4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Ф’южн

Шмат што цікавага і адметнага ў Вялікабрытаніі. А вось кухня — «ніякая»… Так шмат хто лічыў раней. Ці змянілася нешта за апошнія часы? Якія гістарычныя з’явы паўплывалі на фармаванне сённяшняй брытанскай кухні? За чарговым кубачкам гарбаты расказвае Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл.

P1020064Беларусы часта пытаюць мяне пра кухню Вялікабрытаніі. Да гэтага часу мне ўдавалася адкруціцца ад напісання паста на гэтую тэму, але раз ужо я хачу, каб людзі лепш разумелі сучасную Брытанію, я проста павінен напісаць пра гэта!

Згодна з невялічкім артыкулам на Вікіпедыі, Вялікабрытанія не зрабіла значнага ўплыву на развіццё кулінарыі. Мабыць, самай важнай нашай вынаходкай можна лічыць сэндвіч — дзве лусты хлеба з начынкай паміж імі. Як мяркуецца, яго з’яўленнем мы абавязаныя аднаму брытанскаму арыстакрату, якому захацелася перакусіць падчас гульні ў карты (і не можа не радаваць, што ў беларускай мове наш сэндвіч патроху выцясняе нямецкі бутэрброд).

Прыемна, што па мясцовых тэлеканалах паказваюць кулінарнае шоу Джэймі Олівера. Таксама тут я ўпершыню даведаўся пра Валянціна Уорнера, які вядзе перадачу “Што есці цяпер” на брытанскім тэлебачанні — аб тым, якія прадукты лепш есці ў гэтым сезоне.

А яшчэ мне нязвыкла ўсведамляць, што як мінімум два шоу брытанскіх кухараў паказваюць па мясцовым тэлебачанні, бо я памятаю, як раней у паездках за мяжу мне даводзілася цярпліва выслухоўваць жарты пра «ніякую» брытанскую кухню.

Сітуацыя змянілася, і вось, як мне здаецца, чаму.

Перш за ўсё, у Вялікабрытаніі, як і ў мностве іншых краін, адбылася проста-такі рэвалюцыя поглядаў на здароўе. Цяпер значна больш увагі надаецца прафілактыцы захворванняў, у тым ліку харчаванню. Выраз «Ты тое, што ты ясі» сёння актуальны як ніколі, узяць хоць бы грамадскую кампанію «5 штодзень» якая заклікае брытанцаў штодзень ужываць 5 порцый гародніны і садавіны.

Брытанцы любяць праводзіць адпачынак на поўдні Еўропы, і гэта таксама паўплывала на дыету і асартымент супермаркетаў. Спажыванне аліўкавага алею вырасла за апошнія 25 гадоў амаль у 10 разоў. Адначасова ўзрос попыт і на іншыя складнікі міжземнаморскай кухні.

Адбіліся на харчаванні брытанцаў і перамены ў ладзе жыцця: усё часцей можна сустрэць сем’і, дзе абое бацькоў працуюць і, натуральна, аддаюць менш часу гатаванню ежы. Вынік — рост як колькасці наведвальнікаў у рэстаранах (калі людзі вырашаюць не траціць час на гатаванне), так і попыту на крамныя паўфабрыкаты (у выпадку, калі сям’я вырашае павячэраць дома).

Рост цікавасці да ўстановаў грамадскага харчавання асабліва ярка выявіўся ў Лондане. Павелічэнне попыту на шэф-кухараў і суровая канкурэнцыя паміж рэстаранамі прывялі да ўзнікнення «рэстараннай сцэны», якой не існавала яшчэ ў сярэдзіне 1980-х, калі я толькі пераехаў у Лондан. Вядома ж, у Лондане заўсёды можна было выдатна павячэраць, але цяпер людзі хочуць разнастайнасці.

Менавіта дзякуючы гэтаму ў кухараў з’явіўся шанец праявіць сябе. Пакаленне шэфаў, якія вучыліся кулінарыі ў 80-я гады, цяпер вядзе свае шоу на тэлебачанні. Многія з іх навучаліся ў такіх французскіх майстроў, як браты Мішэль і Альберт Ру, якія прыехалі ў Брытанію ў 60-я, і Раймон Блан, які прыехаў у 70-я.

