Цікавыя і змрочныя: падарожжа па славутых беларускіх сутарэннях

Легенды гавораць, што багата гарадоў і мястэчак Беларусі пранізаныя падземнымі галерэямі, у якіх калісьці маглі праехаць нават карэты. Але дзе заканчваюцца гарадскія легенды і пачынаецца праўдзівая гісторыя?

Сённяшні наш маршрут пралягае не праз парадныя залі, а праз халодныя. Даследуйма беларускі «андэрграунд»!

Глыбокае: лабірынты кармелітаў

Глыбокае — старажытны горад на Віцебшчыне, першая згадка пра які датуецца 1414 годам. Назва паходзіць ад тутэйшага возера Глыбокае. У 1812 годзе тут бываў Напалеон Банапарт. Кажуць, ён быў настолькі ўражаны Глыбокім, што шкадаваў, чаму не можа «перанесці яго ў Парыж». З Глыбоччынай павязаны славуты беларускі мастак і летуценнік — Язэп Драздовіч. Цяпер горад вядомы праз мясцовае згушчанае малако.

Hlybokaje
Глыбокае. Фота: bel.wikipedia.org

Цэнтр Глыбокага аздабляе прыгожая праваслаўная царква Раства Багародзіцы — колішні касцёл Успення Багародзіцы, які будаваўся для ордэна кармелітаў у XVIII ст. Храм з’яўляецца выдатным узорам віленскага барока. Пры царкве захаваліся кляштарныя манастырскія будынкі з глыбокімі сутарэннямі.

Fasad kasciola
Фасад касцёла. Фота: bel.wikipedia.org

Сутарэнні двухпавярховыя. Два стагоддзі гэтыя халодныя скляпы былі апошняй пахавальняй для манахаў ордэну кармелітаў. Тут жа былі пахаваны рэшткі Язэпа Корсака, знакамітага ваяводы і мецэната (праўда, пазней нашчадкі настаялі на таемным перапахаванні). У 1878 г. касцёл ператварыўся ў праваслаўную Раства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус быў перададзены гарадской паліцэйскай управе.

Sutarenni carkvy
Сутарэнні царквы. Фота: holiday.by

Sutarenni carkvy
Сутарэнні царквы. Фота: holiday.by

У сутарэннях захаваліся нішы-калумбарыі, дзе раней спачывалі манахі. У савецкі час тут была вязніца, і на сценах дагэтуль можна знайсці надрапаныя надпісы вязняў. Сёння можна на свае вочы ўбачыць гэтую падземную частку храма. Праўда, большасць хадоў і тунэляў ужо засыпаныя. Але вось цэнтральная частка яшчэ даступная для прагляду. Дзякуючы працы валанцёраў тут досыць чыста, а ўсе знойдзеныя экспанаты аформлены ў малюсенькія экспазіцыі. 

Трэба зайсці ў сабор і папрасіць аб экскурсіі ў падзямеллі. Мясцовыя святары і праваднікі вельмі прыязныя і часта водзяць туды групы (і нават самотных турыстаў). Гэта адно з нешматлікіх месцаў, дзе склепы афіцыйна ўключаны ў агляд.

Нясвіж: скарбніца Радзівілаў (Крыпта)

Найбольш вядомае з турыстычнага пункту гледжання места. Старадаўні горад, назва якога паходзіць, як лічыцца, ад спалучэння словаў «ня свіж (свіж — сінонім балота, дрыгвы)», то-бок сухое, незабалочанае месца. Слава і росквіт Нясвіжа звязаныя перадусім з родам Радзівілаў. 

Крыштаф Радзівіл Сіротка разбудаваў тутэйшы палац і запрасіў у горад ордэн езуітаў, для каторых быў збудаваны Касцёл Божага Цела (1593 г.) — першы барочны касцёл у Рэчы Паспалітай і другі ў Еўропе.

Fasad kasciola ŭ Niasvižy
Фасад касцёла ў Нясвіжы. Фота: myplaces.by

У сутарэннях касцёла Крыштаф Сіротка заснаваў радавую крыпту. 

Interjer kasciola Božaha Ciela
Інтэр’ер касцёла Божага Цела. Фота: bel.wikipedia.org

Гэта адзіны некропаль такога маштабу ва Усходняй Еўропе і другі ў Еўропе па сваім значэнні і маштабах пасля фамільнага склепу Габсбургаў у Вене.

Крыштаф Сіротка пасля паездкі ў Егіпет атрымаў дазвол ад Папы на стварэнне сямейнага склепа, дзе целы не замуроўваліся ў сцены, а стаялі ў трунах. Тут ляжыць Эльжбета Радзівіл, якая памерла ў 2021 годзе ва ўзросце 103 гадоў, — апошні непасрэдны жыхар Нясвіжскага палаца.

