Кажуць, напярэдадні Новага года трэба пазбаўляцца ад старых непатрэбных рэчаў. Расчысціць месца для новых рэчаў, падзей, людзей, ідэй, звычак. А што можа быць больш непатрэбным для нас, чым недараваная крыўда? Такі цяжар на сэрцы смокча з вас жыццёвыя рэсурсы, псуе настрой, замінае міжасабовым стасункам, парушае спакой.
Час, калі сонца паварочвае на вясну, дні з самых кароткіх пачынаюць расці, прырода йдзе да абуджэння, якраз вельмі зручны для таго, каб прабачыць свайго крыўдзіцеля і адпусціць.
Так, прабачэнне (асабліва, калі крыўда цяжкая) — гэта не раз — і ўсё. Гэта доўгі, часам вельмі балючы працэс. Але, у першую чаргу, ён важны для вас. Не варта насіць у душы такі камень. І, дарэчы, прабачыць — не абавязкова аднавіць са сваім крыўдзіцелем стасункі, быццам нічога не адбылося. Прабачыць — гэта адпусціць боль са свайго сэрца, прыбраць здзіўленне: «за што?», перастаць выношваць планы помсты. А камунікаваць далей з гэтым чалавекам ці не — вы вырашаеце самі.
Варта памятаць, што прабачыць — значыць, у першую чаргу, палепшыць свой душэўны стан. Калі мы прабачаем, мы гэта робім для сябе, а не для таго, хто нас пакрыўдзіў.
У гэтым матэрыяле мы прапануем 5 паслядоўных крокаў шчырага прабачэння. Часам гэты працэс можа заняць не адзін месяц. Але палёгка, якую прыносіць шчырае прабачэнне, таго вартая.
1. Прыняць
Гэта значыць перастаць пастаянна пракручваць у галаве карцінкі таго, што адбылося і прыкідваць: а што, калі б?.. а можа?.. і г. д. Усё. Гэта ўжо адбылося, назад час не павяртаць. Проста прыміце. Як бы не было балюча і крыўдна. Прыняць і ісці далей.
Каб дапамагчы сабе ў прыняцці сітуацыі, паспрабуйце практыку патокавага напісання. Выберыце зручныя месца і час, калі вас ніхто не патурбуе, і проста пішыце ўсё, што вам прыйдзе на думку з нагоды гэтай крыўды. Тое, што вы адчулі і адчуваеце, усе пытанні, здзіўленне, магчыма нават праклёны. Тут не мусіць быць «цэнзуры» — проста пішыце ўсё.
Такая практыка зніжае эмацыйнасць перажыванняў, здымае блокі нявыказанасці (асабліва калі няма магчымасці выказаць усё свайму крыўдзіцелю).
Таксама можна «пражыць» сітуацыю праз цела. Пабіце посуд, парвіце паперу, пакрычыце, пабаксіруйце спартыўную грушу, зрабіце прабежку ці заплыў у басейне да стомы, да болю ў цягліцах.
2. Даць сабе перапынак
Прыняўшы сітуацыю, адпусціце яе на некаторы час. Пераключыцеся. Скажыце сабе, як гераіня знакамітага рамана Маргарэт Мітчал Скарлет О’Хара: «Я падумаю пра гэта заўтра».
Вашаму арганізму трэба аднавіцца пасля эмацыйнага напружання, якое выклікае крыўда. Дайце яму гэту магчымасць: знайдзіце сабе які-небудзь новы прыемны занятак. Здзейсніце вандроўку ці хаця б проста пакіньце на некалькі дзён звыклыя ўмовы і абставіны. Напоўніце сваё жыццё чымсьці новым. Вазьміце адпачынак альбо, наадварот, «з галавой» нырніце ў працу. Зрабіце штось са свайго спісу «потым»: што даўно адкладалі. Альбо штось, на што ніяк не маглі рашыцца. Змяніце прычоску ці гардэроб, пачніце новае хобі ці праект.
