«Гэта спроба паставіць кропку»: музыка Піт Паўлаў пра апошні альбом N.R.M. і сюрпрызы, якія будуць

Беларускі гурт N.R.M. збіраецца выдаць новы альбом пад назвай «APOŠNi» і запусціў з гэтай нагоды краўдфандынгавы збор. «APOŠNi» пазіцыянуюць як музычнае сведчанне эпохі. Вайб альбома — атмасфера настальгіі па часах, калі N.R.M. мог граць на Радзіме, разам з пошукам адказаў, як рухацца далей
Reform.news спытаў у фронтмена группы N.R.M Піта Паўлава, чаму гэты альбом апошні, і пра тое, якой ён бачыць музыку нашых часоў.

Pit Paŭlaŭ
Піт Паўлаў на Еўрарадыё. Фота: facebook/PitPaulau

— Слова «апошні» ў назве альбома выглядае як дэкларацыя...

— Гэта спроба паставіць кропку. Таму што цяпер N.R.M. не функцыянуе як нармальны гурт, бо мы жывём не проста ў розных гарадах, а ў розных краінах.

Складанасць у тым, што мы не можам рэгулярна працаваць. Аднак ёсць вельмі якасны матэрыял і людзям вельмі падабаюцца нашыя песні, якія мы граем, калі ў нас атрымліваецца сабрацца.

«Апошні» — сапраўды дэкларацыя. У мяне заўсёды ў прыярытэце быў N.R.M. — гэта галоўны гурт, галоўная справа жыцця. Магчыма, у гэтым і ёсць мая памылка, бо ў такіх умовах цягнуць брэнд вельмі складана.

— Вы не просіце грошай на выданне, а прапаноўваце фармат падпіскі. Як гэта працуе?

— Калі людзі хочуць мець альбом, яны могуць яго набыць. Гэта так званая падпіска. Як гэта часта адбываецца ў кнігавыдавецтве: ты набываеш кніжку па падпісцы. Потым яе друкуюць і табе высылаюць. Тое ж самае, нават прасцей, будзе з альбомам.

У той момант, як мы яго запішам, чалавек, якія яго набыў, атрымае доступ, спампуе сабе на тэлефон.

Прычым спампаваць можна будзе ў двух выглядах: у студыйнай якасці і ў фармаце mp3, каб запіс не займаў шмат месца на тэлефоне.

Як ні дзіўна, вялікая колькасць людзей хочуць мець апошні альбом у сваёй CD-калекцыі. Гэта ўжо восьмае выданне ў шэрагу нашых студыйных альбомаў.

Нехта хоча мець вініл. Вініл нельга зрабіць адзін, патрэбны наклад. Таму мы чакаем, каб з‘явілася пэўная колькасць людзей, якія б набылі гэты вініл, і тады яны яго атрымаюць.

Яшчэ адну таямніцу раскрыю. Сённяшні дызайн — не канчатковы. Дызайн альбома паабяцаў зрабіць Уладзімір Цэслер. Ён гатовы зрабіць яго бясплатна, але я б хацеў частку гэтага збору накіраваць на аплату яго працы.

Жывыя канцэрты таксама запланаваныя...

— Давайце да зместу... Маршы, рэпрэсіі, вайна і вось мы тут. То-бок усе гэтыя настроі — ад высокай ноты да самай нізкай — увасобіліся ў кампазіцыях?

— Нечакана я адчуў, што песні выбудоўваюцца ў нейкую рок-оперу. Там няма адной гісторыі, але яе можна напісаць. Яны нечакана ўкладаюцца ў гэтую крывую — гнеў — прыманне і гэтак далей... Таксама там вельмі шмат надзеі, бо кожная праблема мае рэцэпт вырашэння. Такое ёсць амаль у кожнай песні. Хоць у некаторых кампазіцыях ёсць адчуванне глухой сцяны.

— Якога часу песні ў альбоме?

— Некаторыя песні напісаныя яшчэ да 2020-га. Яны больш філасофскія і больш экзістэнцыяльныя. Пэўныя разважанні над лёсам дарослага чалавека.

Такіх дзве. Астатнія напісаліся падчас падзеяў 2020 года — нібы на галаву зваліліся. Гэта была спроба выявіць унутраны стан. Цяжка расказваць пра песні словамі. Можна было б цытаваць тэксты, але тэксты вельмі моцна прывязаныя да музыкі. Там ёсць тыповы энэрэмаўскі накат, нават можна сказаць — удар. Амаль ва ўсіх песнях ёсць гэты ўдар. Адна песня была напісана як калыханка, напэўна, яна будзе апошняй. Але нават у гэтай калыханцы ў адным месцы нечакана з‘яўляецца выбух. Мы паміж сабой вырашалі, што, можа, гэтае месца варта ўлагодзіць, але яно не лагодзілася. Гэты надлом пасярэдзіне застаўся там як арганічная частка.

Калыханка — разважлівая і пяшчотная, але яна не для чалавека, а для горада. Для нашага горада.

