Ужо хутка пачнецца турыстычны сезон. Межы закрытыя, і гэта добрая нагода для падарожжа па Беларусі і адкрыцця новых цікавых мясцін. Сёння Budzma.by сабрала для вас 5 адметных цэркваў Гродзенскай вобласці.
Барысаглебская (Каложская) царква ХІІ ст.
Дзе: Гродна
Час пабудовы: XII ст
Стылістыка: гродзенская школа дойлідства
Барысаглебская (Каложская) царква.Фота: Сяргей Марозаў
Адзін з найстарэйшых праваслаўных храмаў у нашай краіне, які, хоць і не цалкам, захаваўся да нашых дзён. Вядомы кожнаму беларусу яшчэ з малюнкаў у падручніках па гісторыі. Каложа — як сэрца старадаўняга горада над Нёманам.
Царква была збудаваная прыкладна ў 1180-я гады. Заклаў яе гродзенскі князь Мсціслаў Усеваладавіч у гонар святых заступнікаў Барыса і Глеба. Архітэктарам царквы лічыцца Пётр Міланэг.
«Пётр Міланэг працаваў у Гродне ў другой палове ХІІ ст. на працягу прыкладна 12-15 гадоў, традыцыі гродзенскай школы дойлідства распаўсюджваў і пры будаўніцтве цэркваў у Чарнігаве, Кіеве, Оўручы. З 1194 года быў асабістым архітэктарам кіеўскага князя Рурыка Расціслававіча».
Як асноўны матэрыял падчас пабудовы царквы выкарыстоўвалася плінфа. Яна змацоўвалася вапнай з дамешкам гліны і тоўчанай цэглы. Дзеля эканоміі плінфы звонку ўмуроўвалі рознакаляровыя шліфаваныя камяні — валуны, якія адначасова аздаблялі фасад і надавалі яму асаблівы каларыт. Дадаткова сцены ўпрыгожваліся ўстаўкамі з каляровых, паліваных плітак ці маёлікі жоўтага, зялёнага і карычневага колераў. Гэта надавала храму святочны выгляд і прыгажосць. Унутры царквы ў сцены ўмураваныя гліняныя збаны — галаснікі. Менавіта яны аблягчаюць вагу сцен і ствараюць добрую акустыку. Таўшчыня сцен дасягае 1,2 метра, а падмурак храма закладзены на глыбіні паўтара метра. «Сваё другое імя, Каложа, храм атрымаў ад назвы прыгарада Пскова Каложа, жыхароў якога князь Вітаўт захапіў у палон у 1405 годзе і пасяліў іх каля царквы».
Ікона Каложскай Божай маці
Праз частыя набегі крыжакоў храм быў разрабаваны і заняпаў. Першапачаткова царква была праваслаўная, але ў 1609 годзе яе перадалі ўніятам. Нягледзячы на жахлівы стан царквы ў тыя часы, менавіта тады на іканастасе з’явілася галоўная святыня гродзенскіх уніятаў — ікона Божай Маці Калажанскай. Падчас Першай сусветнай вайны ікону эвакуявалі ў Маскву, адкуль яна так і не вярнулася на Радзіму.
Разбураная царква. мал. Н.Орда
З вясновай паводкай Нёман штогод падмываў бераг пад царквой, таму ў ноч з 1 на 2 красавіка 1853 года паўднёвая сцяна абрынулася ў раку. У 1864 годзе ў Нёман спаўзла частка заходняга фасада, а ў 1884 г. — частка апсіды. Храм знаходзіўся на парозе поўнага знішчэння. Каложа стала першым аб’ектам, пытанне пра захаванне якога разглядалася Імператарскай археалагічнай камісіяй у 1896 годзе. Таму праз год знайшліся грошы на ўмацаванне берага і рэканструкцыю сцяны, але ўжо з дрэва.
Царква Святога Архангела Міхаіла
Дзе: в. Сынкавічы, Зэльвенскі раён
Час пабудовы: пач. XVI ст.
Стылістыка: готыка
Царква ў Сынкавічах лічыцца найстарэйшым прыкладам абарончай готыкі на тэрыторыі Беларусі. Паводле легенды, яе заснаваў князь Вітаўт у падзяку мясцовым жыхарам за тое, што яны схавалі князя ад пераследу брата Ягайлы. Але згодна з асноўнай версіяй, царква была збудаваная ў пачатку XVI стагоддзя на сродкі Канстанціна Астрожскага, вядомага гетмана ВКЛ.
Царква ў Сынкавічах. Фота 20-х гг. XX ст.
Міхайлаўская царква — прыклад беларускай готыкі. Тут можна сустрэць амаль усе характэрныя элементы гэтага стылю. За абарончую частку адказваюць 4 вежы, размешчаныя па кутах царквы. У карнізнай частцы зроблены пояс з 8 байніц.
У XIX ст. побач з царквою збудавалі двух’ярусную званіцу, якая таксама захавалася да нашых дзён. Між іншым, рэканструкцыя званіцы ў 2007 годзе выклікала шырокую незадаволенасць беларусаў. На яе быў усталяваны купал — «цыбуліна», а дах пакрыты золатам, што ніякім чынам не спалучаецца з сярэднявечным храмам.
Царква ў Сынкавічах. Сучасны выгляд. 4esnok.by
У міжваенны перыяд Сынкавічы былі цэнтрам уніяцкага прыхода, а ў савецкія часы царква была зачыненая. Яна дзейнічае і сёння. Падчас рэканструкцыі храма аднаўленнем інтэр’ераў займаўся знакаміты беларускі мастак Алесь Пушкін.
