30 чэрвеня 60-гадовы юбілей святкуе Лявон Юрэвіч — вядомы беларускі архівіст, гісторык літаратуры, бібліёграф, крытык, публікатар шматлікіх дакументаў і мастацкіх тэкстаў беларускай эміграцыі, якія, дзякуючы яго нястомнай дзейнасці, рэгулярна ўваходзяць у навуковы ўжытак.
Крыніца: svaboda.org
Будучы даследчык спадчыны беларускай эміграцыі нарадзіўся ў Мінску. Маці, Алена Юрэвіч, была вядомым лінгвістам. Яшчэ за савецкім часам Лявон удзельнічаў у нефармальных беларускіх аб’яднаннях, у тым ліку ў «Майстроўні».
Скончыў філфак у Мінскім педагагічным універсітэце. Выкладаў беларускую мову ў Мінскім пэдінстытуце замежных моваў. У 1990 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуразнаўства пры АН БССР.
У 1993 годзе Юрэвіч выехаў у ЗША, дзе ўзяўся за вывучэнне архіваў беларускай эміграцыі, рабіў інтэрв’ю з патрыярхамі дыяспары, даследаваў фотаздымкі і артэфакты. З таго часу выйшла безліч кніг, зборнікаў і артыкулаў, укладзеных Лявонам Юрэвічам.
На сёння Лявон Юрэвіч — адзін з найбольш аўтарытэтных і абазнаных даследчыкаў беларускай дыяспары ў свеце. Мае дзве навуковыя ступені: у філалогіі і бібліятэказнаўстве. Сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку, сябра Рады БНР, сябра Вялікай рады МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына«(ліквідавана беларускімі ўладамі ў 2021 годзе).
Плён Лявона Юрэвіча — тысячы старонак уплывовага навуковага альманаха «Запісы БІНіМ», дзясяткі ўнікальных па-майстэрску напісаных кніг, часта ў суаўтарстве з даследчыцай Наталляй Гардзіенка.
Лявон Юрэвіч — аўтар даследаванняў «Архіўная кніга» (Нью-Ёрк, 1997), «Беларуская мемуарная літаратура на эміграцыі» (Нью-Ёрк, 1999), «Каментары» (Мн., 1999), «Жыцьцё пад агнём: Партрэт беларускага ваеначальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі» (Менск, 1999), «Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу Беларускай моладзі» (Менск, 2001), «Літаратурны рух на эміграцыі» (Менск, 2002), «Мемуары на эміграцыі» (Менск, 2005), «Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус» (1947–2000)» (Менск, 2006), «Шматгалосы эпісталярыюм» (Мінск, 2012), «Жанры» (Мінск, 2013), «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» (у суаўтарстве з Наталляй Гардзіенка, Нью-Ёрк — Вільня — Беласток, 2023).
Манаграфіі, падрыхтаваныя з удзелам спадара Лявона, запаўняюць культурныя і гістарычнія прабелы, спалучаюць захапляльны аўтарскі стыль з глыбокім аналізам матэрыялу, скіраваным на праблематызацыю гісторыі, разбурэнне догмаў і падштурхоўванне літаратура- і эміграцыязнаўчай навукі да развіцця. Кожная з іх доўгачаканая, выхад кожнай робіцца буйной падзеяй у навуковым асяродку.
У 2025 годзе Лявон Юрэвіч быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны ад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Рэадакцыя Budzma.org сардэчна віншуе шаноўнага юбіляра са святам. Зычым добрага здароўя, дабрабыту, натхнення ў працы, энергіі на новыя дасягненні і адкрыцці.