— Горад паламалі... Чым вылучаюцца з агульнай плыні песні эміграцыі?

— У гэтым альбоме няма эміграцыі. Ёсць тое, што дапісвалася ў эміграцыі, але гэта ўсё яшчэ той мінулы настрой.

Я ўпэўнены, што мы павінны перамагчы, хоць усё расцягнулася. Аднак тады жыло ўражанне, што перамога настане хутка. І ў гэтым настроі ўсё песні былі напісаныя. І таму там вельмі шмат надзеі. Але сёння гэта выглядае вельмі па-свежаму, слухачам адгукаецца.

Аднак з той прычыны, што перамога яшчэ не здзейснілася, у некаторых людзей падступае да горла камяк, але я не баюся гэтага стану. Бо гэта пра нас. Я пэўныя песні сам не мог выконваць. Калі гэтыя словы спяваў пад музыку, мне перасмыкала звязкі, не мог спяваць. Зараз я з сабой парадзіў і супакоіўся.

«Гэта спроба паставіць кропку»: музыка Піт Паўлаў пра апошні альбом N.R.M. і сюрпрызы, якія будуць

Skryn klipa «Tu, tu-tu-tu, Tyt»
Скрын кліпа «Tu, tu-tu-tu, Tyt»

— Раз мы закранулі 2020 год. Калі згадаць музычны фон нашай рэвалюцыі... Чаму былі такія песні? Чаму «Тры чарапахі», чаму «Купалінка», калыханка?

— «Тры чарапахі» — таму што народная. Гэта самая папулярная песня самага папулярнага гурта. «Муры» і «Перамен» — тэматычныя. А «Тры чарапахі» — самая вядомая.

Словы там вельмі трапныя, яны апісваюць сітуацыю, калі нічога не мяняецца. Гэта апісанне сітуацыі стабільнасці, якая настолькі нераўнаважная, што яна мусіць абрынуцца. На мой погляд, гэта геніяльнае празрэнне, трапная метафара апісання гэтай бязглуздай стабільнасці, якая адмаўляе рэчаіснасць.

Але ж мы разумеем, што сюрпрызы будуць.

— А «Купалінка» і калыханка?

У нашай рэвалюцыі было шмат песень, але гэтыя тры, напэўна, галоўныя.

«Купалінка» — вельмі вядомая песня, яна як генатып беларускасці.

— Пазнака нашай ідэнтычнасці?

— Так, людзі зацікавіліся сваім. Гісторыкі ездзілі па гэтых дварах як рок-зоркі. Філосафы... Я бачыў людзей, якія ніколі ў жыцці не ведалі ніякага N.R.M. ці Піта Паўлава, а тут зацікавіліся. Напрыклад, я даў каля 130 канцэртаў, двары былі поўныя, з вокан глядзелі.

Людзі раптам адчулі сябе свядомымі беларусамі, узгадалі сваю мову, натуральна сюды кладзецца пошук песні. І гэта, канечне ж, «Купалінка».

Pit Paŭlaŭ
Піт Паўлаў у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: facebook/PitPaulau

— Якая ў вашым рэпертуары была самая папулярная песня?

— Я спяваў толькі свае новыя песні. Нехта намаляваў мой партрэт у стылі коміксу і на адваротным баку размясціў 7-8 маіх новых песень. Яго раздавалі ў дварах. І там былі песні з майго новага праекта «Зброя, золата, кабеты» з альбома N.R.M. І абавязкова «Тры чарапахі» і «Простыя словы». У пятніцу — два, у суботу — тры канцэрты былі, у панядзелак — адпачынак, ад аўторка кожны дзень я выступаў у розных дварах.

— Як змяніліся сёння настроі вашай публікі?

— Зараз я прыехаў з самага вялікага тура ў сваім жыцці, аб‘ехаў 15 краін за 20 дзён. Пачаў з Хельсінкі, Талін, Рыга, Вільня, Варшава і далей. Амаль у кожным горадзе граў «Tu, tu-tu-tu, Tyt» — песню пра тых, хто быў вымушаны пакінуць Радзіму, хто пракладае новыя маршруты, але сэрцам застаецца ў Беларусі і там, дзе ідзе вайна.

— Яна будзе ў альбоме?

— Не, яна з іншай энергіяй, па-іншаму зроблена. Яна не энэрэмаўская.

Што да настрояў публікі... Моцная настальгія. Сустракаюць са слязьмі. Але драйв застаўся.

Мая місія — аб‘яднаць людзей. Бо людзі раз‘ядноўваюцца і ў нейкі момант думаюць, што ўжо ўсё, яны ўжо канчаткова ў Балонні. І нечакана прыязджае знаёмы музыка, яны збіраюцца, чуюць родную мову, спяваюць любімыя песні — і ўсё вяртаецца.

Паказваюць мне фоткі дваццацігадовай даўніны з канцэртаў N.R.M., а мне там 25. Усё гэта ператвараецца ў вяртанне, падарожжа праз усё жыццё.