Царква Раства Багародзіцы
Дзе: в. Мураванка, Шчучынскі раён
Час пабудовы: XVI ст.
Стылістыка: готыка + рэнесанс
Мураванская царква. Фота:1prof.by
Мураванскую, альбо, як яе раней называлі, Маламажэйкаўскую, царкву можна лічыць малодшай сястрой храма ў Сынкавічах. Яна была збудаваная на сродкі віленскага падканюшага Шымко Мацкевіч-Шкленскага. Афіцыйнай датай будаўніцтва царквы лічыцца 1524 год.
Дзякуючы свайму абарончаму тыпу царква захавалася да нашых дзён, не раз пашкоджаная ворагамі беларускай зямлі. Яна пацярпела і была спустошаная ў 1657 годзе, падчас вайны з Масквой (1654–1667 гг.). А у 1707 г., пры паходзе шведскіх войскаў на Палтаву, Карл ХІІ асабіста загадаў абстраляць царкву. Амаль стагоддзе царква знаходзілася ў заняпадзе. Па дарозе з Вільні імператар Аляксандр І быў шакаваны станам храма, і па яго загадзе пачалося аднаўленне Мураванскай царквы.
Цікавы той факт, што да пачатку ХІХ ст. у царкве былі жалезныя апускныя дзверы. Пры аднаўленні да фасада быў прыбудаваны прытвор для захавання цеплыні ў храме. Заходнія вежы калісьці ўпрыгожвалі статуі анёлаў. Падчас перабудовы частка байніц была замураваная, а лесвіцы алтарных вежаў — разабраныя.
У 1928 годзе царква, якая знаходзілася на тэрыторыі Польшчы, была пераасвечаная ў каталіцкі храм. Праваслаўным яго перадалі ўжо ў 1993 г., пры незалежнай Беларусі.
Царква ў 30-я гады ХХ ст.
У царкву можна трапіць і сёння. Пры наведванні варта абавязкова падняцца на адну з вежаў, каб убачыць неверагодныя краявіды Шчучыншчыны. Але майце на ўвазе: царква адчыненая толькі ў выходныя.
Свята-Петра-Паўлаўская царква
Дзе: в. Валеўка, Навагрудскі раён
Час пабудовы: 1685 г.
Стылістыка: барока
Валеўка — найбліжэйшая да возера Свіцязь вёска. Менавіта тут у 1685 годзе была закладзеная царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Царква ў вёсцы Валеўка лічыцца адным з найстарэйшых драўляных храмаў Гродзенскай вобласці і перлінай старадаўняй навагрудскай зямлі.
Валеўская царква ў 30-я гады ХХ ст.
Храм быў заснаваны як кляштар дамініканцаў на сродкі берасцейскага ваяводы Стэфана Курчы. У ім месціўся касцёл Святой Тройцы. Архітэктура мела рысы стылю барока. У 1832 годзе кляштар быў скасаваны і праз 5 гадоў перададзеды праваслаўным. З таго часу храм носіць імя святых апосталаў.
Капітальны рамонт царквы правялі ў 1736 годзе, а апошняя перабудова была ў 1870-х гадах, з таго часу храм свайго аблічча істотна не змяніў. Толькі ў мінулым стагоддзі да яго была далучаная трох’ярусная званіца над уваходным тамбурам. У інтэр’ерах царквы захаваўся двух’ярусны іканастас ХІХ ст., аздоблены разьбой з пазалотай.
Валеўская царква, сучасны выгляд. Фота: vedaj.by
Адам Міцкевіч неаднойчы быў у гэтай царкве і нават захаваў яе ў сваім творы «Пан Тадэвуш», бо менавіта тут пабраліся шлюбам галоўныя героі Тадэвуш і Зося. Таксама, бываючы ў гэтых мясцінах, у царкву заўсёды завітваў Уладзімір Караткевіч, які ў кнізе «Зямля пад белымі крыламі» пісаў: «Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць — трохстогадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы В. М. Васняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці ў Валеўку».
Царква святой Варвары
Дзе: в. Райца, Карэліцкі раён.
Час пабудовы: 1817 г.
Калі рухацца па трасе Навагрудак — Баранавічы і ў вёсцы Валеўка звярнуць у бок Мірацічаў, то праз дзясятак кіламетраў можна трапіць у маленькае мястэчка пад назвай Райца. Менавіта тут на ўзгорку велічна ўзвышаецца нетыповая ў архітэктурным плане праваслаўная царква.
Райцаўская царква. Фота: vedaj.by
Царква святой Варвары была збудаваная ў 1817 годзе як родавая капліца-склеп Раецкіх. Менавіта ім калісьці належалі гэтыя землі. Пасля паўстання 1863 года капліцу ператварылі ў Спаса-Праабражэнскую царкву. З часам царква страціла некаторыя элементы афармлення. На вежы была ўсталяваная алебастравая скульптура Божай Маці, але ў яе часта трапляла маланка, і скульптура разбілася. Цяпер яе часткі знаходзяць у скляпеннях царквы.
Дзякуючы падабенству з сярэднявечным замкам царква моцна вылучаецца сярод іншых храмаў Гродзенскай вобласці. На жаль, пра яе не так шмат апавядаюць, а турыстычныя групы ў Райцу амаль не даязджаюць.
Райцаўская царква. Мал. Н.Орда
Антон Шаранкевіч, Budzma.by