Дайце сабе час на тое, каб спала эмацыйнае напружанне і сітуацыя не ўспрымалася так востра і балюча.
3. Устрымацца ад помсты
Адзін з самых складаных этапаў прабачэння. Звычайна пасля прыняцця прыходзяць агрэсія і злосць, жаданне адпомсціць, зрабіць балюча. Тут вельмі важна стрымаць свае парывы.
Можна выкарыстоўваць аўтатрэнінг (накшталт «Я вышэй за гэтую сітуацыю», «Я мацнейшы/мацнейшая» і пад.). Можна зноў-такі «спусціць пару» праз фізічную нагрузку ці антыстрэс-метады (біццё посуду, размалёўкі мандал, арт-тэрапія і г. д.).
У гэты час важна не перасякацца са сваім крыўдзіцелем, наколькі гэта магчыма: не бачыцца, не ліставацца, нават не камунікаваць з агульнымі знаёмымі (альбо папрасіць іх не нагадваць вам).
Эфектыўнай падтрымкай можа стаць практыка «ліст да сябе». Сядаеце і пішаце ліст сабе ад імя вашага крыўдзіцеля. У гэтым лісце прапісваеце словы прабачэння (якія б вы хацелі пачуць ад таго, хто прычыніў вам боль) ці тлумачэнні, чаму быў такі ўчынак... Усё, што б вы хацелі пачуць ад гэтага чалавека.
4. Забыць
Было б здорава, каб мы самі маглі абіраць, якія моманты захоўваць у памяці, а якія сціраць назаўжды. Але, пакуль мы не маем такіх здольнасцяў, прыйдзецца штучна і свядома выкідаць з памяці траўмуючыя карцінкі, словы, вобразы.
Як толькі адчулі, што «накатвае» — пераключайцеся на іншую справу, іншыя думкі (узгадайце свае мары, паспрабуйце спланаваць заўтрашні дзень, прыдумляйце і ўяўляйце ва ўсіх падрабязнасцях, што прыгатуеце на вячэру).
«Забыць» у дадзеным выпадку азначае перастаць чапляцца за свой боль, упівацца ім, атрымліваць асалоду і энергію ад яго. Свядома «закрыць дзверы» перад болем, адпусціць яго. Свядома выганяць са сваіх думак (і тым больш — размоў) усе ўзгадкі пра крыўду. Спыніцца ў «перажоўванні» гэтай сітуацыі.
5. Выкрасліць са спісу сваіх «крэдытораў»
Часта на апошні крок забываюцца. Але ён таксама вельмі важны. Нават калі вы пражылі і адпусцілі боль, перасталі ўзгадваць траўмуючую сітуацыю, не маеце жадання помсціць, але лічыце, што крыўдзіцель вам нешта павінны (замясціць шкоду, выбачыцца, зрабіць для вас нешта такое і г. д.), то камень крыўды нікуды не знікне.
Не мае значэння: выбачыўся перад вамі чалавек ці не. Важна, каб вы ад яго нічога не чакалі. Бо такія чаканні нават пры знешнім «усё добра, ты выбачаны» будуць адымаць вашу энергію, псаваць ваш настрой.
Часам зрабіць гэта вельмі складана. Тут могуць дапамагчы знешнія рытуалы. Напрыклад, напішыце на паперцы вялікімі літарамі, які доўг «вісіць» на вашым крыўдзіцелі, і спаліце яе (паперку ). Альбо, калі маеце магчымасць і душэўныя сілы, наўпрост словамі прагаварыце, гледзячы ў вочы, што прабачаеце і ён/яна вам нічога не вінны. Можна знайсці каменьчык, які чымсьці нагадвае вам крыўду. «Павесіць» на яго ўсе свае чаканні і «даўгі» свайго крыўдзіцеля і выкінуць у які-небудзь глыбокі вадаём.
Жадаю, каб у вашым жыцці было як мага менш сітуацый, дзе спатрэбіліся б дадзеныя веды!
Вікторыя Лебедзева, budzma.org