Krypta RadzivilaŭКрыпта Радзівілаў. Фота: niasviz-kosciol.by

Krypta Radzivilaŭ
Крыпта Радзівілаў. Фота: niasviz-kosciol.by

Труны-саркафагі выглядаюць разнастайна. Некаторыя з іх акаваныя жалезам, іншыя простыя. Ёсць легендарны «Гарбаты саркафаг» (вакол якога існуюць дзясяткі міфаў, хоць насамрэч там проста знаходзіцца ваза з бальзамаванымі органамі ў падножжы).

Sarkafahi ŭ krypcie
Саркафагі ў крыпце. Фота: bel.wikipedia.org

Крыпта знаходзіцца ў падзямеллі Фарнага касцёла Божага Цела. Яна адкрыта для наведвання ў гадзіны працы касцёла (звычайна з 10:00 да 18:00, з перапынкам на службу). На ўваходзе звычайна просяць невялікі ахвяравальны ўзнос.

Пінск: падземны калегіум

Езуіцкі калегіум у Пінску быў адным з найбагацейшых у Рэчы Паспалітай. Збудаваны ў XVII стагоддзі, комплекс знаходзіцца ў цэнтры горада, на гістарычным Рынку, на беразе ракі Піна.

Jezuicki kaliehium
Езуіцкі калегіум. Фота: bel.wikipedia.org

Будынкі кляштара з’яўляюцца прыгожым творам архітэктуры віленскага барока. Заснаваны як езуіцкі комплекс, кляштар на працягу гісторыі пераходзіў да ўніятаў і праваслаўных, а ў 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі ордэну езуітаў, у 1923 годзе аднавілася дзейнасць калегіума. У 1939 годзе ўлады СССР зачынілі калегіум. 

У 1995 годзе скончылася рэстаўрацыя калегіума і ў будынку размясціўся Музей Беларускага Палесся.

Падзямеллі езуіцкага комплекса — сапраўдны інжынерны цуд. 

Сутарэнні будаваліся з улікам багністай мясцовасці. Сістэма дрэнажу і вентыляцыі там працавала так ідэальна, што нават праз 300 гадоў у склепах амаль няма цвілі. Масіўныя скляпенні трымаюць на сабе велізарны будынак. Тут захоўваліся бібліятэкі, запасы ежы і віна, а таксама меліся карцары для непаслухмяных студэнтаў. 

Пасля таго, як у 1773 годзе ордэн езуітаў быў распушчаны, на загад уніяцкіх біскупаў сутарэнні былі закрытыя. Часткова падземнае скрыжаванне пад калегіумам выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэб. У 1830 годзе да кіраўніцтва духавенства звярнуліся расійскія ваенныя ўлады з прапановай уладкаваць у падзямеллі турму для манахаў розных канфесій, замяшаных у антырасейскім паўстанні. За ноч усе асноўныя хады былі замураваны, а рысункі схаваныя. Так Пінск і не атрымаў падземную турму. Па вяртанні ў 1919 годзе езуіты аднаўлялі касцёл і калегіум, распачалі планамерную расчыстку завалаў падземных хадоў. І ўжо гімназісты ажно да 1939 года разам з настаўнікамі хадзілі туды на экскурсію. 

Ekspazicyja muzieja ŭ sutarenniach kliaštara
Экспазіцыя музея ў сутарэннях кляштара. Фота: welcome-belarus.ru

Падчас вайны ў падземных хадах хавалі зброю і хаваліся ўдзельнікі супраціву. Пасля вайны НКВД вырашыла падарваць усе вядомыя ўваходы ў падзямеллі. Змрочнай кропкай стаў падрыў прыгожага Касцёла Святога Станіслава. 

avajennaje fota komplieksa z užo nie isnym kasciolam Sviatoha Stanislava
Даваеннае фота комплекса з ужо не існым касцёлам Святога Станіслава. Фота: bel.wikipedia.org

Пад касцёлам, са сведчанняў шкаляроў калегіума, знаходзілася своеасаблівае падземнае скрыжаванне, дзе перасякалася каля 7 розных кірункаў. Толькі ўжо за нашымі часамі супрацоўнікі Пінскага музея Палесся і мясцовыя краязнаўцы пачалі пошук рэштак незаваленых падземных хадоў.

Паколькі ў будынку месціцца музей, частка сутарэнняў даступная праз музейныя экспазіцыі. Аднак, каб пабачыць найцікавейшыя «ніжнія» ўзроўні, лепш замаўляць паслугі правадніка ў самім музеі — тады адчыняць тыя дзверы, якія звычайна зачыненыя.

Гальшаны: містычныя францішкане

Кляштарныя будынкі з касцёлам стаяць насупраць руінаў славутага замка Кішкаў-Сапегаў. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францішканаў (XVI-XVIII ст.) — каталіцкі сакральны комплекс у Гальшанах, які ўключае мураваныя касцёл і жылы кляштарны корпус.

Kasciol i kliaštar u Haĺšanach
 Касцёл і кляштар у Гальшанах. Фота: bel.wikipedia.org

Інтэр’ер храма адметны ўнікальным ансамблем ілюзорнага насценнага малярства (квадратуры). Жылы корпус кляштара двухпавярховы, прастакутны ў плане, прымыкае да будынка касцёла з паўночнага захаду.

