4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Дзе край Еўропы?

Дзе край Еўропы? Як уплывае рэльеф на светапогляд людзей? Над гэтымі ды іншымі не менш глабальнымі пытаннямі разважаў Амбасадар Яе Вялікасці на беразе Дняпра ў Лоеве. Да якіх высноваў прыйшоў спадар Бакнэл? Чытайце сённяшні пост рубрыкі 4 o’clock з Брусам Бакнэлам!

Адна з асноўных прыемнасцяў прафесіі дыпламата – гэта магчымасць падарожнічаць. Канечне, асноўная праца праходзіць падчас сустрэч у офісах і залах, то бок у будынках. Але дыпламаты павінныя выбірацца і на вольнае паветра, падарожнічаць па краінах, дзе працуюць.

Нядаўна разам са сваімі калегамі з амбасад краін Еўрасаюза я наведаў горад Лоеў. Нагодай для візіту стала развіццё супрацоўніцтва Еўрасаюза з Дзяржаўнымі памежным і мытным камітэтамі Беларусі. Існуе адмысловая праграма падтрымкі ЕС, паводле якой даецца абсталяванне для барацьбы з нелегальнай міграцыяй і кантрабандай. Вось мы і наведалі ўрачыстую цырымонію перадачы машын і лодак.

Насельніцтва Лоева – гарадка на беразе Дняпра ля мяжы з Украінай – складае каля 7 тысяч чалавек. Днепр – бадай самая павольная рака на свеце. Вышыня яго вытокаў – усяго каля 200 метраў над узроўнем мора. Таму шлях Дняпра да Чорнага мора нагадвае антычны ўзор меандр, на адным са згінаў якога і знаходзіцца Лоеў.

Падчас візіту мы наведалі мясцовы музей. У кастрычніку 1943 года Чырвоная Армія здзейсніла пераправу праз Днепр. Таму ў музеі ёсць маленькія фігуркі лодак, да краёў поўных аўтаматамі, і фотаздымкі савецкіх вайскоўцаў, якія рыхтуюцца да бою ці адпачываюць пасля яго.

Калі я шпацыраваў па горадзе і наведваў музей, мне ў галаву прыйшлі тры думкі.

Першая: пра прастору Беларусі.

Можа, гэта чыста брытанскае пачуццё. З насельніцтвам у 55 мільёнаў чалавек і меншай плошчай Англія мае шчыльнасць насельніцтва амаль у 10 разоў вышэйшую, чым Беларусь. Таму мне падаецца, што беларускія вёскі размяшчаюцца занадта далёка адна ад адной.

Брытанскі ландшафт нагадвае пакамечаны абрус: паверхня перакрыжаваная ўздоўж і ўпоперак ланцугамі нізкіх узгоркаў. Раўніны ў нас маленькія, самыя вялікія з іх знаходзяцца на ўсходзе Англіі і ў Лінкальншыры. На Беларусі ж, здаецца, раўніны цягнуцца і цягнуцца, але і іх нельга параўнаць са стэпам ва Украіне ці ў Расіі.

Што да Дняпра, то яго даўжыня большая за 2 200 кіламетраў – гэта ў два разы больш за адлегласць паміж самымі крайнімі пунктамі выспы Вялікабрытанія. Днепр у 6 разоў даўжэйшы за найбуйнейшую раку Вялікабрытаніі Северн (якая ў сваю чаргу крыху даўжэйшая за Тэмзу, што цячэ праз Лондан). Побач з шырокім і павольным Дняпром у Лоеве Тэмза выглядала б маленькім струменьчыкам.

Другая: пра шалёны напад Гітлера на СССР у 1941 годзе.

Мне складана зразумець той узровень шаленства, які прымусіў Гітлера паслаць сваіх салдат за дзве тысячы кіламетраў на паўднёвы ўсход, у настолькі маланаселеныя землі. Здавалася б, можна было павучыцца ў Карла XII Шведскага з яго паўднёвым паходам і разгромам пад Палтавай у 1709 годзе ці ў Напалеона з яго паходам на Маскву ў 1812.

Падтрымка сувязі паміж часткамі лініі фронту сама па сабе была цяжкім выпрабаваннем, не кажучы ўжо пра кантакт з праціўнікам. Таму нядзіўна, што вялікая колькасць вайскоўцаў згубілася на шырокай прасторы лясоў і раўнін Беларусі і іншых частак Савецкага Саюза.

Што да пакалення маладых немцаў, якія сталі ахвярамі нездаровага славалюбства Гітлера, то асабліва жахлівымі для іх сталі зімы ў бязмежнай прасторы далёка ад дома.

Трэцяя: пра межы Еўропы.

Усе кантыненты, за выключэннем Еўропы, адасобленыя акіянамі.

Атлантычны акіян – заходняя мяжа Еўропы. І, канечне, Брытанскія выспы аддзеленыя ад кантынентальнай часткі Еўропы Ла-Маншам. Як адзначыў у сваёй прамове пра будучыню Еўрасаюза прэм’ер-міністр, гэты канал адыграў вельмі важную ролю ў фармаванні нашай псіхалогіі.

На ўсходзе і паўднёвым усходзе Еўропы няма дакладных межаў. Уральскія горы ўтвараюць мяжу, акуратна ідучы з поўначы на поўдзень. Але яны не прымыкаюць да гор Каўказа і таму не ствараюць бесперапыннай мяжы на паўднёвым усходзе. Еўрапейская прастора працягваецца далей, наўпрост у самае сэрца Азіі. Ці, калі паглядзець з другога боку, Еўропа – гэта паўвыспы на азіяцкай паўвыспе.

Пытанне, дзе праходзіць мяжа на зямлі, не з’яўляецца выключна геаграфічным. Адказ на яго залежыць ад людзей. Але калі я стаяў на беразе Дняпра ў Лоеве, адзіны факт падаваўся мне відавочным. Гэтая рака, якая мне з маёй брытанскай чуллівасцю здаецца шырокім бар’ерам і ўвасабляе мяжу паміж Беларуссю і Украінай, не з’яўляецца мяжой паміж кантынентамі.

Брус Бакнэл