50 гадоў творчасці ў кніжнай графіцы на нацыянальную тэматыку

09.06.2017 Мастацтва

7 чэрвеня ў мінскім Палацы Мастацтва была адчынена выстава «Айчына светлая мая», прысвечаная 50-годдзю творчай дзейнасці Міколы Купавы, і разам з ёй – экспазіцыі  яго калегаў Аляксандра Квяткоўскага і Аляксандра Дзяшко, а таксама – Рэспубліканская выстава партрэтаў.

SAM_9343

Мікола Купава – вядомы беларускі творца з выразна акрэсленай грамадскай пазіцыяй. Ён – уладальнік найвышэйшай узнагароды ў галіне кніжнага мастацтва— дыплома і медаля імя Францішка Скарыны, лаўрэат прэміі Беларускага Фонду імя Тадэвуша Касцюшкі, пераможца конкурсу «Вечныя гарады». Ён з’яўляецца сябрам Саюзу мастакоў  з 1978 года і сябрам суполкі  “ Пагоня”.

Мікола Купава працуе ў галіне кніжнай і станкавай графікі, акварэлі, жывапісу і экслібрыса. Даследуе беларускую архітэктуру, у прыватнасці, аршанскае абарончае і сакральнае дойлідзтва. Ён выканаў мастацкае аздабленне звыш 30-ці кніжак і альбомаў, стварыў выявы знаных дзечаў гісторыі і культуры Беларусі: Канстанціна Астрожскага, Ефрасінні Полацкай, Янкі Купалы і Якуба Коласа,Алаізы Пашкевіч, Івана Луцкевіча і іншых. М. Купава браў удзел у больш як 90 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах.

SAM_9327

З  уступным словам да шматлікіх знаных гасцей выставы звярнуўся старшыня Беларускага саюза мастакоў і сябра СБП Рыгор Сітніца:

“Мікалай Мікалаевіч ў добрай творчай і фізічнай форме сустрэў свой юбілей. Ён паклаў жыццё на сцвярджэнне нашых нацыянальных святыняў, а значыць – на замацаванне нас у вечнасці, адзначыў Рыгор Сітніца. -Тады, калі яшчэ мала хто з нас марыў пра нацыянальную дзяржаву, ён у сярэдзіне 70-тых гадоў ведаў, што такая дзяржава адбудзецца, і вось яна адбылася высілкамі тых людзей, якія былі побач са спадаром Мікалаем і рабілі разам агульную справу. Сёння мы бачым вынік: ёсць наша дзяржава, мацнее наша нацыя і мы маем юбілейную выставу Мікалая Мікалаевіча Купавы.

“Мікалай Мікалаевіч – наш настаўнік, на яго творах мы вучыліся, сказаў старшыня суполкі “Пагоня” Ігар Марачкін.- З ім мы аб’ездзілі шмат пленэраў, шмат вандравалі па Беларусі. Мы жадаем яму творчых поспехаў і далейшай плённай працы!”

SAM_9310

“Мы пазнаёміліся са спадаром Купавай, калі ён быў дырэктарам мінскай мастацкай вучэльні, – успамінае акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.-  Мікола Купава – з той кагорты выдатных нацыянальных мастакоў, якія ўзначалі наш нацыянальны рух. Сярод іх былі Лявон Баразна, Аляксей Марачкін і іншыя. Ён столькі зрабіў, каб Беларусь была адзіная, багатая, незалежная!”

Спадар Мікола Купава выказаў вялікую ўдзячнасць Беларускаму саюзу мастакоў за падтрымку ў арганізацыі выставы і сваім землякам, родным, калегам, якія прыехалі з іншых гарадоў і вёсак на свята, якое бывае раз у пяцьдзесят гадоў, і падзялілі з ім радасць адкрыцця вернісажу. З Воршы падтрымаць земляка прыехаў старшыня Аршанскай суполкі ТБМ Юрась Нагорны. ” Спадар Мікола Купава вельмі часта ладзіць у нас у горадзе выставы. У канцы 2016 года ён удзельнічаў з дакладам на канферэнцыі, прысвечанай адраджэнню базыльянскіх муроў.”

“Мы перакананыя, што лёс нашай нацыі ў нашых і Божых руках”,- сказаў на заканчэнні імпрэзы Рыгор Сітніца.

Адкрыццё выставы наведалі кампазітар Ігар Лучанок, народныя мастакі Васіль Шаранговіч і Уладзімір Тоўсцік, Аляксей і Ігар Марачкіны, і шматлікія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны.

Эла Дзвінская, фота аўтара