4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Шэкспір у 600 словах*

“Шэкспіра паважалі не заўсёды: прызнанне яго генія — заслуга навуковых прац Сэмюэла Джонсана і іншых. Яны зразумелі, што Шэкспір ​​паказвае людзей такімі, якімі яны ёсць, не надаючы ім звышчалавечых якасцяў. Ён апісваў рэальных, жывых людзей, а не ідэал”. Ці спадабалася б Шэкспіру ўсё, што пішуць пра яго сёння? Чаму ён стаў настолькі важным для сусветнай культуры? З нагоды юбілею Уільяма Шэкспіра, які адзначаюць у гэтыя дні брытанцы і ўвесь свет разам з імі, Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл дзеліцца з намі сваімі развагамі пра гэтага загадкавага чалавека.

Шэкспір ​​нарадзіўся 450 гадоў таму, магчыма, у той жа дзень, што і памёр праз 52 гады — 23 красавіка. Ён быў сынам купца са Стратфарда ў цэнтральнай Англіі. Імаверна, ён хадзіў у гарадскую школу, дзе вывучаў лацінскую мову і літаратуру, дзякуючы чаму развіў пісьменніцкі талент.

Ён ажаніўся ў 18 гадоў, а праз паўгода нарадзілася яго першая дачка. Праз некалькі гадоў ён прыехаў у Лондан і ўліўся ў мясцовае тэатральнае жыццё, зрабіўшыся галоўным драматургам і акцёрам. П’есамі Шэкспіра захаплялася каралева Елізавета і яе пераемнік кароль Якаў, які спрыяў яго трупе.

За тры гады да смерці Шэкспір ​​пакінуў працу ў тэатры і вярнуўся ў Стратфард. Яго паэзія і проза мелі такі камерцыйны поспех, што выдаўцы прыпісвалі яго аўтарства чужым творам. Пасля смерці драматурга было выдадзена некалькі варыянтаў поўнага збору яго твораў.

uiljyam_shekspir

Чаму ж гэты загадкавы чалавек настолькі важны?

Толькі пра нямногія падзеі яго жыцця мы ведаем напэўна. Захавалася велізарная колькасць твораў, напісаных Шэкспірам, хоць некаторыя лічаць, што яны належаць пяру іншых аўтараў. Гэтыя творы, поўныя мудрасці і гуманізму, дакладна апісваюць нашыя пачуцці. І яны да сёння гучаць актуальна.

Санеты Шэкспіра-паэта пра любоў да смуглявай лэдзі былі папулярныя сярод сучаснікаў. Майстар слова, ён узбагаціў родную мову новымі словамі і словазлучэннямі. Яго афарызмы не страцілі сэнсу і сёння: дзейнічаць «хутчэй з сумам, чым з гневам», «заўсёды ў душы злачыннай падазрэнні», «рабіць з патрэбы дабрачыннасць».

Кіруючыся прынцыпам «Сцісласць — сястра таленту», Шэкспір ​​часта скарачаў сказы. Сёння, праз 400 гадоў, каб зразумець, што ён меў на ўвазе, нам неабходна зазіраць у каментары. Здаралася так, што мова яго п’ес была поўная «шуму і лютасці», а акцёры, выконваючы свае ролі, выказвалі то гонар, то хваляванне; але не заўсёды ў п’есах прысутнічалі рыфма і сэнс.

Гэта здаралася таму, што Шэкспір пісаў эмоцыі, далёка не заўсёды паслядоўныя. Ён даследаваў псіхалогію сваіх вялікіх персанажаў: рэўнасць Атэла, экзістэнцыйную нерашучасць Гамлета, амбіцыі Макбета. Ён разумеў і іх слабасць перад тварам лёсу, і іх жыццёвыя дылемы.

У 37 п’есах, якія, як мяркуецца, напісаў Шэкспір, ён ​​расказаў нам дзіўныя гісторыі пра вар’яцтва юнацкага кахання, наступствы вераломства, рытарычныя маніпуляцыі і многае іншае. Апавядае ён і пра гісторыю ангельскіх каралёў, іх рызыкоўныя ўчынкі і лёсы.

Ён разыгрываў камедыі з сітуацый, калі аднаго чалавека прымалі за іншага, са слепаты няшчаснага кахання і жартаў аднаго персанажа з іншага. Нярэдка Шэкспір ​​брыдкасловіў: яго гульня словаў магла быць даволі грубай.

Не ўсім прыходзілася даспадобы тое, як ён мяшаў камічнае з трагічным. Самыя актыўныя крытыкі Шэкспіра — а гэта Вальтэр (які спачатку быў яго прыхільнікам), Талстой і Шоу — знаходзілі маральныя і эстэтычныя недахопы ў яго творах. Ім не падабалася двухсэнсоўнасць і заганы яго персанажаў. Магчыма, гэта была рэакцыя на шэкспіраманію: яна асабліва распаўсюдзілася сярод англійскіх пісьменнікаў-рамантыкаў, якія адчувалі сябе ў цені ягонага поспеху, а таксама на замежных прыхільнікаў, такіх як Гётэ і Гюго.

Шэкспіра паважалі не заўсёды: прызнанне яго генія — заслуга навуковых прац Сэмюэла Джонсана і іншых. Яны зразумелі, што Шэкспір ​​паказвае людзей такімі, якімі яны ёсць, не надаючы ім звышчалавечых якасцяў. Ён апісваў рэальных, жывых людзей, а не ідэал.

І хай сёння вядуцца спрэчкі аб жыцці і аўтарстве твораў Шэкспіра, яму самому гэта хутчэй за ўсё спадабалася б. Ён меў вялікі дар, і нам не варта варушыць яго мінулае. Бо для яго самога важнейшай за ўсё заўсёды была гульня.

* Паводле падлікаў, толькі ў «Гамлеце» Шэкспір ​​прыдумаў 600 новых словаў.

Брус Бакнэл