Брытанскі спартыўны шавінізм і рамантычная любоў да аўтсайдараў. Сёння, у святочны для кожнага аматара футбола дзень адкрыцця Чэмпіянату свету ў Бразіліі, Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл вырашыў, скарыстаўшыся момантам, нагадаць, што Вялікабрытанія — радзіма гэтай захапляльнай гульні, і падзяліцца сваімі думкамі пра месца і ролю футбола ў жыцці кожнага брытанца.
Брытанія падарыла свету гэтую «прыгожую гульню» — футбол. У 1863 годзе мы прыдумалі правілы, якія з цягам часу сталі стандартам, у 1888 арганізавалі першую прафесійную лігу, а ў 1872 — першы міжнародны матч (паміж Англіяй і Шатландыяй) — карацей, распаўсюдзілі гульню па цэлым свеце.
Каманды ў іншых лігах носяць англійскія назвы: Milan (не Milano, заснаваная ў 1899 годзе), River Plate (1901) і Corinthians of Sao Paolo (1910). Таму кожны раз, калі Брытанія прымае спаборніцтвы высокага ўзроўню, мы кажам: «Футбол вярнуўся на радзіму».
Мабыць, чытачы палічаць гэта шавінізмам, але я думаю, што аматары спорту з Вялікабрытаніі маюць змешаныя пачуцці да футбола. Нам ён падабаецца, але ў глыбіні душы мы крыху шкадуем, што іншыя народы і каманды дамагліся ў футболе большых поспехаў, чым мы самі.
Гісторыя ўдзелу нашых каманд у спаборніцтвах далёкая ад выдатнай. Усяго аднойчы, у 1966 годзе, Англія выйграла кубак свету на сваім полі, але яшчэ ніводная брытанская каманда не здолела дайсці да фіналу еўрапейскага чэмпіянату. Значна больш нам шанцуе ў клубных спаборніцтвах: “Ліверпуль”, “Манчэстэр Юнайтэд” і “Чэлсі” — усе перамагалі ў Лізе Чэмпіёнаў. Але зноў жа, у апошні час усе гэтыя каманды складаюцца ў асноўным з небрытанцаў.
Брытанская футбольная традыцыя заснаваная на энергічным, відовішчным стылі гульні, багатым на падзеі ў зоне брамы. У той жа час іншыя каманды развівалі больш тэхнічны падыход, надаючы больш увагі ўменню кантраляваць мяч і ўтрымліваць валоданне ім.
Нават цяпер некаторыя брытанскія каманды выкарыстоўваюць тактыку доўгіх перадач для стварэння галявых момантаў.
Футбол больш не нашая ўласнасць. Хоць мне і падабаецца, што матчы ў англійскай прэм’ер-лізе ўсё такія ж захапляльныя, сёння яна больш падобная да іншых еўрапейскіх лігі: дамінуюць адны і тыя ж каманды, якія гуляюць у тым жа стылі, што і ўсюды.
Ёсць у нас адна адметная брытанская рыса: мы любім, калі перамагае аўтсайдар — underdog.
Паняцце “underdog” (літаральна — ніжні сабака) вельмі дарагое брытанцам. Гэты тэрмін, імаверна, паходзіць з палявання на мядзведзяў: так называлі сабаку, які нападаў на мядзведзя знізу, і таму падвяргаўся большай рызыцы, чым top dog — верхні сабака. Сёння мы ўжываем гэтае слова, калі гаворым пра таго, каму менш шанцуе, хто меншы або слабейшы. Я спрабаваў знайсці пераклад у розных мовах, але, здаецца, яго няма. Underdog, відавочна, — элемент чыста брытанскага светапогляду.
У гісторыі можна знайсці мноства прыкладаў перамогі слабейшага саперніка. Нават у Бібліі Давід перамагае Галіяфа. Не толькі брытанцы жадаюць перамогі аўтсайдарам: я заўважыў, што большасць немцаў за межамі Мюнхена балелі за Дортмунд.
У нашай мове ёсць і іншыя спартыўныя тэрміны, якія адлюстроўваюць больш глыбокія ідэі. Мы любім «сумленную гульню» (fair play) паміж двума бакамі на «адзіным ігравым полі» (a level playing field). Мы добразычлівыя да «старанных гульцоў» (trier) і велікадушныя ў дачыненні да тых, хто «не сумуе пры пройгрышы» (good losers). А пераможцы, якія адчуваюць «галавакружэнне ад поспехаў» (go to their head), выклікаюць у нас раздражненне.
У школе нас вучаць, што галоўнае не перамога, а ўдзел. Брытанцы аддаюць перавагу аматарам — тым, хто гуляе для задавальнення, а не прафесіяналам, якія гуляюць за грошы. Доўгі час мы пагарджалі прафесіяналамі ў розных галінах.
Гэта не значыць, што мы не любім пераможцаў. Нашыя поспехі ў некаторых відах спорту паказалі, што мы здольныя ўшаноўваць сваіх пераможцаў. А калі мы вельмі пастараемся, то можам дасягнуць найвышэйшага ўзроўню прафесіяналізму.
Мне здаецца, што павышаная ўвага брытанцаў да аўтсайдараў адлюстроўвае рамантычныя рысы нашага характару. Мы любім, каб у жыцці былі сюрпрызы і разнастайнасць, таму хочам, каб здаралася неспадзяванае, выйгравалі невідавочныя кандыдаты і вынік быў непрадказальны.