«Шпіёнскі блёкбастэр» ад Лявона Вольскага

Лявон Вольскі піша пра гісторыю аднаго беларускага шпіёна, пра якога нядаўна паведаміў шырокай публіцы галоўнакамандуючы РБ. Гісторыя шмат у чым нагадвае сюжэт закручаных шпіёнскіх серыялаў. Што адбылося, у якой паслядоўнасці? Ланцужок падзеяў аднаўляе Лявон Вольскі і прапануе свой, альтэрнатыўны сюжэт для нязнятага блокбастара з удзелам агента П.

Liavon Voĺski
Лявон Вольскі

Вось як здараецца — мы думалі, што Джэймс Бонд, Ітан Хант, Джэйсан Борн і бляклаваты на іхнім тле Штырліц — усяго толькі плён фантазіі пісьменьнікаў-белетрыстаў і кіношнікаў, якія здымаюць блёкбастэры і запатрабаваныя ў народзе шпіёнскія фільмы й сэрыялы. Мы так думалі...

Але адзін высокі кіраўнік вымавіў магічныя словы: «Будзет очэнь інцярэсна», і перад намі разгарнуўся, не раўнуючы, шпіёнскі сэрыял. Проста вось тут — перад намі, можна сказаць, пасярод нашага жыцьця. 

Хто такі агент П.

Галоўны герой сэрыялу — беларускі хлопец. Прозьвішча ягонае пачынаецца на літару «П». Так мы яго й будзем тут называць — П. 

Гэты П., гледзячы па ўсім, здольны, але парадаксальны хлопец, вучыцца сабе ў беларускай сталіцы, у якой (як і па ўсёй Беларусі) у 2020-м выбухоўваюць пратэсты. П. пад’ядноўваецца да народнага пратэснага руху, трапляе пад рэпрэсіі і пераяжджае ў Польшчу, дзе здабывае статус уцекача. П. уладкоўваецца рэдактарам у самы ўплывовы тэлеграм-канал (які пэўным часам нават каардынуе пратэсты) і пазыцыянуе сябе як нязломнага змагара-барацьбіта з крывавай хунтай, якая захапіла ўладу ў Беларусі. 

Хаця твар П. (несур’ёзна-махляраваты) зусім не адпавядае гэтай пачэснай ролі героя, хлопцу хочацца верыць. Заўжды хочацца верыць у лепшае. Вы ж ведаеце, здараецца, што часам нават прымушаеш сябе гэта рабіць.

Блёкбастэр разгортваецца

Самалёт, у якім ляціць П., раптам сядае ня ў Вільні, куды ён накіроўваўся, а ў Менску. Хтосьці паведаміў пра выбухоўку на борце, і трэба было тэрмінова сядаць (гэта настойліва рэкамэндавалі з менскага дыспечарскага пункту, хаця да Вільні на той момант было бліжэй). Селі...

І гэтая пасадка дорага каштавала РБ. З пачатку беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў у Беларусі мінуў амаль год, міжнародная грамадзкасьць паціху пачала забывацца на гэта, Эўразьвяз ды Злучаныя Штаты былі надта заклапочаныя ліквідацыяй наступстваў COVID, каб канцэнтравацца на праблемах асобна ўзятае краіны (якую, да таго ж, звыкла ўспрымалі расейскім сатэлітам), маўляў, хай сабе там самі разьбіраюцца! І тут — зьнянацку! — такое сальта — прымусовая пасадка эўрапейскага пасажырскага самалёту (пазьнейшае расьсьледаваньне кваліфікавала гэтую акцыю менавіта так). То-бок, ледзьве ня акт тэрарызму! У выніку — перакрытае неба, санкцыі, падвышаная ўвага да РБ-шнае дыктатуры...

П., безумоўна, адразу пасьля пасадкі паехаў у турму і пазьней на судзе атрымаў 8 гадоў, нягледзячы на ўсялякую «супрацу са сьледзтвам» і здачу ўсіх і ўсяго. Ну, хлопца можна зразумець, трэба было ратавацца, бо калі будзеш стаяць «мурам каменным», дык могуць выпісаць і вышэйшую меру. Ну, крыху зноўку перайграў у новай ролі «былога апазыцыянэра, які шчыра раскаяўся», але для гэтага новага амплюа ягоны твар якраз пасаваў ідэальна.

Праз два гады П. быў памілаваны і адпушчаны. І, здавалася б, на гэтым можна было б паставіць кропку. 

Але ў блёкбастэрах так не бывае! Ня так даўно кіраўнік РБ выдаў сакрэтную інфармацыю пра тое, што П. заўсёды быў агентам беларускай выведкі. А што з пасадкай самалёту? Дык вось, маўляў, гэтай пасадкай усё нам і напаганілі. Чаго яны вырашылі сядаць у Менску? Усё ж да гэтага так добра складалася...

Пастаноўка з «раскаяньнем», судом, турмой і памілаваньнем

Глядзіце: блёкбастэр набывае новыя адценьні! Раней нам (гледачам) здавалася: вось ляціць самалёт, у ім сядзіць радыкальнаапазыцыйны рэдактар змагарскага тэлеграм-каналу, асабісты вораг РБ-шнае ўлады, і гэтая ўлада хоча самалёт пасадзіць на сваёй тэрыторыі, каб атрымаць, захапаць у свае лапы гэтага ўплывовага ворага рэжыму, а насамрэч — усё ня так! 

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

Насамрэч гэта ніякі ня вораг рэжыму, а агент П. пад прыкрыцьцём, які перадае зьвесткі беларускім спэцслужбам з самага джэрала радыкальнае апазыцыі. Але дзесьці агент П. пракалоўся, і варожыя сілы (МІ-6, ЦРУ, Масад, Дэфэнзыва) вырашаюць разыграць падступную шматхадовачку: варожыя агенты вышэйназваных спэцслужбаў дасылаюць інфармацыю пра мінаваньне самалёту, потым менскі дыспэтчар (таксама варожы агент, куплены заакеанскімі вараціламі) настойліва рэкамэндуе пасадку ў «Мінск-2». 

Паколькі ў гэты час самалёт амаль даляцеў да Вільні, і нармальны экіпаж ніколі не павярнуў бы на Менск, гледачы са зьдзіўленьнем даведваюцца, што камандзір экіпажу таксама быў даўным-даўно завэрбаваны ЦРУ для зьдзяйсьненьня падобных апэрацыяў. І ён, гэты пілёт-шпіён, саджае самалёт на беларускую зямлю.

Што рабіць? Не заўважыць агента П. на борце? Не, не варыянт, надта ненатуральна выглядае. Ніхто не паверыць, гэта раўнавартасна раскрыцьцю агента. Давялося рабіць пастаноўку з «раскаяньнем», судом, турмой і памілаваньнем. 

Такую вось хітрую, падступную апэрацыю разыгралі варожыя заходнія спэцслужбы.

І цяпер вы ведаеце, як насамрэч усё было. 

Ці не?

P. S. Што да мяне, каб я быў аўтарам, я пайшоў бы далей. Я б не здаваў агента П., а зладзіў бы ягоныя ўцёкі з РБ, прэс-канфэрэнцыю ў Варшаве пра катаваньні ў вязьніцы і кухталі асабіста ад начальніка рэспублікі пра беспрэцэдэнтны ціск, пагрозу сьмяротным пакараньнем, з просьбамі прабачэньня ў тых, каго здаў, са сьлязамі раскаяньня і абяцаньнямі выпраўленьня... Тады можна было б запусьціць другі сэзон сэрыялу «Агент П.».

Лявон Вольскі, Budzma.org