1 823 200 000 000 даляраў — сума, якую налічыў Дзяржаўны камітэт маёмасці РБ у якасці шкоды, нанесенай краіне нацыстамі. Выглядае як рахунак. З нацыстаў гэтую суму з чарадой нулёў не страсеш, а вось з Германіі — «можна паспрабаваць»...
Справа пра генацыд беларускага народа, заведзеная пяць год таму, нарэшце падышла да фіналу. Нашкодзілі? Плаціце! У фінальную суму закалькулявалі нават ускосную шкоду: «упушчанаю выгаду» — зніжэнне нацыянальнага даходу ў ваенныя і паваенныя гады.
Амаль два трыльёны — сума з адзінаццаццю нулямі. Цікава, ці ўлічылі ўлады РБ ужо сплочаныя немцамі кампенсацыі? Выплаты з ФРГ, калі што, ішлі ўсе пасляваенныя гады. Ці падлічаная праца нямецкіх вайсковапалонных у Беларусі? Вывезенае трафейнае «дабро»?..
Нагадаю, што вывозіць нямецкае абсталяванне, збожжа, тэхніку, электрастанцыі, масты ды нават галоны са спіртам пачалі яшчэ да завяршэння вайны. Паўсюдна, куды заходзіла Чырвоная Армія — пачынаўся вываз «дабра». Усім гэтым займаўся «Особый комитет ГосКомитета Обороны», адмыслова створаны яшчэ ў 1943 годзе.
У красавіку 1945 года, пакуль баі яшчэ працягваліся, кіраўнік БССР Панамарэнка пісаў Малянкову: «...В пределах 2-го и 3-го Белорусских фронтов собрано и подвезено к станциям с участием наших людей более 1000 вагонов сельскохозяйственного инвентаря, и можно собрать еще 3–4 тысячи вагонов».

Пагрузка трафейнага нямецкага аўтамабіля ў савецкі самалёт, 1945 г.
І гэта — кропля ў моры, бо сапраўдны «дзірбан» пачаўся пасля падзення Берліна. Дэмантаж нямецкай прамысловасці трываў да 1 ліпеня 1948 года — тры гады! Гэта столькі ж па часе, колькі трывала нямецкая акупацыя Беларусі.
Адных электрастанцыяў у Саюз было вывезена — 96. Але БССР атрымала — мінімум: 33 500 адзінак абсталявання — гэта ўсяго 2,2% агульнага аб’ёму, вывезенага ў СССР. Там улік ішоў на мільёны: толькі жывёлы было вывезена — мільён вагонаў!

Супрацоўнік НКУС назірае за поўным дэмантажом станкабудаўнічага завода Schiess Defried паблізу Дзюсельдорфа ў савецкай акупацыйнай зоне для адпраўкі ў СССР. 1946 год / Фота: Histclo
У 1946 годзе па Мінску ездзіла 17 «трафейных» трамваяў і ўсяго 4 савецкіх. Абсталяванне для Мінскага велазавода, аўтамабільнага завода, трактарнага завода (МТЗ) — нямецкае. «Трафейныя» аўтобусы ў Гомелі хадзілі да 1960-х. А на затоне Сожа ў Гомелі да нядаўняга часу яшчэ ржавела нямецкая баржа — яе спісалі толькі ў 1999 годзе. Нават мензуркі на Гомельскім піўзаводзе — нямецкай вытворчасці.
Спіс бясконцы, бо якое прадпрыемства ні вазьмі — абсталяванне будзе нямецкае. Ад асіповіцкай гідраэлектрастанцыі да фабрыкі піяніна імя Молатава ў Барысаве (тая самая фабрыка, дзе выпускалі піяніна «Беларусь», якія стаялі ў кожнай кватэры).
А самае прыкрае, што распараджаліся гэтым улады БССР часцяком бяздарна.
Увесну 1947 года на Мінскі радыёзавод трапіла 8000 нямецкіх радыёпрымачоў. Але... не было эксперта, каб прыняць і ацаніць. Прымачы захоўваліся на пляцоўцы пад адкрытым небам і... марнелі.
Добрушская папяровая фабрыка атрымала больш за 1000 вагонаў абсталявання з Германіі (!), але — там не ведалі, куды яго падзець. Таму раздавалі іншым прадпрыемствам ці грузілі на склады з земляной падлогай. Кожны год яго ўцэньвалі і — спісвалі. Нават колькасць вывезеных у БССР нямецкіх трактароў штогод падазрона змяншалася. Чаму? Бо іх не ўмелі (ці не хацелі) чыніць, таму — спісвалі. Саўмін БССР не мог нічога з гэтым зрабіць... Вось вам і «ўпушчаная выгада».
Прыклад Германіі — унікальны ў сусветнай гісторыі. Краіна, якая не лічыць сябе спадкаемцам «Рэйху» — дзесяцігоддзямі выплочвала і надалей выплочвае адшкадаванні за грахі нацыстаў: усім, па ўсім свеце.
Немагчыма сабе ўявіць, каб Гішпанія плаціла адшкадаванні перуанцам ці філіпінцам. Бюджэт Францыі ніколі не выцягне адшкадаванняў былым французскім калоніям. Туркі наўрад ці будуць кампенсоўваць армянам кошт генацыду 1915-1916 гадоў. І так далей — якую краіну ні вазьмі.
Ці вось — Расія. Краіна лічыць сябе спадкаемцам СССР, але ніколі не плаціла кампенсацый за грахі СССР. Хоць па логіцы, калі ты прымаеш у спадчыну актывы, то прымаеш і пасівы — даўгі. Дзе ж тады кампенсацыі для фінаў, эстонцаў, літоўцаў, латышоў, палякаў, крымскіх татараў...? Цікава, якія б там фігуравалі сумы? А колькі каштуе Усходняя Прусія, якая «пад шумок» стала Калінінградскай вобласцю?

Кёнігзберг у 1930-я гады. Перайменаваны ў Калінінград у 1946 г. Фота: farm6.staticflickr.com
Пытанне, калі ўрэшце генпракуратура РБ пачне расследаванне савецкіх злачынстваў у Беларусі і выставіць рахункі Маскве — рытарычнае. Ніколі. Бо рахункі выстаўляюць тым, хто прызнае свае гістарычныя памылкі і плаціць. Тым, хто памылак не прызнае, рахункаў не выстаўляюць. Яны — самі іх выстаўляюць. Усім навокал.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
________________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.