4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Чорны і белы або адценні шэрага?

«У мае непасрэдныя абавязкі не ўваходзіць паведамляць ўраду пра надзённыя падзеі ва Украіне. Але я павінен разумець рэакцыю беларускага грамадства і ўсведамляць магчымыя наступствы гэтых падзей. У сувязі з гэтым я ўвесь час думаю пра тры фактары…» Што гэта за фактары? Як зарыентавацца ў чорна-белай журналістыцы і скласці рэальную карціну? Расказвае Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл.

Адна з найважнейшых задач дыпламата — паведамляць пра падзеі ў краіне, дзе ён працуе, і даваць ім ацэнку. Мы павінныя не толькі быць у курсе ўсяго, але і тлумачыць значэнне таго, што адбываецца, свайму ўраду.

Нам даводзіцца расказваць пра складаныя працэсы вельмі коратка, адначасова апісваючы палітычны і гістарычны кантэкст. У супрацоўнікаў МЗС няма часу на чытанне дэталёвых, падрабязных тлумачэнняў. Як правіла, іх больш цікавяць наступствы падзей — як яны адаб’юцца на нашых інтарэсах, ці будзе пагроза бяспецы грамадзян Вялікабрытаніі, якія знаходзяцца за мяжой.

У краінах, падобных да Злучанага Каралеўства, з якімі ў нас добрыя адносіны і дзе працэдура прыняцця рашэнняў праходзіць празрыста, гэты працэс не выклікае праблем. Нашмат больш складана ўсё там, дзе матывы і прычыны прыняцця рашэнняў няясныя — у тых краінах, адносіны з якімі не настолькі блізкія.

Мяркую, што амаль усе мае калегі — брытанскія амбасадары па ўсім свеце, а таксама дыпламаты, якія працуюць у Мінску, — імкнуцца да найбольш поўнага і правільнага разумення таго, што адбываецца.

Таму нашыя справаздачы — гэта нешта сярэдняе паміж паведамленнямі пра навіны і даследаваннямі палітолагаў і гісторыкаў.

Журналісты непазбежна канцэнтруюць увагу на навінах і імкнуцца да спрашчэння, ці то дзеля папулярнасці, ці то ў адпаведнасці з рэдактарскай або дзяржаўнай палітыкай. А навуковыя даследаванні могуць праводзіцца праз некалькі месяцаў, а то і гадоў пасля падзеі — калі ўжо позна шукаць рашэнне праблем, якія паўсталі.

Небяспека спрошчанага асвятлення падзей у тым, што і рэакцыя на іх можа быць спрошчанай. Магчыма, маніхейскі погляд на свет і прыносіць душэўны спакой, але вырашэнню складаных сусветных праблем ён дакладна не спрыяе. Часцяком замежныя СМІ публікуюць рэпартажы пра Беларусь у чорна-белых тонах, не закранаючы ўсёй складанасці рэальнай сітуацыі, і гэта не можа не засмучаць.

У мае непасрэдныя абавязкі не ўваходзіць паведамляць ўраду пра надзённыя падзеі ва Украіне. Але я павінен разумець рэакцыю беларускага грамадства і ўсведамляць магчымыя наступствы гэтых падзей. У сувязі з гэтым я ўвесь час думаю пра тры фактары.

Бесперапыннасць гісторыі

Я глядзеў выпускі навін расійскіх тэлеканалаў і маскоўскую прапаганду пра падзеі ва Украіне. Я чуў апісанні “фашыстаў”. Ключавым момантам, на маю думку, сталі запэўненні Расіі ў гатоўнасці абараніць рускамоўных жыхароў іншых краін.

Усё гэта можа падабацца шараговым расійцам, і ў кароткатэрміновай перспектыве раздзіманы дзяржСМІ нацыяналізм здольны ўмацаваць падтрымку ўрада народам. Але ў астатняй Еўропе, ды і ў іншых краінах свету такія заявы маюць аднолькавы па сіле ўплыву, але абсалютна супрацьлеглы па сэнсе эфект.

Выбіральны падыход да гісторыі небяспечны, бо гісторыя — працэс бесперапынны. Такія падзеі, як Другая сусветная вайна, не здараюцца раптам: і да, і пасля перыяду з 1941 па 1945 год, які народы былых савецкіх рэспублік памятаюць па жахлівых ахвярах, на якія давялося пайсці іх продкам, адбываліся і іншыя падзеі, не менш значныя для іншых краін свету.