Магчыма, нашыя кулінарныя шоу больш даступныя за мяжой дзякуючы шырокаму распаўсюджанню англійскай мовы — бо, я ўпэўнены, такія перадачы здымаюць і ў Францыі, і ў Італіі, і ў Іспаніі. А развіццю цікавасці да іх у апошняе дзесяцігоддзе нямала паспрыялі такія шэф-кухары, як Джэймі Олівер, Гордан Рэмсі і іншыя, бо яшчэ ў канцы 90-х — пачатку нулявых перадачы пра садаводства былі нашмат папулярнейшыя.

Рост цікавасці да харчавання выклікаў і павышаную ўвагу да прадуктаў. У нас былі выпадкі з распаўсюджваннем захворванняў у сістэме паставак прадуктаў харчавання, з прычыны чаго людзі пачалі больш уважліва ставіцца да таго, як вырабляецца іх ежа. Сталі папулярныя арганічныя прадукты, і ўзнікла шмат маленькіх крамак і фермерскіх рынкаў, дзе прадаюць мясцовыя прадукты.

Адным з апошніх фактараў росту папулярнасці кулінарных тэлешоу стаў эканамічны крызіс. З падзеннем даходаў людзям стала цяжэй дазволіць сабе выбірацца ў рэстараны, што абумовіла рост цікавасці да гатавання ежы дома. А з улікам недахопу часу і шырокага асартыменту паўфабрыкатаў можна выказаць здагадку, што большасць брытанцаў так і не навучылася прыстойна гатаваць. Цяпер жа гэта можна выправіць з дапамогай тэлешоу.

У нас ёсць традыцыя выпякання тартоў, кексаў і іншых прысмакаў да чаю для чыста брытанскага high ці afternoon tea — літаральна «высокага» або «папаўдзённага чаю», нешта накшталт падвячорка. Нягледзячы на тое, што «высокі чай» з’явіўся толькі ў XIX стагоддзі, брытанцы здаўна любілі паласавацца кавалачкам пірага. Таму нядзіўна, што тэлешоу “The Great British Bake-Off” — спаборніцтва сярод непрафесійных майстроў выпякання — мела грандыёзны поспех.

Некаторыя прыёмы ежы ў Вялікабрытаніі маюць чыста практычную падаплёку. Напрыклад, знакаміты англійскі сняданак з беконам, яйкамі, а таксама ўсім, чаго душа пажадае, — гэта выдатны пачатак дня, які вы сабраліся правесці на прыродзе. А за нядзельным абедам (смажаніна з бульбай і іншай гароднінай) так добра сабраць усю сям’ю, сяброў і пагаварыць пра ўсё на свеце.

Што да самых вядомых страваў нашай кухні, то некаторыя з іх не такія ўжо і брытанскія. Страва fish and chips — смажаная бульба з рыбай — з’явілася толькі 150 гадоў таму. Паасобку інгрэдыенты з’явіліся ў XVII стагоддзі: смажаную ў алеі рыбу гатавалі ўцекачы-габрэі з Іберыйскага паўвострава, а смажаная бульба прыйшла з Бельгіі.

Шчыра кажучы, стравы-ф’южн — наш канёк. Беларусам гэта можа падацца дзіўным, але паводле майго былога выбітнага калегі, нашай нацыянальнай стравай павінная быць англа-індыйская курыца ціка масала, смажаная ў густым соусе кары.

Наогул, зайшоўшы ў любы супермаркет, вы зможаце пераканацца ў неверагоднай папулярнасці страваў з кары. Яшчэ адзін прыклад — паўднёваазіяцкая страва балці (хоць пра яе паходжанне ходзяць спрэчкі).

Любоў да экзатычнай кухні можа здацца дзіўнай нашым еўрапейскім суседзям. Аднак яе карані збольшага ў каланіяльным мінулым нашай краіны. Сёння ў кожным брытанскім мястэчку можна знайсці як мінімум адзін «кітайскі» (але часцей за ўсё гангконгскі) ці «індыйскі» (які, аднак, спалучае кухні некалькіх паўднёваазіяцкіх рэгіёнаў) рэстаран. Не так даўно пачалі з’яўляцца і ўжо даволі шырока распаўсюдзіліся рэстараны тайскай кухні.

Але ў гасцях добра, а дома лепш. Таму мая любімая страва абавязкова павінная быць з падлівай, соусам з соку смажанага мяса — па рэцэпце маёй мамы.