодзённым чэк-лісце. Лепш за ўсё пазнакі рабіць у выглядзе сімвалаў, зразумелых толькі вам, альбо агульнапрынятых – так чэк-ліст будзе больш кампактны і вам будзе цікавей з ім працаваць. І, вядома, варта рабіць электронны варыянт, каб заўжды мець магчымасць раздрукаваць неабходную колькасць. Гэты ліст-падказку можна ўклейваць у штодзённік і па ходзе адзначаць, што вы з’елі, выпілі альбо выканалі.
Як з’есці «слана»?
Так вы зможаце сфармаваць карысныя штодзённыя звычкі (напрыклад, выпіваць дастатковую колькасць вады), адсачыць і зменшыць ці ўвогуле пазбавіцца шкодных. Акрамя таго, калі дадаць у ваш ЧЛ “кантрольныя вымярэнні” (колькі гадзін вы спалі, напрыклад), то пасля можна прааналізаваць дадзеныя і даведацца шмат цікавага пра сябе, вылучыць, што ўплывае на фізічны і эмацыйны стан арганізма, якая колькасць сну, вады, якая ежа аптымальныя менавіта для вас… Уключаем фантазію і карыстаемся такім цудоўным інструментам напоўніцу!
Як бонус – з дапамогай такіх чэк-лістоў карысныя звычкі можна фармаваць не толькі ў сябе, але і ў дзетак. Элементарныя ўмыванні, чыстка зубоў – да ўсяго гэтага можна прызвычаіць маленькіх гарэзаў з дапамогай штодзённага чэк-ліста.
Крочце наперад – да свайго ўладкаванага жыцця!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by