Kasciol u Haĺšanach
 Алтар касцёла з прыгожым роспісам. Фота: bel.wikipedia.org

Тутэйшыя склепы ёсць цудоўным прыкладам беларускай готыкі.

Легенда пра Белую Панну ў Гальшанах звязаная менавіта з гэтым кляштарам. Падчас будаўніцтва адна сцяна ўвесь час абрыналася, і муляры вырашылі прынесці ў ахвяру тую жонку, якая першай прынясе абед. Гэта аказалася маладая дзяўчына, якую замуравалі жывой. Ейны неспакойны дух, паводле легендаў, дагэтуль з’яўляецца ў кляштарных будынках. У 1990-я гады падчас рэстаўрацыі і расчысткі сутарэнняў пад адной са сцен кляштара сапраўды быў знойдзены жаночы шкілет, што дадало легендзе містычнага арэолу. Калі вы трапіце туды з правадніком, вам пакажуць тыя самыя месцы, дзе, паводле паданняў, бачылі прывідаў.

Padziamielli kliaštara
Падзямеллі кляштара. Фота: ekskursii.by

Кляштар дзейнічае як філія Нацыянальнага мастацкага музея (разам з замкам). Доступ у падзямеллі перыядычна абмяжоўваюць праз рэстаўрацыі ці аварыйны стан.

Лепш за ўсё ехаць туды ў складзе арганізаванай экскурсіі альбо загадзя патэлефанаваць у візіт-цэнтр «Гальшанскі замак», каб удакладніць, ці пускаюць цяпер у сутарэнні кляштара.

Горадня: аптэчныя і касцёльныя сутарэнні

Горадня — горад, дзе пад зямлёй гісторыі не менш, чым на паверхні. У цэнтры Горадні месціцца катэдральны сабор Францішка Ксаверыя — выдатны помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва сталага барока і ракако. 

Kasciol Franciška Ksavieryja
   Касцёл Францішка Ксаверыя. Фота: turby.by

Вежавы гадзіннік катэдры лічыцца адным з найстарэйшых у Еўропе. 

Staražytny hadzinnik na viežy kasciola
Старажытны гадзіннік на вежы касцёла. Фота: bel.wikipedia.org

Катэдра мае вельмі глыбокія падзямеллі, дзе хавалі магнатаў і мецэнатаў горада. Дарэчы, менавіта ў Горадні праводзілі першае ў Еўропе анатамічнае ўскрыццё цела караля, каторы ператварыў горад ў каралеўскую рэзідэнцыю — Стэфана Баторыя. 

Interjer kasciola
Інтэр’ер касцёла. Фота: bel.wikipedia.org

У 2010 годзе ксяндзом Янам Кучынскім, ксяндзом Віктарам Захараўскім і групай фатографаў была арганізвана экспедыцыя ў сутарэнні гарадзенскай катэдры.

Пад скляпеннямі вялікая колькасць пахаванняў. Парэшткі людзей моцна пашкоджаны грыбком, але можна разгледзець элементы адзення ксяндзоў. Большасць трунаў простыя і драўляныя. На адной з іх можна разгледзець надпіс «1795» і «Горадня».

Truny ŭ sutarenniachТруны ў сутарэннях. Фота: katolik.by

Truny ŭ sutarenniach
Труны ў сутарэннях. Фота: katolik.by

У адной з трунаў з досыць дарагой абіўкай з чырвонай матэрыі былі знойдзены парэшткі забальзамаванай дзяўчыны. Ейныя валасы былі заплеценыя ў дзве касы, што кажа аб тым, што дзяўчына была нявінніцай. Агулам у сутарэннях пануе адначасна велічная і змрочная атмасфера.

Гэта найскладанейшы пункт для наведвання. Склепы пад саборам святога Францішка Ксаверыя — гэта не турыстычны аб’ект, а месца спачыну. Туды пускаюць вельмі рэдка, звычайна толькі навукоўцаў альбо ў складзе эксклюзіўных гістарычных экскурсій (напрыклад, падчас фэстаў ці «Ночы музеяў»).

Haradzienskaja apteka-muziej pry bylym jezuickim kaliehiumie
Гарадзенская аптэка-музей пры былым езуіцкім калегіуме. Фота: my-places.by

Haradzienskaja apteka-muziej pry bylym jezuickim kaliehiumie
Гарадзенская аптэка-музей пры былым езуіцкім калегіуме. Фота: my-places.by

Калі хочаце адчуць дух падземнай Горадні без перашкод, зайдзіце ў Аптэку-музей (побач з саборам) ці ў сутарэнні старадаўніх кавярняў у цэнтры — там аўтэнтычныя скляпенні XVII-XVIII стагоддзяў даступныя для сузірання кожнаму, хто купіць філіжанку кавы.

Ю. К., Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.