Брытанскія сем’і не толькі актыўна ўдзельнічаюць у выбарах. Яны яшчэ і ў дзяцей з маленства выхоўваюць цікавасць да палітыкі. Пра гэта, а таксама пра тое, чаму Брус Бакнэл сумуе па дэмакратычных дэбатах і як яны маглі б дапамагчы беларускму ўраду, – сённяшні пост Амбасадара Яе Вялікасці для ”Будзьма!”.
У маёй сям’і заўсёды жыва цікавіліся палітыкай. Бацькі актыўна ўдзельнічалі ў мясцовым палітычным жыцці, у вольны час наведваючы сходы і грамадскія мерапрыемствы ў падтрымку сваёй партыі. Не памятаю, каб я пытаўся ў іх, чым была абумоўленая гэтая цікавасць, але мы часта абмяркоўвалі, што трэба зрабіць для краіны і чым палітыка адной партыі лепшая за палітыку іншай партыі.
Падчас выбараў мае бацькі апытвалі суседзяў, за каго тыя збіраліся галасаваць. Не ўпэўнены, наколькі часта яны адгадвалі, але добра памятаю, як мама з татам разразалі спісы выбаршчыкаў на часткі і наклейвалі іх на кардон, а імёны акуратна падкрэслівалі: блакітным — за кансерватараў, аранжавым — за лібералаў, чырвоным — за лейбарыстаў. Затым, па меры атрымання дадзеных ад так званых лічыльнікаў, якія адзначалі яўку каля кабінак для галасавання, насупраць імёнаў выбаршчыкаў, што ўжо прагаласавалі, ставіліся птушачкі.
Першыя выбары, якія я запомніў, — гэта дзве кампаніі, якія прайшлі ў 1974 годзе. Падчас першай, у лютым, урад кансерватараў атрымаў больш галасоў на нацыянальным узроўні, чым партыя лейбарыстаў, але менш месцаў у парламенце. Лейбарысты сфармавалі мінарытарны ўрад і ў хуткім часе, у кастрычніку, зноў зладзілі выбары. Тады яны атрымалі і больш галасоў, і больш месцаў у парламенце, хоць іх перавага ў Палаце абшчын была вельмі малой.
Я памятаю, якім несправядлівым здаваўся мне вынік. І яшчэ я памятаю, як па-філасофску на гэта адрэагаваў мой бацька (бо мае бацькі былі кансерватарамі). Гэта ўсё сістэма, сказаў ён тады. Вядома, мой бацька быў незадаволены вынікам, але ён нагадаў мне, што праз пяць гадоў зноў будуць выбары, і тады ў людзей зноў будзе магчымасць выбраць сабе ўрад. Так і здарылася — у 1979 годзе на выбарах перамагла Маргарэт Тэтчэр.
Нашая, брытанская, форма дэмакратыі прадугледжвае правядзенне выбараў у 650 выбарчых акругах, дзе кандыдаты спаборнічаюць за права прадстаўляць дадзены рэгіён у парламенце. Кандыдат, які атрымаў большасць галасоў, выйграе. Канечне, гэтая сістэма зноў можа прывесці да такога ж выніку, як і ў лютым 1974-га. У іншых дэмакратычных дзяржавах існуюць сістэмы выбараў па партыйных спісах: сябры парламента выбіраюцца прапарцыйна колькасці галасоў, атрыманых кожнай партыяй. У некаторых краінах, напрыклад у Аўстраліі, дзейнічае «сістэма адзінага перадаванага голасу»: выбаршчыкі галасуюць за кандыдатаў у парадку перавагі. Галасы, аддадзеныя за кандыдатаў з найменшай колькасцю галасоў, перадаюцца іншым кандыдатам у адпаведнасці з другімі прэферэнцыямі выбаршчыкаў, пакуль хто-небудзь не набярэ 50% галасоў.
Але ключавыя элементы аднолькавыя ўсюды. Па-першае, ёсць сістэма. Па-другое, ва ўсіх грамадзян адпаведнага ўзросту ёсць права голасу. І па-трэцяе, выбары праводзяцца рэгулярна, і склад урада можа мяняцца.
Час ад часу ўзнікае незадаволенасць тым, што дэмакратыя не працуе. Тым, што ў грамадзян абмежаваны выбар. Тым, што голас аднаго грамадзяніна не можа змяніць сітуацыю ці не лічыцца зусім.
Гэта разумеў і Ўінстан Чэрчыль. У 1947 годзе, калі мінула толькі два гады пасля паразы яго партыі на выбарах (нягледзячы на тое, што ён займаў крэсла прэм’ер-міністра падчас Другой сусветнай вайны і быў сапраўды вялікім лідарам), ён сказаў наступнае:
«Шмат формаў праўлення ўжывалася і яшчэ будзе прымяняцца на гэтым грэшным свеце. Усе разумеюць, што дэмакратыя недасканалая. Правільна было сказана, што дэмакратыя — найгоршая форма праўлення, за выключэннем усіх астатніх, якія спрабаваліся час ад часу…»
Churchill Press Photographs © All rights reserved
Падчас выбараў урад імкнецца ўзаконіць сам сябе. Ён павінен даць справаздачу аб сваіх дзеяннях перад народам і заручыцца яго падтрымкай. У нашай, брытанскай, сістэме, кожны сябра парламента павінен атрымаць галасы большасці выбаршчыкаў у сваёй акрузе.
Адзін голас нічога не мяняе, але калі іх сабраць разам, галасы вызначаюць вынік выбараў. А выбары даюць магчымасць выбару і прапаноўваюць альтэрнатыўныя сцэнары развіцця падзей.
Мае веды ў этымалогіі не надта глыбокія, але мне здаецца правільным, што беларускі пераклад слова election супадае з значэннем слова choice — выбары. А пераклад слова vote таксама азначае голас (voice). Адзін голас сам па сабе значыць няшмат, але мноства галасоў разам стварае немалы шум.
Калі мяне пытаюць пра адрозненні паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю, перш за ўсё я прыгадваю дэмакратычныя дэбаты. Я сумую па ажыўленых спрэчках аб тым, што ўрад павінен ці не павінен рабіць — як звычайна і адбываецца ў нашым парламенце. Менавіта з дапамогай такіх спрэчак урад мае магчымасць працаваць у інтарэсах грамадзян.
Некалькі дзён таму было свята Кастрычніцкай рэвалюцыі — тады перамены наступілі зусім іншым шляхам. За рэвалюцыяй адбыліся жудасная вайна, голад, прымусовая калектывізацыя і шмат чаго іншага. Таксама нядаўна я наведаў месца масавых расстрэлаў у 1930-я пад Мінскам.
Тады мне падумалася: колькі жыццяў было загублена і колькі пакутаў перанесена, каб надышлі перамены. У гэтым трагедыя Расіі і яе краін-суседак, калі яны спрабавалі знайсці новую форму праўлення пасля развалу імперыі пад ціскам мабілізацыі грамадства падчас Першай сусветнай вайны.
Усё гэта, здаецца, адбывалася ў свеце, адрозным ад таго, у якім мае бацькі вечарамі ў спакойнай сямейнай атмасферы вялі гутаркі пра палітыку. І менавіта таму я перакананы прыхільнік дэмакратыі, дзе ў кожнага ёсць голас і выбар.
Брус Бакнэл