Мы, брытанцы, увесь час звяртаемся да гісторыі, асабліва ў гэты год, калі адзначаецца стагоддзе з пачатку Першай сусветнай вайны. Пачаўшыся ў 1914 годзе, яна зрабіла моцны ўплыў на гісторыю Еўропы, і я ўпэўнены, што немагчыма зразумець усю глыбіню падзей ХХ стагоддзя без усведамлення наступстваў той вайны.

Наогул, спрэчкі аб Першай сусветнай вайне ў Вялікабрытаніі часам набываюць дзяржаўны маштаб: у дыскусію аб міфах уключаюцца нават палітыкі. Але ўсё гэта ідзе толькі на карысць, бо дазваляе па-новаму ацаніць стэрэатыпы і ўспаміны, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Усё ў свеце ўзаемазвязанае

…і ніколі падзеі ў свеце не былі больш узаемазвязаныя, чым цяпер. Гэта датычыць многіх аспектаў, але ў дадзены момант я кажу пра перадачу інфармацыі паміж краінамі.

Электронныя рэсурсы даюць вялікую колькасць інфармацыі пра падзеі з розных крыніц. Але іх шырокая даступнасць часта выліваецца ў бяздоказныя артыкулы або выказванне перадузятых меркаванняў. У век інфармацыі складана адрозніць факт ад выдумкі. Магчымае рашэнне — спадзявацца на надзейныя крыніцы.

Дзякуючы лічбавым СМІ нам даступныя розныя меркаванні і інтэрпрэтацыі падзей. З аднаго боку, гэта карысна, бо менавіта інфармацыя пра ўспрыманне падзей дае нам уяўленне аб магчымай рэакцыі ўрада. У апошні час я часта глядзеў навіны па расійскіх дзяржаўных тэлеканалах, дзякуючы чаму зразумеў, якую ідэю пра сваё месца ў свеце расійскія ўлады хочуць прывіць народу.

Але з іншага боку, нават тады, калі інфармацыі ў нас больш чым дастаткова, не ўсе шукаюць розныя пункты гледжання, бо кожны імкнецца знайсці пацверджанне сваіх поглядаў або забабонаў.

У гэтым новым свеце больш не існуе мяжы паміж «нашымі» і «нянашымі» навінамі. Інфармацыйныя паведамленні распаўсюджваюцца па ўсёй планеце за секунды. Гэта ж датычыць і стылю падачы інфармацыі, то бок прапаганда, створаная ў адной краіне, адразу ж транслюецца ў іншую.

Гульня з нулявой сумай

Гэта такая гульня, у якой магчымыя толькі два вынікі — выйгрыш альбо аднаго, альбо другога боку. Іншымі словамі, «калі я выйграю, ты прайграеш». Гэтае паняцце часта ўжываюць эканамісты і псіхолагі.

Гульня з нулявой сумай мае на ўвазе адсутнасць выбару і альтэрнатывы. Яна не дазваляе бакам супрацоўнічаць, выпрацоўваць варыянты.

Заходнія эксперты перакананыя, што такі менталітэт да гэтага часу шырока распаўсюджаны ў гэтай частцы свету. Магчыма, гэта здарылася дзякуючы Леніну, чыё выслоўе «Хто не з намі, той супраць нас» найбольш дакладна перадае сутнасць гульні з нулявой сумай.

Вядома ж, падыходу «нулявой сумы» існуюць альтэрнатывы. Мноства прыкладаў гэтаму я сустракаў сярод беларусаў: альтруізм, імкненне да пошуку ўзаемнай выгады ў бізнесе, перамовах і г.д. Але Крэмль адрэагаваў на падзеі ў Кіеве менавіта з пазіцыі менталітэту “нулявой сумы”.

Што да мяне, то мне зразумелая надзвычай складаная падаплёка таго, што адбылося ў Кіеве: ад незадаволенасці карупцыяй і жадання лепшага жыцця да пратэсту супраць сіл бяспекі і мноства іншых фактараў. Але і гэта не апраўдвае чорна-белага адказу Расіі, вынікам якога стала анексія Крыма.

Брус Бакнэл